Сярэбраная табакерка

Людзі адказалі:
— Не мы самі ўпрэгліся, а нас упрэглі.
— Хто?
— Пан.
— А дзе ж яго быкі і коні?
— Пан прадаў іх. Ён вельмі любіць грошы.
— Чаму не ўцякаеце ад пана? Ён вас добра кор міць?
— Пан зусім нас не корміць. Але мы чамусьці з голаду не паміраем. А баімся ўцякаць, бо нас напалохаў ксёндз.
— Што ж вам ксёндз гаварыў?
— Ксёндз сказаў нам, што жывём яго малітвамі. А калі толькі пойдзем ад пана, дык у той жа дзень перамром.
— Ці вы не чулі, што Смерць сядзіць у табакерцы?
— Не, не чулі.
— Дык мы вам сёння пакажам, як гэта здарылася, што Смерць сядзіць у табакерцы.
— Што вы за людзі?
— Мы скамарохі.
Голыя людзі пачалі хрысціцца і спалохана пазіраць на скамарохаў.
— Чаго вы спалохаліся? — запытаўся цар скамарохаў.
— Ксёндз нам гаварыў, што вы... што вы... што вы...
— Што хто мы?
— Баімся сказаць...
— Гаварыце! Мы ж не кусаемся... Мы не ваўкі, не авадні і не камары...— сказаў цар скамарохаў.— Ах вы, бяззубыя! Ах вы, авечкі! Не можаде пакусаць пана і ксяндза!
Людзі пачалі ўцякаць ад скамарохаў, а здалёку крыкнулі да іх:
— Ксёндз гаварыў, што скамарохі — чэрці!
Здзівіліся скамарохі, што тут жыве такі цёмны, прыбіты і пужлівы народ, які ў гэтай глушы нават не чуў пра Смерць у табакерцы. Калі панскія парабкі зніклі за ўзгоркам, цар скамарохаў сказаў:
— Зараз сюды з'явіцца пан, а можа, і ксёндз. Бо людзі пабеглі ў маёнтак сказаць, што на панскае поле чэрці прыйшлі. Давайце наладзім для іх спектакль — зусім новы. Я толькі што прыдумаў.
— Без рэпетыцыі? — запытаўся Юрка Дратва.
— Тут і рэпетыцыя не патрэбна. Я зраблюся богам, а вы ўсе — ангеламі. А там самі пабачым, што рабіць далей.
Скамарохі апрануліся ў доўгія белыя кашулі, прычапілі ззаду папаратнік замест крылляў, на галовы на сунулі абручыкі, абклееныя сярэбранай паперай. Сам ён надзеў на галаву гаршчок, абклеены залатой папе рай. Прывязаў сабе да твару льняную бараду, абкруціўся ўвесь бялюткім кужалем і ўрачыста сказаў:
— Я бог, а вы мае паслухмяныя ангелы! Ты, Лю-сенька, мой найлепшы ангел! Станавіся каля мяне з правага боку і пабачыш, што тут зараз будзе. Саўка і Юрка, між намі кажучы, хутчэй падобны да чарцей, чым да ангелаў.
— А ты, пан бог,— зазлаваўся Юрка Дратва,— выглядаеш, як той Піліп, што выскачыў з канапель.
— Не як Піліп,— паправіў яго Саўка,— а як пудзіла, каб вераб'ёў пужаць.

Size