Лiстапiсец

1 2 3 4 5

— Аддайце мне сем залатовак за тыдзень працы, тады пайду!
— Ты ж, гадаўка, сапсула мне белы шоўк, — зноў крыкнуў Шолам. — Не дам табе ні капейкі!
— Мала я гаравала на вас, рэбэ Шолам? — сказала я. — Вы з'елі маю працу, маё здароўе, мае годы не на залатоўкі, а на дзесяткі і сотні рублёу! Аддайце мае сем залатовак!
Шолам кінуўся да мяне з кулакамі. За мяне заступіліся работніцы. На развітанне я сказала яму:
— Няхай мае сем залатовак будуць табе, Шолам, і мадам Грынгаўз на саваны. А гэты шоўк чорт не возьме: памыць, папрасаваць, і знаку не будзе!
Назаўтра я пайшла да швачкі Сімы. Там гэткае ж шчасце, як у Шолама.
Што табе яшчэ пісаць?
Я ўсё думаю пра цябе, мілы Барыс. Я вечна сумую. Цяпер у нас вясна. За рэчкай зелянеюць бярозкі. Цвітуць сады. Так пахне, што можна ахмялець. А салавей так соладка спявае, што можна заслухацца. Дзе б я ні стаяла, дзе б я ні сядзела, куды б я ні хадзіла — я ўвесь час пра цябе думаю, родны мой, любы мой... Я часта плачу.
— Чаго плачаш? — пытаюцца ў мяне.
— Толькі што хрэну нацёрла.
— Вечна хрэн трэш. Пудамі яго трэш, ці што? Я маўчу.
— Ты хворая?
Я зноў маўчу. Сорамна сказаць, што маё сэрца баліць ад кахання. Яны ж мяне засмяюць. Панская хвароба, — скажуць. Паглядзела я на сябе ў люстэрка, і страх мяне ўзяў — бледная, худая, запаўшыя вочы. Затое як прыеду да цябе ў Амерыку, зноў макам-цветам закрасую.
Што табе яшчэ пісаць?
Калі ўжо дачакаюся шчаслівай хвіліны? Ці, можа, мае шчасце на дне мора рыбкай пльше? Ці, можа, яно арлом у сыр-бор паляцела?
Дзякую, мілы Барыс, за твае частыя пісьмы. Гэта пакуль што адзіная ўцеха ў маім няўцешным жыцці! Цалую цябе тысячы разоў. Пішы! Пішы! Пішы!
Твая Рахіль».
Рахіль строга рэдагавала свае пісьмы, пісаныя маёй рукой. Прымушала мяне перапісваць іх па два, па тры разы. Ёй чамусьці не падабаліся мае выдумкі і маё вычурнае красамоўства. Яна муштравала мяне да таго часу, пакуль я не налаўчыўся пісаць адно, а ёй чытаць зусім другое. Бо мая пісаніна вельмі падабалася яе былому жаніху. Я кажу «былому», бо пасля таго як я напісаў Барысу, што Рахіль вельмі памізарнела, ён знайшоў у Амерыцы другую Рахіль і ажаніўся з ёю, як ён пісаў у апошніх пісьмах... Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот...
Я ўсё гэта ўтойваў ад непісьменнай Рахілі. Я чытаў ёй словы аб вялікім да яе каханні Барыса, прыдуманыя мною тут жа; Аднаго разу я нават ледзь не засыпаўся. Рахіль здзівілася:
— Ты ж глядзіш не ў ліст, а ў акно! Як гэта чытаеш?
— У мяне вочы такія вялікія, што магу глядзець у акно і бачыць, што ў лісце напісана, — сказаў я.
Мне страшна было гаварыць Рахілі праўду. Яна, чулая і кволая, магла б пакончыць жыццё самагубствам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць Рахілі. Седзячы ў сінагозе над Талмудам, я прыдумаў новае пісьмо Барысу, якое напісаў змененым почыркам на старажыдоўскай мове:
«Майму сыну Дайв-Беру, што вымысліў сабе нежыдоўскае імя «Барыс». Жыві ў божым блаславенні і шчасці, і няхай цвіце жыццё тваё, нібы вінаградная лаза каля срэбранай божай крыніцы, амінь!
Я, ільскі рабш, Іакаў бен Мордухая, бяру пяро ў рукі і пішу табе, сын мой. Што ты ўчыніў з Рахіллю? Ты, настаўнік старажыдоўскай мовы, задумаў уцячы ў Амерыку ад воінскай павіннасці, забраў у круглай сіраты Рахілі грошы на дарогу — грошы, якія яна крывавым потам зарабляла сабе на пасаг, абяцаў ёй, што і яе забярэш у Амерыку, паехаў з мястэчка жаніхом Рахілі, а цяпер знайшоў сабе другую. Гэта брыдка, гэта злоўчынак, гэта вялікі грэх перад Богам. Загадваю табе, я, духоўны рабін, зараз жа развяжыся з амерыканскай нявестай, вышлі Рахілі на дарогу яе ж уласныя грошы, ажаніцеся там па закону Маісея і Ізраіля ды жывіце, множцеся і пладзіцеся, як увесь наш народ. А калі, мой сын, не паслухаешся мяне, я пракляну сямісвечнік твайго жыцця і твой род да дзесятага пакалення.
Мой суд зямны зацвердзіцца судам нябесным, амінь!

1 2 3 4 5
Size