Велікодныя яйкі

1 2 3 4

Канца няма фарбам на свеце. Яны заварожвалі яго на захад і ўсход сонца. Любаваўся ён імі на ніве з залацістымі каласамі, калі праменні сонца пераліваліся на хвалях жыта пад ветрыкам. Вабіла яго пажоўклая грэчка на ўзгорку, авёс у лагчыне, сенажаць, далёкія хаткі, асенні лес, імглістая даль. Фарбы яму гаварылі свае казкі, спявалі свае песні...
Хлопчык жмурыў вочы і паміж сваіх пальцаў глядзеў на абшар. Пры гэтым яму здавалася, што ён трымае ў руцэ вялікую карціну, ім самім намалёваную. Яму здавалася, што цэлы свет — гэта
злучэнне розных фарбаў, усё збудована з фарбаў — неба, зямля, жывыя істоты, вада і паветра. Толькі трэба ўмець перадаць гэтыя фарбы на паперы.
А колькі фарбаў няўлоўных на тварах людскіх! Вельмі захаплялі яны хлопчыка. Ён часам наўмысне злаваў сваю матку, каб глянуць, як блішчаць яе гнеўныя вочы, як моршчыцца яе твар, якія складкі пераліваюцца ў светаценях на яе вопратках, калі яна з імпэтам пускаецца за ім удагонку, каб даць лупцоўку.
Уночы, як клаўся спаць, дык таксама думаў аб фарбах. I ўсё вакольнае да апошніх драбніц жыва стаяла ў яго мазгах. Ён іх добра бачыў у памяці і, здаецца, каб толькі меў чым, дык адразу ўсё б намаляваў...
Часта-густа хадзіў ён да сваёй цёткі Тэклі глядзець на «святыя» абразы, якімі былі багаты чорныя сцены яе хаткі, бо ў бацькаўскай хаце быў толькі адзін абраз, які даўно счарнеў ад дыму і копаці, што нічога на ім відаць не было.
Цётка Тэкля была вельмі набожная кабета, і кожны раз, быўшы на кірмашы ў мястэчку, яна купляла сабе розныя вялікія і малыя абразы. На сценах яе хаткі красаваліся «святыя» з беленькімі авечкамі. Юры на белым кані забівае змея. Было некалькі «Матак Божых» з маленькім Язусікам, вакол іх — анёлчыкі. Былі цары ўсяго свету, малюнкі кітайскай вайны і розныя іншыя.
У Сцяпанкі Пецкуна разбягаліся вочы, гледзячы на гэтае багацце. Цётка Тэкля заўсёды выганяла яго з хаты, баючыся, каб не сцягнуў піто, бо цётка прымячала, што ён глядзіць на абразы, як воўк на авечак. Хлопчык не мог сабе нажыць ніводнага малюнка.
Прыехаў раз да іх у госці дзядзька-салдат. Гэты дзядзька падарыў Сцяпанку бляшаную пушачку ад ваксы да ботаў. На гэтай пушачцы быў намалёваны маленькі чорненькі чалавечак, які трымае ў руках
шчотку, а пры чалавечку — бот, у тры разы болыпы за самога чалавечка.
Трохі пакасурыўся было Сцяпанка на гэты цуд мастацтва, але тое, што гэта штучка зрабілася яго ўласнасцю, асляпіла яму вочы, затуманіла розум, і яму пачало здавацца, што нічога пякнейшага няма.
«Вось калі можна будзе мне навучыцца добра чалавека намаляваць і бот!» — думаў ён.
Чалавек-хохлік і бот-волат вельмі цешылі яго. Чалавек мог бы схавацца ўвесь у боце, што нават і шапкі не відаць было б.
Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай, ад якой вачэй адарваць не мог. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ад яго не адбярэ.
Сеў хлопчык на старой драбе і давай пазіраць на маленькага чалавечка з вялізарным ботам. Шльна пазіраў, нібы гіпнатызаваць хацеў гэтага чалавечка, але чалавечак гіпнатызаваў яго.
Чалавечак быў для яго нейкім светлым гасцём нязведаных краёў, які з'явіўся, каб апавядаць аб усіх таемнасцях фарбаў; ён прынёс Сцяпанку тое праўдзівае шчасце, якое не купляецца ні за якія багацці на свеце.
Ён зрабіў такое ўражанне на душу малога хлопчыка, што Сцяпанка аж спавядацца перад ім пачаў: успомніў усе грахі свае, як бацькам прыкрасці рабіў, як вугольчыкам усё пэцкаў,— усе, усе маленькія грашкі, якія, нібы дротам, калолі Сцяпанку ў самае сэрца. «Я новым чалавекам зраблюся», думаў ён. «Але вось прыйдзецца разлучыцца некалі з гэтым чалавечкам», думаў ён пры гэтым, «памерці прыйдзецца на старасці лет». I такі жаль агарнуў Сцяпанку дзеля таго, што ён, Сцяпанка, не вечны, не бяссмертны, ажно слёзы пасыпаліся з яго вачэй. Але тут туман нейкі атуліў яго, галава закружылася,
I чалавек на пушачцы вырас у вялікага чалавека. А бот зрабіўся вялізарны, як хата, а пушачка ў самае неба ўперлася. Страх напаў на хлопчыка.
— Не пужайся,— пачаў гаварыць чалавек з пушачкі да Сцяпанкі Пецкуна,— я ўжо даўно хацеў прыйсці да цябе, бо надта цябе шкадую і люблю. Хадзі во ў бот — гэта мой палац. Там я табе шмат аб чым скажу.
Чалавек увеў Сцяпанку ў свой палац.
Чаго толькі Сцяпанка там не ўбачыў! Якія ўбраныя пакоі, усё роўна як у пані багатай, што жыве ў блізкім фальварку ля вёскі Запушнікаў. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро, дарагія рознакалёрныя тканіны. Хлопчык глядзіць, і вока насыціцца не можа.
Чалавек водзіць яго па ўсіх пакоях, паказвае свае бязмерныя багацці і тлумачыць. Шчотка ў руках чалавека — не шчотка, а скрыня з рознымі фарбамі: і залатыя, і срэбныя, і сінія, і зялёныя, і блакітныя, і чырвоныя — нават такія, што Сцяпанка не ведае, як іх называць. Усё на свеце імі можна маляваць! Чалавек даў яму пэндзлік і пачаў вучыць маляваць. Сцяпанка з радасцю замалёўваў сцены вялізарных пакояў і цешыўся з сваёй работы. Птушачкі, дрэвы і людзі выходзілі ў яго як жывыя. Вочы былі сінія, губы чырвоныя, вопраткі ў розных колерах з залатымі гузікамі, як у дзядзькі-салдата. А неба, а месячык, а возера, а дзераўцы, а кветкі — ды і не злічыш!
Чалавек яго пахваліў і казаў:

1 2 3 4
Size