Летапісцы

1 2 3 4

Ва ўсіх яго рухах выяўлялася таемнасць вялікай змовы. Відаць было, што ад гэтага ён меў нямала прыемнасці. Ён узяў пяро ў рукі, і на яго твары выразілася вучонасць. Успомнілася яму, як ён колькі разоў падпісваўся за няграматных на павестках, што дзесятнік прыносіў з воласці. Ён рукою тады выводзіў гэтак, круціў так, і выходзіла: «Андрэй Адамаў Вайда».
Андрэйка ўсунуў ручку ў чарніла, забыўся яе атрэсці і перш-наперш абліў паперу чарнілам, зрабіўшы чорную пляміну, велічынёю з медны пятак. У школе гэта называецца «булка». Стары настаўнік за такія булкі так моцна цягне за вуха, нібы пугу ўе, а вучань на ўсе лады крычыць:
— А-а-ай! А-а-ай!..
Дзед думаў, што такі чорны кругляк на паперы робіцца дзеля фасону. Ён узяў лучыну ў рукі і бліжэй засвяціў перад Андрэйкам. Андрэйка падняў белую галоўку і заўважыў дзеду:
— Дым у вочы лезе. Пісаць не магу. Дзед адсунуў лучыну.
— Ну? — запытаўся Андрэйка.
Гэта значыла:
«Скажы, дзядок, што трэба пісаць?»
Але хутка Андрэйка ўспомніў, што салдат Мацей, які ўсім лісты піша, умее гэта рабіць надта хітра і ніколі не пытаецца, як пачынаць, салдат Мацей заўсёды сам пачынае:
«За дубовым сталом пішу залатым пяром міласціваму гасудару з нізкім паклонам, л<алая успеху ў дзялах вашых...»
Андрэйка выпучыў вочы, высунуў язык, засоп носам і пачаў старанна выводзіць літары. Ён іх маляваць хацеў надзіва, але яны выходзілі ў яго вельмі нязграбныя. Рука, умазаная ў сажу, пакідала сляды на паперы: сцяжынкі і ручаінкі.
Рухалася пяро па паперы, як цяжкі воз па старой грэблі.
I вось ён скончыў «пачатак» пісьма вельмі задаволены. Гэта будзе прыемная неспадзеўка для дзеда.
— Нос! Нос! — закрычаў дзед так устрывожаны, як бы хата загарэлася.— Сапсуеш паперу!
Андрэйка ледзь выратаваў ад бяды новы аркуш паперы.
— Прачытай, што там накрэмзаў, пісар ты мой,— не выцерпеў дзед.— Паглядзім, з якога ты поля ягадка, з якога гнязда птушка.
Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За дубовым ста-лом пі-шу за-ла-тым пя-ром...» — і гэтак далей. Дзеду гэта паказалася лепей, чым добра. Ён сам быў ахвотнік да мудрых гутарак; ён любіў часам задаць, усыпаць, адгабляваць такое ядранае слоўца, ажно сусед вочы казеліў, як бы хрэну налыпаўся. Дзеда лічылі за вялікага разумніка па ўсёй ваколіцы. Андрэйка быў вельмі ўзрадаваны, што дзеду спадабалася, і ён папрасіў у дзеда свісцёлку.
— Не, не дам цяпер. Не лезь смалой!
— Да-а-ай! — прасіў Андрэйка.
— Не! Не дам!
— Хоць разок свісну!
I яны абодза глянулі адзін аднаму ў вочы.
— Дай...
— Не дам...
— Шсаць не буду... Дзед занепакоіўся:
— Адзін раз, кажаш? Ой, глядзі, каб гэты раз не папсаваў увесь сказ!
— Далібог, разок толькі!
Андрэйка заёрзаў на месцы і зрабіў шчырыя вочы.
Дзед даў свісцёлку. Хлопец упіўся ў яе прагнымі губамі. Свіснуў раз, не вытрымаў — і свіснуў яшчэ раз. Забрахала Жучка на двары.
Дзед устрывожыўся.
Андрэйка вярнуў дзеду свісцёлку.
— Ах ты, верабей! — прабраў яго дзед.— Я ж казаў, што цяпер няможна! Яшчэ паспееш з козамі на торг!
Дзед схаваў свісцёлку, паправіў лучынку, прыгатаваў другую і задумаўся. Андрэйка тым часам утаропіўся вачыма ў цені на закураных сценах. Дзед зрабіўся вялікі-вялікі і ледзь не паўхаты зацямніў. А ў яго, Андрэйкі, цень галавы на сцяне быў з цэбар. Гэта яго вельмі цешыла. I вось ён пачаў адной рукой рабіць казюлькі. Цень на сцяне ад яго рукі нагадваў казліную галаву.
— Каза, каза, дай малака! М-м-р-э-э! — замэкаў па-казлінаму Андрэйка.
Дзед усхапіўся з сваіх думак.
А думаў ён аб усіх крыўдах, што нявестка рабіла яму за ўвесь час, а болей за ўсё за апошнія тры гады, што яго сын, Адам, жыве ў Амерыцы. Гоніць яго злая нявестка, як сабаку, з хаты... Есці не дае... Штурхане часам...
— Шшы, каласок ты мой, шшы! — кажа ён да Андрэйкі.— Так пішы: «Сынок ты мой родненькі! Ці я табе не бацька? Ці я не будаваў гэту хату? Ці я не гаспадарыў тут? Яшчэ во якія мазалі на руках маіх...»
Дзед падымае рукі ўверх і ценям на сцяне паказвае свае мазалі.

1 2 3 4
Size