Дудар

Спачатку, дзеткі мае, здалося мне, што старыя часы раптам устром галавой варочаюцца да нас: вось, знакам тым, цяперака няма вінаполек — і калісьці таксама не было вінаполек. Але тутака трапілі якраз пальцам у вока. «Не заўсяды, як на Дзяды», дзеткі мае! Эхэ-хэ, «што было, тое травой зарасло». Знакам тым, я ішчэ добра памятаю тыя дзянькі, калі з Рагазіны вазілі пузатыя бочкі «ачышчанай», калі па дошках талакой качалі гэтыя самыя бочкі на высокі ганак Лейзаравай карчмы. Вось тады бываў гармідар заўсёды! Не кідалі піць, пакуль не паваляліся снапамі пад стол. «Бірка», знакам тым, ажно рабела ад значкоў. Кожны значок, дзеткі мае, азначаў медную чарку Лейзара. Э-хэ-хэ, былі рокі, калі паны браліся ў бокі. А які з мяне музыка быў у тых гадах, дык толькі дзяржыся! Бывала, калі зайграю на дудзе «Лявоніху», дык людзі ажно хадыром хадзілі! Гэткія выкрутасы выраблялі, што гіцаль іх ведае! Дасцё веры — жалезныя падкоўкі растоптвалі за адну вечарынку,— во што, знакам тым! Хоцькі-няхоцькі, і бязногі, здаецца, патрапіў бы сказаць, калі я іграў «Лявоніху», «Бычка» ці «Юрку». Не тое што цяперашняя «борацкая» ці «крамянецкая» полька: фыц! мыц! Эт, плюнуць і то не варта.
Дык вось, дзеткі мае, адзін раз перад Калядамі выправіў мяне Лейзар у Рагазіну па гарэлку. Наста мая дала мне на дарогу ёмкі кавалак свежага сала з парсюка, што нядаўна закалолі на свята, усунула ў торбу цёплы праснак. Знакам тым, усяго было досыць. На ўсялякі выпадак узяў я і дуду з сабою. Запас бяды не чыніць. Я меў храпку дуду заўсёды пры сабе трымаць. Уладзіўся як мае быць з гарэлкаю і паехаў сабе вечарком назад, аглядаючыся па баках, мо дзе воўк накруціцца на тое ліха, бо ў тую зіму цягаліся яны цэлымі ганнямі. Канянё было ў мяне хоць дужае, але гультаяватае — ідзе сабе памалу і, хоць ты зарэж яго, не пабяжыць. Знакам тым, мне страшэнна абрыдла. А тут мароз, хоць ты лысых лічы! Нешта кародзіць унутры — захацелася выпіць. Але як дастаць «трунку» гэстага? Галава мая была не без розуму. Зараз мільганула думка, што можна выкалупаць у бочцы дзюрачку дротам ад люлькі; і я ўзяўся за работу, як Халімон за Бога ўсё роўна. Хутка я такі дагадаўся, што мой сідар даўся: выкруціў дротам адну і другую дзюрачку на славу. Дастаў з саней саломіну, усунуў у дзюрачку і давай смактаць, як тое дзіцянё сасульку. ТТі дасцё веры — адразу пачуў гэткі смак, нібы хто мёдам мазануў па душы маёй!.. Тут ужо я рад быў, што конь ідзе гэтак памалу. На грэблі, ля высокага моста, акрутня парвалася, і я тпрукнуў каню. Тутака, знакам тым, я забыўся аб марозе, аб ваўках, аб усім на свеце, разлажыў свой клумак на бочцы, як у сваей хаце на багатую куццю ўсё роўна, і давай мяняць саломіну за саломінай. Месячык так свяціў, што нават малюсенькую дзюрачку ў бочцы, нібы слядок той ад мухі, і то бачыў яснюсенька, дзеткі мае.
Хутка мне так весела зрабілася, што я зацягнуў калядную песню:
Рана, рана куры папелі,— Святы вечар!
Выняў дуду і зайграў. Ці доўга я іграў, ці коратка — не памятаю, але воддаль задзынкалі званкі. Я спьшіўся паглядзець, хто гэта едзе. Ажно з другой стараны па дарозе смаліць на чацвёрцы паніч, фурман у залатых гузіках, ляскоча доўгай пугай: жа-а-ах! Дрыжака па спіне прабірае. Пад'ехаўшы блізка, чацвёрка стоп, паніч ка мне. Я трохі, знакам тым, спужаўся. «Вось табе на! — думаю.— Адразу раскажа Лейзару аб усім». Я спрытна заткнуў дзюрачку ў бочцы мяккім хлебам, і квіта, пане Мікіта! Мая хата з краю, я нічога не знаю! Зняў шапку, пакланіўся панічу; стаю, чухаю патыліцу.
— Чаму, дурню, не іграеш? — кажа паніч. Я маўчу.
— Чаму не іграеш, дурню? — крычыць ён у другі раз.
Тут ужо ніякай радачкі не дасі. Я ўзяўся за дуду і засьшаў «Лявоніху». Пан пахваліў. Пахлопаў па плячах і кажа: «Лоўка іграеш, дурню!»
— Ведаеш што,— пачаў ён далей,— паедзем ка мне, зайграеш там ігрышча, хай цябе качкі!
— Дык як жа ж я, панічок, пакіну канягу і бочку, знакам тым? — кажу я.
— Мой фурман застанецца тут, а мы з табою, дурню, паедзем на маёй чацвёрцы,— Лейзар і не даведаецца. Запражэш на раніцу майго каня, і як «га» бочка будзе на месцы. А за музыку дам табе пяць рублёў.
Квапункі вялікія: ад Лейзара шэсць залатовак і пяць рублёў паніча, дык якраз маёй жонцы на чаравікі ды яшчэ на хустку на свята, ды яшчэ хвост мне на гаспадарку. А тут яшчэ хочацца паказаць, што ўлегцы не ўзяць мяне, знакам тым,— і на панскіх ігрышчах граю. Вось я згадзіўся. Фурман панскі застаўся бочку вартаваць, а я з панічом смарганулі на ўсе застаўкі. Платы і дрэвы ажно мігацелі ў вачах. Паніч даў мне доўгую пугу ў рукі, а я толькі — смаргуль! Ажно люба, як ляскоча.
Прыехалі мы ўрэшце да панскіх палацаў. Узяў я дуду пад паху, і паніч увёў мяне ў тыя пакоі. А там паўнюсенька гасцей: панічоў, паненак, старых і маладых. Я здурманіўся. Колькі свечак, колькі лямпаў, а Божухна! А падлога маляваная, гладкая, слізкая, я проста на нагах стаяць не магу,— усё слізгаюся. Каб не падтрымлівалі мяне лёкаі нейкія, знакам тым, дык я кульгіцнуў бы дагары нагамі. А то смех, рогат. Гі-гі-гі! — пішчаць паненкі ценькімі галасочкамі. Го-го-го! — смяюцца панічы. Ядуць і п'юць гэткія стравы, што я проста не ведаю, як гэта называецца. Загадалі мне іграць: я і «Лявоніху», я і «Бычка», я і «Юрку». А яны скачуць, а яны выдаюць! Гіцаль іх бяры! Нат і наскія так не патрапяць. Але ыеяк пальцы мае пачалі дубець. Я і пачаў даваць пудлы ў музыцы.
— А яму холадна! — засмяяліся ўсе.— Ну, дык выбірай сабе паненку.
— Не жартуйце,— кажу,— над бедным!
— Не! не! выбірай! выбірай, якую толькі хочаш — ажэнім!
Зірк я скоса на тыя паненкі. А яны так круць-муць каля мяне, і так глянуць, і гэтак усміхнуцца, што ў цябе ажно сэрца калаціцца пачынае і гарачка нейкая ўсяго прабірае. А тыя ахвоты паддаюць. Я забыўся пра сваю Насту з чырвоным носам, адважыўся, выбраў сабе кругленькую, гладкую паненачку і кажу:
— Гэта хай будзе мая!
— Я — твая! Я — твая! — піскнула яна гэткім салодкім галасочкам, што я і дуду выпусціў з рук.
«Ці я? ці не я? — думаю.— Неяк не верыцца».
— Пацалуй ты маю ручку! — кажа яна.
Каб гэтак, знакам тым, казала мая Наста, дык я піхнуў бы яе ад сябе, што яна б увідзела бацьку з таго свету, а тут я раскіс — і давай цалаваць і яшчэ і яшчэ! Ніколі я смаку гэткага не чуў: ад яе нейкай парфумай і цукеркамі аддае, ажно галава кружыцца.
— Кінь дуду, пойдзем у мой пакой: там цяплей,— кажа яна,— а тут холадна!
Як непрытомны, пайшоў я за ёю, прыцмокваючы языком ад смаку, але тут я слізгануўся. Я спалохаўся. Зірк сюды, зірк туды. Дзе панскія пакоі? Дзе мая паненачка? Нічагусенькі няма!.. Я стаю пад мастом на лёдзе, аднэй нагой у праломцы... увесь упэцканы... Цьфу паганшчына! Дуда — парваная, знакам тым, ляжыць воддаль. Цьфу, гіцаль! Я вылез на гасцінец. Канянё маё стаіць, апусціўшы вушы, нібы нічога не ведае. Бочка ляжыць на санях. Я паправіў акрутню, абцёрся снегам, сплюнуў, знакам тым, тры разы і паехаў дахаты.
— Эхэ-хэ, дзеткі мае! колькі дзён пасля мне проста млосна рабілася ад пастаяннага плювання,— было нясмачна, як бы мыш глынуўшы. Завялікая была выпіўка!

Size