Панас на небе

1 2 3

Памёр стары Панас.
Яго цела пахавалі на могілках, а душа, як усе людскія душы, жаўранкам на неба паляцела.
Панас, папаўшы ў незнаёмае месца, пачаў азірацца па баках і скора ўцяміў, як і што: «Эт, язык да Кіева давядзе! Хто пытае, той не блудзіць». I давай у стрэчных-папярэчных дапытвацца:
— А дзе ж тут, пане-дабрадзеі, дарога ў рай? Скрыдлатыя анёлы казелілі еочы на простую душачку, а ўсё ж ткі паказвалі дарогу ў рай, пэўныя, што тут ніякіх хітрыкаў няма; а калі чалавек смалой у вочы лезе, дык гэта не хаханькі якія.
Бокам-скокам, і — Панас дабраўся да райскай брамы.
— Гэй! — крыкнуў Панас знадворку.— Пусці, дзядзька,у рай!
— А хто гэта там горла дзярэ? — адазваўся ключар Пятро з другога боку.
— Гэта я!
— А хто ты?
— Ну, я ж! Адчыні, дзядзька, браму!
— Бач ты, які спрытны! А што ты там на зямлі рабіў? Будзь ласкаў сказаць!
Тут Панасу троху моташна зрабілася. Успомніў ён, як аднаго разу перад папом шапкі не зняў. Успомніў, як маці яго памерла, дык ён не скора крыж на магіле ставіў, пакуль яму не ўдалося ўкрасці сасну з панскага лесу. I яшчэ шмат чаго прыпамінаў ён і пачаў чухаць патыліцу.
— Як цябе завуць? — запытаўся ключар Пятро і высунуўся трохі з-за брамы, аглядаючы Панаса з галавы да ног.
— Панас...— палахліва, як перад ураднікам стоячы, адказвае Панас і апускае вочы.
— Маліўся? — сур'ёзна пытаецца далей Пятро.
— Часамі,— бармоча Панас, азіраючыся па баках, як бы ратунку шукаючы.
— Чаму «часамі»? — строга крычыць Пятро.
— Бо, ведаеш, паночку, бо... бо... я... неўмею...— душыўся Панас словамі, як бы гарачыя клёцкі глытаючы.
— Аха, значыць, неакуратнамаліўся,— адчаканьвае кожнае слова, як асэсар, Пятро.— А выпіваў акуратна? А жонку біў? А за гаспадаркай ніколі не глядзеў?
Нібы шротам засыпаў яго Пятро пытаннямі. Панас так корчыўся, нібы яго сцябалі крапівой.
— Ідзі ў пекла! — сказаў Пятро ды ўжо хацеў зачыніць браму.
Панас, угледзеўшы гэткую штуку, цмокнуў у руку Пятру і давай маліць-прасіць, як ён добра навучыўся на зямлі перад старой паняй, калі яго кабылу забіралі ў хлеў за патраву:
— А я ж невучоны... а я ж простае, цёмнае мужыччо...
Ён застагнаў-заенчыў на ўсё неба:
— Ці ж я вінаваты, калі не ведаў, як жыць на свеце?.. Ці ж я вінаваты, калі не...
— Ну, годзе! Годзе! — перабіў яго прычытанні Пятро і, з усмешкай гледзячы на Панаса, гладзіў сваю сівую бараду.— Добра, Панас, мо пойдзеш у рай, бо, ведама, ты невучоны. Але вось такая рэч — не пушчу цябе ў рай, покуль не навучышся хоць крыху грамаце. Прынамсі, будзеш сядзець там і паперы чытаць. А то прыкра, калі ты на ўсіх святых дурной варонай глядзець будзеш і ніхто голасу твайго не пачуе.
Панасу зрабілася нясмачна на душы.
«Ліха ведае! Гэта лёгка сказаць: навучыцца грамаце! Мой Габрусь пяць зім вучыўся і чуць па складах чытае. А мне, старому дыдлу, дзе тут уцяміць?»
Ажно мурашкі заёрзалі па яго спіне.
Тым часам Пятро, зачыніўшы вароты, падаў яму кантычку, па якой загадаў вучыцца.

1 2 3
Size