Дзе канец свету?

1 2

Даль была туманна-празрыстая, абрызганая з берагоў пазалотаю сонейка. Месцамі край неба падпіралі шчарбатыя хвойнікі. Месцамі ўзгорак у самае неба ўпіраўся. Дзе-нідзе палосы далі, істужка за істужкаю, кайма за каймою, сшывалі неба з зямлёю. Нібы тканіны былі раскіданы радамі паміж небам і зямлёю дзеля таго, каб яны бяліліся на сонейку. Пачынаючы ад бору, яны былі спачатку цёмныя, потым сівелі і лёгкім, ледзь прыкметным дымком зліваліся з блакітам...
Янка, малы сямігадовы хлопчык, пасвіў гусей на выгане ля рэчкі і пазіраў навокал здзіўленымі васільковымі вачамі. На кожным кроку бачыў ён
дзівы дзіўныя.
— ...3-з-м! з-з-м! Глядзі, Янка,— кажа залатая пчолка з кветкі канюшыны,— які велізарны абшар зямлі, канца-краю няма. А колькі гэтых кветак з салодкімі, зацукраванымі збаночкамі! Ой, вялік свет...
— ...С-с-с! колькі каласоў, братоў родных, вакол мяне,— шэпча жытні колас Янку,— ліку няма...
— ...Чалом! чалом! чалом, Яначка,— пяе жаўранак над галавою пастушка.— Ой, як высока неба над намі, каб ты ведаў...
Янка шмат чаго бачыць, чуе і ведае. Равеснікі смяюцца з яго — ён заўсёды адзін, як дзікі ваўчок. Ні з кім у конікі не гуляе. Хаваецца ад усіх... Гэта нядобра. Вочы ў яго часам смутныя... Ён сумуе тады, калі па шырокім гасцінцы едуць падарожнікі. Яны паказваюцца з аднаго краю нябёс чорнымі жучкамі, болыпаюць, болынаюць, пакуль зробяцца вялікімі, як Янкаў бацька. Чуе Янка ляск пугі, бачыць успацелых коней.
Здалёк-здалёк едуць падарожнікі. Янка вельмі зацікаўлена ўглядаецца ў іх. Цікавяць гутарка, вопратка, коні, каламагі.
I дзівіцца маленькі Янка і надзівіцца не можа...
Уздоўж, у даль дарогі едуць падарожнікі. Скрыпяць і грукаюць калёсы. Цішэюць-цішэюць. Меншаюць-меншаюць. I коні, і людзі робяцца тымі самымі маленькімі жучкамі, якімі былі спачатку. Вось-вось схаваюцца за пагорак на самым краі неба... Няма ўжо іх — згінулі-зніклі...
I зноў жоўтая дарога апусцела-анямела... Улёгся пыл залацістымі плямінамі... А ціш такая сярод летняга дня, што здаецца — увесь свет заснуў.
А Янка дзівіцца. Канца-мяжы няма дзівам яго неадступным:
— Скуль гэтыя падарожнікі, што прыехалі з «канца зямлі»?
— Куды яны паехалі, згінуўшы на другім «канцы зямлі»?
Пільна-пільна ўглядаецца Янка ў маўклівую істужку залацістай дарогі — нічога зразумець не можа.
Дарога мяккімі дыванамі залацістага пяску цягнецца ўздоўж, перарэзваецца ўпоперак, вузлавата пляцецца ў розныя стораны на паверхні зямлі, нібы маршчыны на твары бабулі.
«Старая-старэнькая зямля наша,— думае Янка,— а жыве-жыве... Ды яшчэ якімі маладымі галасам! часта яго, Янку, дражніць».
Помніць ён, як аднаго разу з маткай у грыбы пайшоу. Загуляўся тады каля капца пры муравейніку і згубіў матку. Спужаўся і падняў крык на ўвесь лес:
— Матка, дзе ты?
— Матка, дзе ты? — дражніла яго зямля з усіх бакоў: з бярэзніку, з бору, з пусткі.
Ён у смех — зямля ў смех. Ён у плач — зямля ў плач.
Але больш за ўсё цікавіць яго дарога, бо па ёй людзі прыходзяць немаведама адкуль і ідуць нема-ведама куды...
То пакажацца сляпы жабрак-лірнік з хлопчыкам-павадыром. То на кірмаш едзе шмат народу.
I Янка бачыць і адчувае несупынны рух жыцця.
Гусі ідуць у шкоду, а Янка, разявіўшыся, пазірае на бязмежную дарогу, поўную незразумелых, цікавых рэчаў, абвеяную вабнымі з'явамі.
Шмат разоў меў Янка ад бацькі гарачую лупцоўку за тое, што гусей у шкоду пускае.
— Дзе канец свету?
Янка думае цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі і даведацца не можа.
— Дзе канец свету?

1 2
Size