Панас на небе

1 2 3

Пятро шмат яе не дапытваўся, бо ведаў, якая яна была пакутніца пры Панасе на зямлі, ды адразу ўпусціў у рай.
— А! I ты тут ёсць! — грымнула Тэкля, угледзеўшы Панаса.— Ну і неспадзеўкі! Ці не заблудзілася я? Бо тваё месца ў пекле...
— Божанька, а мне цяпер рай горш пекл а стане! — застагнаў Панас і з вялікага імпэту пераскочыў высокі паркан і наўцёкі.
— Панас! Панас! — клікаў яго Пятро.— Вярніся!
Панас пёр на ўсе застаўкі. Ён ужо добра ведаў усе завулкі і глухія куткі на небе, знайшоў ён яшчэ вандроўцаў-палешукоў і зрабіўся іх павадыром.
Раздзяліў ім Панас неба на шнуры і загадаў працаваць. Гэтак працуюць і па сягонняшні дзень. I сапраўды ім весела жывецца. Якое жыта там расце, якія лясы шумяць, дык толькі дзівіся!
Панас даўно кінуў сваю старую Тэклю, бо яна яму яшчэ на зямлі досыць абрыдла, і ўзяў ён сабе дзвюх жонак. Толькі няхай вас гэта не дзівіць, людзі добрыя,— на небе можна мець шмат жонак, бо ў другі раз ужо ў магілу не ўвагоняць.
Панасавы жанкі, як усе бабы на свеце, вельмі цікаўныя — хочацца ведаць, дзе што робіцца.
Высуне адна галоўку сваю на зямлю, усміхнецца, вочкі ззяюць...
— Сонейка ўзышло! — кажуць людзі на зямлі. Радуюцца вясковыя, і лёгка, і весела робіцца ім на душы.
— Чаго ты? Куды вочы лупаеш? Мо баранавалока маладога ўгледзела? — злуецца Панас на жонку сваю. Як ірване за валасы ў другі бок, як пачне пытляваць, дык, бедная, ад болю аж зачырванеецца.
Другая жонка, хаваючыся ад гнеўнага мужа, таксама — тыц свой твар на зямлю, не менш цікаўная за першую.
— Месячык свеціць,— кажуць людзі,— пара на начлег!
Смутна глядзіць на зямельку Панасава жонка і прыслухоўваецца, як мізэрны хлопчык на жалейцы грае ля рэчкі.
— А, каб цябе,— злуецца Панас,— сорам. Я табе пакажу, распусніца, як на хлопцаў зрэнкі казеліць!
Як грукне ёй у плечы, дык, бедная, аж паваліцца і валасамі даўгімі твар пекны затуліць.
I плачуць Панасавыя жанкі, а людзі на зямлі думаюць, што гэта дождж.
У Панасавай гасподзе рупныя бабы ўсю ноч кудзелі прадуць пры лучынах.
— Зоркі гараць,— кажуць людзі на зямлі. Часам Панас пачынае агонь выбіваць да люлькі
ў таку, дзе парабкі цапамі жыта малоцяць.
— Пярун б'е. Маланка паліць,— кажуць людзі на зямлі.
А млын там ёсць вялікі, вялікі! Меле і меле. Ад завозу проста і адбою няма.
А як пачне мельнік муку з барады вытрасаць, дык усё неба запыліць.
— Скег падае! — кажуць людзі на зямлі. Борух там карчму залажыў на гасцінцы. Пайшлі
гандлі, кірмашы, заработкі — проста не нахваліцца!
Болей усяго гандлююць там дурнямі. Гэты гандаль усюды ходкі. Вы спытаецеся — нашто грошы? Як жа жыць без іх, калі як карчмару, таксама не раўнуючы, і папу яны патрэбны. Без іх ані кроку. Нават і на неба выбрацца з пустымі кішэнямі трудна: не будуць званіць, не будуць спяваць псалмоў, не будуць маліцца за грэшную душу.
Адно толькі палешукоў на небе непакоіць: лік хадакоў ад зямлі павялічваецца не па днях, а па гадзінах. Як ні расстаўляюць вартаўнікоў на граніцах, як ні строга з пашпартамі, а ўсё ж такі не могуць упільнаваць. Надта спрытны народ на зямлі: круць-верць — ніхто не агледзіцца, а ён ужо на небе... А там — рабі з ім, што хочаш: не ідзе назад, хоць ты яго доўбняй.

1 2 3
Size