Велікодныя яйкі

1 2 3 4

— Не бойся, дзіцятка, што ўсе цябе так крыўдзяць і смяюцца з тваёй пэцканіны. Я заўсёды буду з табою! Хай сабе ўсе дурнем цябе завуць, але ты разумней за іх усіх. Во, маеш сабе тэту скрынку з фарбамі і ведай, што гэта тваё найвялікшае шчасце ў жыцці, ведай, што гэта...
Чалавек не дакончыў гаварыць. Палац рухацца пачаў. Грымоты загрымелі, і хлапец прачнуўся ад матчыных крыкаў:
— Ах ты паганец! зноў цацкі! Ні да Бога, ні да людзей ты ў мяне!
Хлапцу перарвалі такі прыемны сон і аднялі ў яго пушачку. Слоў не стае. Найвялікшыя раны ў чалазечай душы загойваюцца, зарастаюць і забываюцца, але гэтай болі Сцяпанка, мабыць, да смерці сваёй не забудзе...
А раз у год бывал! ў Сцяпанкі светлыя хвіліны — на Вялікдзень, калі яму дазвалялі яйкі фарбаваць. На гэту работу яму куплялі ў мястэчку фарбы на цэлы пятак. I ён па-майстэрску размалёўваў яйкі цэркаўкамі, званіцамі, анёлкамі і крыжамі, ажно людзі дзівіліся.
Толькі сёлета маці казала, што ніводнай капеечкі Пецкуну на фарбы не дасць. Сэрца хлопчыка зашчаміў вялікі боль.
— Матанька! родная! злітуйся! дай хоць адну капеечку на фарбы...
Як скала, як жалеза, было матчына сэрца:
— Хвароба табе, а не фарбы, гаспадар ты мой! Во ідзе вясна, тата твой мо і не жыве ўжо, а ў тваёй галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Эх, ты, гаспадар!
Сцяпанка сумна пазіраў праз акно на мутныя хмаркі. Прыйшоў Вялікдзень, і з воласці прынеслі ліст, што Мікіта, бацька Сцяпанкі, ужо забіты.
Мікіціха плакала-галасіла на ўсю вёску аб чалавеку сваім, праклінаючы долю ўдовіну.
Цешылі яе суседкі тым, што не яна адна такая нешчаслівая, што тысячы такіх ёсцека цяпер.
Людзі абяцалі памагчы ў гаспадарцы — гэта яе не цешыла.
— Каб яшчэ сын людскі быў, падрос бы і гаспадарыў, замест нябожчыка, а то з кожным годам растуць разам з ім і цацкі ў яго галаве.
Вельмі жаласна было Сцяпанку тое, што тата згінуў на вайне, аднак дзіця не ўцяміла добра гэтага гора і яму балела ў душы горш ад таго, што фарбаў няма на Вялікдзень, каб яйкі афарбаваць...
Настаў Вялікдзень. Пайшоў Сцяпанка з іншымі хлапчукамі ў валачобнікі на ўсю ноч. На яго долю выпала некалькі яек.
Хлапцу ўдалося выцягнуць з кубла бацькаву фатаграфію, якую Мікіта прыслаў з войска. Ён пабег з ёю ціханька ў ток.
Праз некалькі гадзін вярнуўся ў хату з намалёванымі яйкамі. Як толькі маці ўгледзела яйкі, дык успляснула рукамі ад дзіва: на ўсіх яйках быў намалёваны нябожчык Мікіта і выглядаў ён усё роўна як жывы. Быў ён намалёваны чырвонай фарбай.
— Дзе ты, гаспадар ты мой, чырвоную фарбу дастаў? — грымнула Мікіціха на сына, які ўвесь час хаваў рукі за плечы.— Пакажы, пакажы, гаспадар ты мой, што ты ў руках сваіх там трымаеш? — Пры гэтым Мікіціха схваціла яго за рукі і ўбачыла, што пальцы ў Сцяпанкі былі анучкамі завернуты. Яна хутка сарвала анучкі і чуць не абамлела ад неспадзеўкі — пальцы былі запэцканы крывёй...
— Што ты гэта зрабіў, гіцлю?! Што ты зрабіў! — крычала яна не сваім голасам.

1 2 3 4
Size