Злодзей

1 2

— А ты б пайшоў на падзённую ў двор, да купцоў у лес або так на заработкі якія — і сям'я твая не галадала б і сам сыт быў бы. Нябось красці то трапляеш, на гэта табе даў Бог розум!
— Каб жа ж...— марматнуў пад нос Ліканор і зноў замоўк. Павесіў рукі і стаяў нязграбна, як страшыдла, што курэй пужае з аўса.
— Што «каб жа ж»? — ухапіўся Кастусь за гэтыя словы, як за нешта цікавае.— Што «каб жа ж», га? Во, загаварыўткі, загаварыў, дундыль маляваны!
Ліканор усміхаўся ды так расчыніў тоўстыя губы, нібы хацеў праглынуць усю ваколіцу.
— Гавары, гавары, што «каб жа ж»? — зноў пытаўся горача Кастусь.
— Гам-м-м, каб жа я меў розум, як красці, дык ты б не злавіў мяне, казаў той!
Ліканор, ажывіўшыся на момант, змоўк і зноў дубовым зрабіўся.
— І-і-і-ш, каб цябе трасца! — загрымеў ва ўсё горла Кастусь.— Красці то ты ахвотнік! На гэта не лянішся! Ды вось я цябе навучу, як трэба быць злодзеем!
Ён плюнуў тры разы ў свой касцісты кулак, у прыдатак, дзеля ёмкасці, крыкнуў «гэ-э-э-э!» і замахнуўся над тварам Ліканора.
Ліканор выкруціўся з-пад яго кулака і, як малое дзіця, праенчыў:
— А бра-а-тачка...
Голас быў такі жаласны, што Кастусь стрымаўся.
— Ну, дык не будзеш болей красці?
Ліканор маўчаў. Выглядаў вялізарнай гнілой бручкай.
— Ліканор!
— Гэ-э-э!
— Не будзеш красці? Абяцаеш мне?
— Не! — ціха адказаў Ліканор і пачаў зяваць: надаела прыкрая гутарка.
— Што «не»? — зноў падхапіў Кастусь.
— Не... не абяцаю, казаў той! — буркнуў пад нос Ліканор.
— Га-га-га!
Кастусь не вытрываў, зарагатаў ад гэткай Ліканоравай шчырасці. «Го! го! го!» — адклікнуўся нехта з бору і з блізкай пусткі.
— Дык, значыць, будзеш красцШ
— М-мгу! — заківаў Ліканор галавой і парухавеў, убачыўшы вясёласць Кастуся.
— А што будзе, калі я другі раз злаўлю цябе ды, звязанага, пацягну ў воласць?
— А, братачка, не зловіш, як бы то... буду асцярожна красці!
Кастусь яшчэ крапчэй зарагатаў. Яшчэ тучней раздалося па лесе і пустцы «го! го! го!».
Ліканор аглянуўся раз, другі, спрытна схапіў мех, закінуў легка на плечы — і давай ходу.
— Ах ты, шэльма! — не надта злосна крыкнуў Кастусь ды перагарадзіў яму дарогу.
— А, братачка! — зноў жаласна заенчыў Ліканор. Нешта ёкнула ў сэрцы Кастуся, ён успомніў высахшую, заўсёды галодную Ліканорыху і абарваных дзетак.
— Бяры, няхай цябе чэрці бяруць! Але абяцаеш мне, прынамсі, што другі раз у мяне не будзеш красці?
— Не! — цвёрда адказаў Ліканор. ¦— Што не?
— Не абяцаю! — адказаў Ліканор, махаючы галавой ад аднаго пляча да другога, і крануў адной нагой, каб ісці.
— Стой! Стой! — затрымаў яго зноў Кастусь.— Памятай, калі злаўлю другі раз, то ўжо жывога не выпушчу!
— Эт...— адказаў коратка Ліканор з нейкай пэўнасцю і, легка перакінуўшы мех з правага пляча на левае, пайшоў.
Кастусь выняў капшук і давай напіхаць люльку. Тым часам неба выяснілася. Месяц быў гэткі ясны, што нават здалёк можна было ўгледзець, як па дарозе шпарка ішоў Ліканор з вялікім мехам на плячах. На мяжы кратаўся побач яго доўгі цень.
— Ды няхай яго трасца, гэтакага... Які ён акуратны, не фалынывы чалавек! — сказаў Кастусь, шчыра плюнуўшы пасля таго, як зноў затуманіў сваю люльку. Ён лёг над крушняй з нейкай лёгкасцю на душы.

1 2
Size