Сярэбраная табакерка

Калі скамарохі схаваліся за гарою, да іх слыху яшчэ плылі з ветрам крыкі «пачакайце!»
Фурманкі павярнулі на лясную дарогу і ехалі доўгі час блытанымі сцежкамі, каб іх не знайшлі. Яны ўцякалі ад славы і почасцей, як ад ворагаў.
Так яны ехалі цэлы дзень. Калі сцямнела, яны спыніліся каля ўзгорка ля чыстай крыніцы. Мужчыны распраглі коней, паставілі палатку, а жанчыны расклалі агонь і рыхтавалі вячэру...
Пан і ксёндз
Дзед на некалькі тыдняў захварэў і не мог далей апавядаць гісторыю Дзіда-дзеда. Калі ён ачуняў, ста яла лютая зіма. Кожную ноч хату заносіла снегам, прыходзілася раніцой пракапваць лапатай сцежку да дзвярэй. Школьнікі вельмі любілі гэтую работу.
Калі спынілася мяцеліца, школьнікі ляпілі з снегу фігуры. Дзед зацікавіўся, выйшаў на двор і запытаўся:
— Гэта хто?
— Цар скамарохаў!
— А той?
— Дзіда-дзед.
— А малая?
— Люсенька!
— А гэта пара?
— Ксаверы і Ксаверыха!
Школьнікі ляпілі слаўных герояў з Дзіда-дзедавай гісторыі. Дзед радаваўся.
—Выйдзе з вас толк, мае дарагія і паважаныя,— хваліў іх дзед.— Зусім магчыма, што знойдзеце качан капусты з шоўкавымі, сярэбранымі і залатымі лістамі. Памятаеце? Я калісьці ўмовіўся з вамі так называць талент. I няхай вас не збівае з панталыку тое, што цяпер, калі я гляджу любую з вашых снежных статуй, вы павінны мне тлумачыць, хто яна. Бо вы толькі пачынаеце...
Дзед падставіў вуха да рота снежнага Дзіда-дзеда і звярнуўся да ўнукаў:
— Чуеце? Чуеце?
— А што?
— Наш Дзіда-дзед просіць мяне, каб я пасля вячэры апавядаў вам працяг яго гісторыі.
* * *
Пасля вячэры дзед пачаў са слова «Эге!».
— Эге! Скамарохаў мы пакінулі пры вогнішчы ля крыніцы. Пасля поўначы ўзышоў яркі месяц, падобны да сярэбранай табакеркі. Пад яго святлом людзі ўгле дзелі блізка сад, белыя вежы панскага палаца і высокі цагляны касцёл. Скамарохі рашылі раніцай паехаць туды і паставіць у маёнтку спектакль.
Калі раніцой вецер сагнаў з поля туман, скамарохі накіраваліся ў маёнтак. На полі іх здзівіла вось якая з'ява. Голыя людзі, упрэжаныя ў цяжкія плугі, аралі поле. Другія голыя людзі імі кіравалі, моцна білі іх бізунамі і злосна крычалі:
— Барадаты! Ары глыбей...
— Гэй, лысы! Баразну раўней... раўней, ліха!
— Гультаі! Абібокі! Вось вам! Яшчэ... яшчэ!
Так крычалі паганятыя, сцёбалі людзей з усіх сіл пугамі, а тыя людзі толькі стагналі. Скамарохі падышлі да іх.
— Чаму вы ўпрэгліся ў плугі замест коней і быкоў? — запытаўся цар скамарохаў.

Size