Возера

Сяброўства з пастушкамі я не парываў і зімой. Коўзаліся па возеры, каталіся на саначках і нават снежныя хаты ляпілі. Вясной пры ледаходзе мы каталіся па возеры на крыгах, як на пароме.
Аднаго разу ўлетку я пакінуў хедэр на пару месяцаў раней тэрміну. Бацька гаварыў аба мне:
— Ні да Бога, ні да людзей.
Некалькі месяцаў я быў вольны ад «навук». Глядзеў, як Лук'янскі рыбу ловіць. Прасіў яго прывучаць мяне да гэтай справы.
— Буду вучыць цябе так, як дзед твой вучыў мяне ў кузні. Дзед твой гаварыў, што кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Памятаеш?
— Памятаю... Лук'янскі засмяяўся.
— Ну, вось! Ты сабе хадзі ў хедэр Біблію лавіць, а я — на рэчку рыбу лавіць. Кожнаму сваё...
Аднак я зрабіўся рыбаловам і без дапамогі Лук'янскага. Трэба было паправіць грэблю. Мельнік падняў усе застаўкі, адчыніў шлюзы і спусціў возера. Рыбу ён дазваляў лавіць усім местачкоўцам, якія наракалі, што возера часта затапляе гароды і лугі.
Я, чалавек вольны ад хедэра, стаяў на беразе і глядзеў з цікавасцю, як відавочна ўбывае ў врзеры вада. Праз пару гадзін яна сплыла ўся. На месцы возера засталася вузенькая рэчка, лужыны і шмат топкага ілу. У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Усе кінуліся ў амярцвелае возера збіраць рыбу рукамі.
Я брыў у адной кашулі па пояс у гразі і лавіў рукамі рыбу. Яна мігацелася на сонцы, як бліскучыя нажы.
Дзесяткі людзей лавілі рыбу кошыкамі, торбамі, рэшатамі і нават уласнымі кашулямі.
За два дні я назбіраў аж два пуды рыбы. Набегла народу з усяе ваколіцы. Шмат рыбы падохла ў іле, На яе накінуліся вароны, буслы, сабакі, каты. Мельнік наладзіў пір для ўсіх.
Мы з Фолем і пастухом Прахорам пайшлі ўночы на возера глядзець русалак. Мы прытаіліся недалёка ад высокага аіру. Свяціў яркі круглы месяц. Мёртвае возера было цяпер сумнае, непрытульнае, і я вельмі шкадаваў, што яно спушчана.
— Вунь русалка... — шапнуў мне на вуха Фоля. Густы аір рухаўся, нешта шастала ў трысці.
— Русалка! — крыкнуў Прахор.
3 аіру выскачыла з рыбай у зубах рудая лісіца.
— Ацю-га! Ацю-га, лісічка! — крычалі мы. Лісічка ўцякла ў блізкі бярэзнік.
— Русалка ў лісічку перакінулася, — тлумачыў нам Прахор. Іл быў такі тлусты, што ўсе вакольныя сяляне вазілі яго на
поле замест гною. Мельнік быў рад: дармовая чыстка возера. А я ўсё прыходзіў сюды сумаваць па памёршым возеры. Але праз пару месяцаў яно зноў ажыло. I месяц, і зоркі, і неба любаваліся возерам, глядзелі ў яго, нібы ў люстэрка.

Size