Панас на небе

1 2 3

Панас ткнуў кніжку за пазуху і папёр куды вочы глядзяць, маркотна апусціўшы голаў. Ён нават і надзею страціў папасці ў рай. Яму здавалася, што куды лягчэй галавой уніз хадзіць, чымся навучыцца грамаце. Але «як топішся, то за брытву хопішся» — кажуць людзі. I бедны Панас, не маючы жаданага ратунку, расчыніў кантычку і, як той бусел, скоса зірнуў на незразумелыя літары. Ой, як не хацелася яму папасці на цымус у пекла! «Купіў — не купіў, а патаргаваць можна»,— бадрыў ён сам сябе і сеў на камень сярод гасцінца. Утаропіў вочы ў кантычку і давай у стрэчнага-папярэчнага дапытвацца:
— Паночку, родненькі, што гэта за літара? А што азначае гэтае крутаннё? А як чытаецца гэта дуга? А як выгаварваецца гэта мудроная сякерка? А як гэта ўсё разам выходзіць?
Як анёлы ні спяшаліся па сваіх справах, але бачачы, што чалавек проста са скуры вылазіць, што
пот цурком льецца з лысіны, дык кожны ахвотна тлумачыў яму.
Там не такія благія, як на зямлі.
Панас спачатку бзкаў-мэкаў, а праз тыдзень які ўжо нічога сабе чытаў. Праз два тыдні Панас так налаўчыўся, што патрапіў бы чытаць Псалтыр на добрых хаўтурах пры чарцы гарэлкі. На зямлі яго пахавалі без папа, і дзяк не чытаў, бо жонка яго не мела чым за гэта заплаціць. Ад шчаслівай усмешкі Панас разявіўся чуць не на ўсё неба.
Ён смела пайшоў да святога Пятра.
— Гэй! — крыкнуў Панас з аднаго боку брамы.
— Хто там? — запытаўся з другога боку Пятро.
— Я! Панас!
— А што? Назучыўся?
— Навучыўся!
— Папрабуй чытаць!
Пятро зарыпаў брамай і выйшаў паслухаць.
Панас кашлянуў раз-другі, расчыніў зашмальцаваную кантычку і з павагай, нібы ксёндз на амбоне, пачаў чытаць.
Пятро ківаў галавой і дзівіўся.
— А што,— кажа Панас,— добра?
— Гм... добра... Цяпер, Панаска, ідзі смела ў... пекла.
— ІПто?!
Панае падсунуў правае вуха. Яму здалося, што недачуў.
— У пекла ідзі! — гнеўна крыкнуў Пятро.— Бач, які ты невучоны, якое ты «цёмнае мужыччо»! Вось і тваё апраўданне нікчэмнае. Чалавеку трэба толькі хацець. Бач, як хутка ты назучыўся чытаць, калі прыступілі, як той кажа, нажом да горла! Нябось каб хацеў, дык бы на зямлі шмат чаго добрага зрабіў. А цяпер вон у пякельніцу, душа гультайская! Не мазоль мне вачэй, лайдацюга!
Панас ад дзіва і страху гэтак лупы разявіў, што чуць усё неба не глынуў. Але паляшук з панталыку не лёгка збіваецца. Не паспеў Пятро зачыніць браму, як Панас крыкнуў смела:
— Пачакай!
За гэты час, што Панас бакі абіваў на небе, ён асвоіўся, нібы на сваім сенакосе.
— Чаго ты?! — выставіў на яго Пятро строгія сівыя вочы.
— «Чаго ты»! — перадражніў яго Панас.— Ці ж можна гэтак?
— Што — «ці ж можна гэтак»?
— Думаеш, палешука ўлегцы возьмеш? Ці ж можна гэтак смяяцца над старым земляробам? Сказаў бы адразу: што каб хацеў, дык усё б патрапіў зрабіць на зямлі. Я б тады не спрачаўся. Што ж, альбо рыбка, альбо піпка! А то кантычку тыкае ў рукі: на! вучыся! Колькі поту мне каштавала гэтая мая адукацыя. Ці ж мне заплаціш за працу, калі і паломанай дыткі на небе няма? Што мне цяпер рабіць?
Пашкадаваў яго Пятро:
— Ідзі, шальмец, у рай. Радачкі з табою не дасі... Зажыў Панас у раі як сыр у смятане. Пільна чытаў ён кантычкі, прыслужваў, падаваў люлькі святым. Але праз колькі часу ён там занудзіўся. Паляшук прывык да працы, без яе яму трудна жыць. Падмазаўся ён зноў да ключара Пятра:
— Давайка, дзядзька, памагу табе каля брамы тупацца, а то аднаму, мабыць, цяжка.
Пятро згадзіўся.
I зрабіўся Панас памочнікам ключара пры браме раю. Калі душа якая ў браму стукалася, дык Пятро толькі ключ паверне, а Панас адчыняў вароты. Пятро гляне, ці варта ў рай пускаць, а Панас тым часам высуне лысіну, глядзіць, мо знаёмага спаткае. Часта гутарыў ён гэткім чынам з сваімі аднасяльчанамі,
дапытваўся навін, і нічагусенькі. Паляшук усюды ў вус не дзьме.
Аднаго разу высунуў ён таксама галаву між варот, каб зірнуць, дзе што дзеецца, і пры гэтым уздрыгануўся, як бы яго хто ўкусіў.
— Божухна! Каго гэта я бачу? Гэта ж — Тэкля! Жонка мая! Яна! Вочы не падманулі...

1 2 3
Size