Шчасце i няшчасце Рэбэ Элi

1 2 3

Так. Я дадумаўся. Мне стала лёгка-лёгка. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Я знайшоў месца для трох далараў. Я напісаў пісьмо і палажыў у кішэнь шамеса сінагогі — «рэбэ Элю з гусінымі лапкамі». Ён у той час падмятаў бярозавым венікам сінагогу.
Талмуд у галаву мне не лез. Я ўвесь час сачыў за Элем. Вось ён кончыў працу, накашляўся ад пылу, узнятага з падлогі, і пачаў церабіцца. На гэта ён быў вялікі майстар. На яго твары разлівалася незвычайная асалода. Адмарожанымі пальцамі ён церабіў галаву. Далонню старанна цёр патыліцу, бараду, пейсы. Прыхіляўся да вострага вугла стала і з натхненнем габляваў спіну. Касцістымі лакцямі шпарка і рытмічна перабіраў свае ўласныя рэбры, як музыкант струны балалайкі. Пры гэтым ён задумліва і радасна ўсміхаўся. Нібы нешта вельмі смачнае еў і прыслухоўваўся да смаку.
На гэты раз я з нецярплівасцю прагледзеў усю драматычную дзеюяго цераблення. Церабіць локцямі бакі заўсёды было яго апошнім нумарам. Вось ён і цяпер пачаў локцямі наступаць на свае бакі, пачаў наступаць і пачуў небывалыя гукі. У яго кішэні зашастала папера. Ён здзіўлена сунуў руку ў кішэнь і выцягнуў адтуль белы канверт. Падышоў да акна, прачытаў адрас — яму! Ён з дзівам распячатаў канверт, выняў пісьмо і ўткнуўся ў яго носам:
«Мы з табою цёзкі. Ты — Эля шамес. Я — Ілья прарок. Я ўвесь час сачыў за тваім праведным жыццём, за пакутамі тваёй беднай сям'і. Ты — самы лепшы Эля з усіх Эляў на свеце. Я цяпер знаходжуся ў Амерыцы і прыглядагося да людзей, якія носяць маё імя. Табе — найлепшаму Элю — шлю тры далары. Такую суму буду табе прысылаць кожны тыдзень на шабас. Гэтыя грошы знойдзеш у сінім канверце ў каўчэгу пад торамі. У кожную пятніцу пасля ранішняй малітвы знойдзеш на гэтым самым месцы такую ж суму».
Эля скомкаў пісьмо, палажыў у кішэнь і прамармытаў:
— Нейкі шалахвост з мяне жартуе. Каб яго паганае імя сцёрлася з памяці добрых людзей! Не трэба мне такіх пісем з святога каўчэга! Не пайду... Не пайду. Не пайду...
«Прыйдзецца забраць назад з каўчэга гэтыя тры далары, — падумаў я. — Эля ўпарты чалавек. Сказаў, што не пойдзе, дык не пойдзе. Забяру назад грошы». Я цяпер цвёрда рашыў забраць іх сабе, бо яны ж мне да зарэзу патрэбны.
Але ўжо было позна.
Цікавасць Элі ўзяла верх. Ён, крадучыся, каб ніхто не заўважыў, падышоў да каўчэга, дастаў адтуль сіні канверт. Пры гэтым замармытаў:
— Шалахвосты! I святы каўчэг не шануюць!
Ён з сумам паківаў галавой, зацмокаў губамі і падышоў да акна. Асцярожна распячатаў канверт і дастаў адтуль асігнацыю ў тры далары. Ён правяраў яе на свет доўгі час.
3 амерыканскімі даларамі Эля быў знаёмы. Яму не раз іх паказваў яго пляменпік, бацька якога жыў у Амерыцы і час ад часу прысылаў грошы.
Упэўніўшыся, што гэта сапраўдныя тры далары, Эля задрыжэў з ног да галавы. Схаваў за пазуху грошы і пачаў біць сябе кулакамі ў грудзі. Потым ён зашаптаў:
— Ілья-прарок... Ілья-прарок... Ілья-прарок... Збянтэжаны Эля ўсхліпнуў ад радаснага хвалявання, зноў
падышоў да каўчэга, расчыніў дзверцы, усунуў туды галаву і доўга маліўся. У яго вачах свяцілася вялікае, як мора, шчасце. Нібы на крыллях, Эля паімчаўся з сіыагогі. Крыллі, праўда, былі не арліныя, бо ён зваліўся ўніз з высокага каменнага ганка. Хутка падняўся і, трымаючыся абедзвюма рукамі за пазуху, пабег дамоў з усіх сіл. Людзі на яго аглядаліся. Ён не зварочваў увагі.
Назаўтра Эля прыйшоў у сінагогу ў новай шапцы. Сам ён, відаць, памыўся ў лазні. Валасы яго былі гладка расчосаныя, барада і пейсы ў парадку. Словам, зусім не ранейшы, а нованароджаны Эля... Аднак я на яго ілбе заўважыў хмарку незадаволенасці. Чалавек быў нечым пакрыўджаны.
Я здзівіўся. У чым справа?

1 2 3
Size