Ашчаслівіла

1 2

— Магда, годзе табе калатырыць. Ну, перастань. Яшчэ невядома, можа, яна глухая ці нямая. Гэта дрэнь, што вочы, як тыя гузікі, тырчаць, а ручкі і ножкі здаровенькія! Зт, будзе яна хлеб зарабляць мо лепей ад нас ды яшчэ бацькам пад старасць паможа — годзе безгалоўе і дурнату нейкую плясці.
Магдуля не ўнімалася:
— Што ж, матчына сэрца не з жалеза! Нашаму брату, жабраку, калі не маеш напаказ калецтва нейкага, дык ніхто халоднай вады не дасць.
— О-ей,— пачалі зноў суседкі,— ёсць чаго шкадаваць! Яна і без жабрацтва карміцца будзе!
— Не! Не! Не! — ажно зачырванеўшыся, замахала рукамі Магдуля.— Не хачу ды не хачу! Хай жабруе, як бацькі і дзяды яе. Так якая-сякая праца не заўсёды-то людзям і патрэбна, а жабраваць заўсёды жабруюць!
Змоўклі кабеты, бо ў душы яны думалі, што яна праўду кажа. Пагутарылі яшчэ крыху і разышліся па хатах. Гэта было пад вечар. Сідаронак хоць і быў сляпы, але ў хаце сваей добра ведаў кожны кут I куточак. Цяперака ён падаў вячэраць жонцы і, сам пад'еўшы, выйшаў на двор пагутарыць з суседзямі.
«Ат,— думаў ён,— дачушка мяне некалі будзе вадзіць па людзях і лагодненька!»
Аб тым, што яна будзе пасля яго смерці рабіць, ён і не падумаў.
У хаце асталася Магдуля з дачкой. Спярша стагнала яна, лежачы на сенніку, пасля паставіла вячэру на зэдаль і давай уздыхаць:
— Няшчасная! Няшчасная!
Праз маленькую брудную шыбіну часам відаць было, як па небе плылі хмары, шэрыя і разарваныя, быццам скуматы парванай торбы жабрацкай. Але скора неба крыху праяснілася, бо хмары пераплылі і залаты бліскучы месяц вынырнуў і глянуў у аконца, абсыпаючы ўсё ў хаце дыяментавым пылам... Цішыню перарывалі толькі глыбокія ўздохі Магдулі. Быццам непрытомная, устала яна з лолска, выняла з ануч дачку і давай зноў азіраць яе. Месяц асвячаў голае дзіцё, якое трапятала ручкамі і ножкамі на руках маці.
— Якія вялікія вочы! — шаптала Магдуля, пужліва пазіраючы ёй у вочы, якія ў праменнях месяца блішчэлі, быццам пара маладзенькіх пралесачак.
— Як глядзіць! Як глядзіць! — бурчала Магдуля. Палажыла дачку на ложак і сама пайшла шарыць і шукаць па сценах.
— Чуць знайшла.
Яна трымала нешта бліскучае паміж пальцаў. Зноў узяла дачку на рукі і паднесла к свету да самага аконца.
Яшчэ болей заблішчалі вялікія вочы маленькай Магдулінай дачушкі. Здаецца, здзіўлена яны ўглядаліся на красу свайго першага вечара.
Але вось Магдуля пачала нешта ёй спрытна ў тварык саваць; дзіцянё пачало плакаць працяжным слабым галаском. Магдуля засаплася, панесла яго скора на ложак, кажучы:
— Ашчаслівіла цябе, дачушка мая, даражэнькая мая! Ашчаслівіла!
Яна асляпіла вочы дачкі іголкай...

1 2
Size