Сярэбраная табакерка

Дзіўны касец. Ахутаны ўвесь у чорную хустку, як баба, а спаміж хусткі толькі доўгі нос тырчыць, пры гнуты, завостраны, нібы дзюба ў каршуна. Дзіда-дзед
падумаў: «3 гэтай цёткай я не спраўлюся. Яе перахітрыць нельга. Не па маёй лапцы рукавіца».
— Хто ж гэта быў? Хто? — не выцерпелі ўнукі.
— Хто? Гэта была сама Смерць, каб вам не зманіць,— растлумачыў дзед.— Наш Дзіда-дзед гэта адразу змікіціў. У тыя даўнія годы Смерць хадзіла па зямлі, зусім не тоячыся.
«Прапала маё жыцейка,— падумаў Дзіда-Дзед.— Дай хоць перад канцом сваім нанюхацца тытуню. На тым свеце, можа, і не дадуць».
Дастаў ён табакерку, нюхае і чхае, чхае і нюхае. А Смерць да яго кажа:
— Добры дзень, дзядзенька!
— Добры дзень, цётанька! — адказвае Дзіда-Дзед, здымае шапку і нізка-нізка кланяецца. А ў самога каленкі дрыж-дрыж... Яму і гаварыць цяжка і ад страху, і ад тытуню. Ён бесперапынку чхае.
Смерць зноў звяртаецца да Дзіда-дзеда:
— Які слаўны сёння дзянёк! Га? Дзіда-дзед трымае фасон і адказвае ёй у тон:
— Вельмі, апчхі, харошы, апчхі, дзянёк! Апчхі, апчхі, апчхі!
— Дай,— кажа Смерць,— тытуню панюхаць.
Дзіда-дзед падсунуў табакерку.
— Нюхай! Калі ласачка... Апчхі, апчхі! — А ў самога аж дух заняло.
Высунула Смерць з-пад чорнай хусціны тонкія пальцы, лезе ў табакерку ды ніяк тытуню дастаць не можа. Носам, як той бусел, цэліцца ў адчыненую табакерку — не трапляе.
Вінаваты быў зноў жа Дзіда-дзед, няхай яму будзе пуховай падушачкай зямелька родная. Рука з табакеркай у яго ходарам хадзіла ад страху.
Тады Дзіда-дзед кажа:
— Лезь, ягадка мая, у табакерачку! Нюхай, нюхай на міласць, колькі ўлезе! Я не скупы, свайго дабра не шкадую. А дома ў мяне аж цэлы куфар тытуню. Адсыплю на памяць. А вясной мультанку пасаджу і на тваю долю... Папушы пад страхой павешу. А потым спірытусам апырскаю... мядком аздоблю. Навучу цябе церцілісты ў пылок... Эх, будзе тытунёк!
Дзіда-дзед хацеў рознымі хітрыкамі адцягнуць сваё жыцейка, як кароўку за рогі, яшчэ на гадок — і падлабуньваўся салодкімі слоўцамі. Як топішь, дык
за цюцькін хвост хопішся. Эге! I што вы, мае міленькія, скажаце? Смерць з касою драбнела, драбнела, драбнела... Зрабілася малюсенькая, як павук, а каса— як павуцінка, ускочыла ў табакерку, нюхае і хваліць тытунь на ўсе лады:
— Ах, які смачны! Чых-чых-чых! Спірытус, а не тытунь — чых-чых-чых! Золата, а не тытунь — чых-чых-чых!
— Нюхай, цётухна, нюхай! — гасцінна просіць Дзіда-дзед.— Не спяшайся, цётухна! Трэба нюхаць павольненька, тады яшчэ смачней...
Хітруном быў мой Дзіда-дзед. Улегцы яго не возьмеш — о-го-го! У яго галаве стрэльнула адразу адваж-ная думка-стрэльбачка. Доўга не думаючы, ён табакерку трах-тарарах і зачыніў яе. Стоп, цётачка Аўгіня! Цяпер маё жыццё не загіне.
Заляскатала, залапатала, забалбатала Смерць у зачыненай табакерцы, як мыш, што папала ў глыбокі гладыш.

Size