Летапісцы

1 2 3 4

Душная цёмная ноч.
Міронава сям'я спіць у пуні на свежым сене. Не спіцца толькі двум: старому дзеду Мірону і яго васьмігадоваму ўнуку Андрэю. Дзед думае цяпер, як ухітрыцца найцішэй выйсці з пуні, каб нявестка не пачула, ды напісаць ліст сыну ў Амерыку. Андрэйка трымае ў руках лазовую свісцёлку, якую днём скруціў яму дзед, і ціхутка свішча. Усе смачна спяць пасля працы на сенакосе, як пасля кірмашу ўсё роўна. Дзед аглядаецца па баках ды асцярожна падымаецца з свайго месца.
— Андрэйка! — нецярпліва шэпча дзед. Андрэйка ўжо ведаў, што дзед заве яго ў хату
ліст пісаць. Ён хутка падняўся на ногі і спрытна падскочыў да дзеда. Дзед узяў яго за руку і палажыў сабе палец на губу з таемным відам. Андрэйка добра зразумеў, што гэта значыць: «ані мур-мур» — трэба маўчаць як вады ў рот набраўшы.
Гэткім чынам дабраліся яны да варот пуні. Дзед адчыніў іх гэтак спрытна, што вароты і не рыпнулі. Два змоўнікі выйшлі на падворак.
Тут зноў калацілася сэрца дзеда — усё перашкоды розныя, каб іх заломам заламалі! То Жучка, каб яе немач, забурчыць,— могуць пачуць у пуні і гвалт нарабіць. То гэты падшывалец, Андрэйка, не можа вытрымаць — прабірае яго спакуса гэтак свіснуць, каб аж рэха пакацілася з усіх старой, каб аж ліха на веніку прыляцела.
Дзед адабраў у яго свісцёлку і палажыў сабе за пазуху...
3 выглядам найвялікшых злачынцаў яны ўвайшлі ў хату.
— Дзядок, свісцёлку дай.
— Толькі, Андрэйка, нямоцна, бо ўсіх чарцей разбудзіш,— прасіў дзед і аддаў свісцёлку.
Андрэйка пачаў упацёмку скакаць і свістаць.
Дзед хутка запаліў лучынку і выняў з-пад абразоў у куце аркуш паперы, што ўдзень дастаў у мястэчку за венікі.
— Ну, цяпер, каток ты мой,— казаў дзед да Андрэйкі,— аддасі мне свісцёлку на той час, пакуль ліст напішаш, а пасля я табе яе вярну. Бярыся, як Халімон за Бога, казаў той!
Андрэйка нічога на гэта не адказаў, толькі з нейкай смагай свіснуў у апошні раз шчыра і працягла; старанна выцер свісцёлку аб свае штонікі і аддаў дзеду. Сам ён дастаў з палічкі чарніла, ручку з пяром. Масціўся, масціўся Андрэйка на тапчане ля стала і ніякім чынам не мог сесці так, каб можна было пісаць. Як наліха, тапчан быў нізкі, стол высок!, так што, сеўшы пісаць, Андрэйка чуць носам даставаў да стала.
— Хіба носам пісаць! — пажартаваў Андрэйка.
Дзед нічога не адказаў, торкнуў лучыну ў норную шчыліну ля акна, выйшаў сур'ёзны ў сенцы, прывалок начоўкі і палажыў на тапчан, каб Андрэйку вышэй было сядзець. I то было нізка — Андрэйка даставаў да стала толькі барадой.
— Хіба барадою пісаць! — зноў пажартаваў Андрэйка.
Дзед нічога і цяпер не сказаў і яшчэ болей сур'ёзны падышоў да пры печка, выняў з-пад чалеснікаў абсмаленую засланку і палажыў на начоўкі. Андрэйка сеў на засланку.
— Цяперака, дзядок, будзе добра! — казаў ён, мацаючы рукамі засланку і пэцкаючы іх у сажу.
Ён замахаў пад сталом нолскамі і упёрся каленам у стол.

1 2 3 4
Size