Дванаццацігоднікі

1 2 3 4

— Ды як жа ты будзеш жыць адзін? — плакалі яго дзеці, унукі.
— Буду жыць, колькі мне паложана,— казаў ён. I вось дзед Лявон застаўся тут. Гэта быў мужык
гадоў семдзесят, высокі, лысы, сухі, з маленькай сівой бародкай, троху згорблены, але яшчэ моцны, жылісты і вытрывалы. Адзін з слаўнага роду такароўскіх старадрэвін, якога праца ад зары да зары на полі выгадала і загартавала яго сілы як бы на векі вечныя. Ён ледзь не шэсць дванаццацігоднікаў тут выжыў.
Быў ён пасля разбурэння Такароўшчыны ў суседняй вёсцы ў аднаго гаспадара, які прыняў яго ў сваю хату з шчырым сэрцам і шанаваў, як роднага бацьку. А Лявон, не любіўшы есці дармовы хлеб і жыць злажыўшы рукі, працаваў у гаспадара лепей яшчэ за маладога і быў як скарб у хаце. Праз год пры Лявоне гаспадарка ў таго чалавека значна паправілася.
— Відаць, рука такароўца зроблена не з гэткай гліны, як нашыя рукі! — гаварылі суседзі з зайздрасцю.
Кожны з іх меў бы за вялікае шчасце прыняць да сябе старога Лявона.
Адно толькі было з ім у хаце прыкра: ён з кожным месяцам рабіўся ўсё болей і болей маўклівым і суровым. Здавалася, што ён на ўсіх злуецца. Моўчкі выходзіў на работу, без гутаркі працаваў, ціха еў, без малітвы клаўся спаць. Ніколі нельга было ад яго пачуць слова аб сваіх,.якія выехалі ў далёкі свет, ці аб Такароўшчыне, што ляжала перад яго вачамі. А калі хто пры ім пачынаў гаварыць аб Такароўшчыне, дык ён адразу выходзіў з хаты. Пры ім ужо стараліся аб гэтым не ўспамінаць. Так прайшоў цэлы год.
I дзіва — Лявон за гэты год пакрапчэў, спіна выпрасталася, вочы блішчэлі. Ён нібы памаладзеў. Невядомая сіла крапіла яго, маладзіла. Людзі ажно пужацца пачалі Лявона, называлі яго ціха «чараўпіком».
Пачаўся раптам мор на жывёлу.
У аднаго гаспадара воўк каня зарэзаў на начлезе — вінавацілі Лявона. Град поле пабіў — вінавацілі Лявона. У суседа раптам сын, малады і здаровы дзяцюк, занядулсаў і высах, як трэска.
— Лявонавы штукі,— гаварылі людзі.
А гаспадар, у якога Лявон жыў, усё багацеў ды багацеў...
Усе гэтыя «прыметы» кіравалі сялянскія думкі на тое, што Лявон — чараўнік. Кожны так думаў, але баяўся гаварыць, каб, чаго добрага, Лявон «ліха яму не нарабіў за доўгі язык».
Вёска, дзе жыў Лявон, хацела як колечы вызваліцца ад яго, але не ведала як.
На другі год раптам, у адзін светлы дзянёк, Лявон зусім змяніўся, зрабіўся іншым чалавекам, як бы ад яго адышлі «злыя чары»: пачаў гаварыць з людзьмі. Сышла суровасць з твару. Ён павесялеў і зрабіўся такім гутарлівым, ажно зноў задзівіў людзей. Цэлымі днямі гаворыць і гаворыць — і толькі аб Такароўшчыне: аб тым, як жыў раней у сваёй хаце, як яго бацька гаспадарку там ладзіў, якія ў яго былі шнуры, якая жывёліна, які сад і г. д. Таксама ён вельмі прыхільна і прыязна адносіўся да тых, хто яму гаварыў аб Такароўшчыне, аб гвалце і крыўдзе маладога пана Магдановіча.
— Цэлы год туга ела мяне,— тлумачыў ён сялянам.— Я хацеў усімі сіламі забыць аб сваёй гаспадарцы, аб Такароўшчыне. Нейкая злосць трымала мой язык у жалезных шчэмках, і я не мог слова казаць добрым людзям. Я ведаю, усе мяне пужацца пачалі, але гэта ўжо мінула. Крэпак быў бацька мой, да ста гадоў жыў, вечны ўспамін яго душы. I я вось чую, што і мае сілы пачалі цяпер крэпнуць. А то, бывала, кожныя дванаццаць гадоў такі страх, што пан не падпіша надалей кантракта, гнуў маю спіну ў тры пагібелі. Кантракт быў цяжкай хваробай усіх нашых такароўцаў. Цяпер гэтая хвароба мінула.
Дзед смяяўся.

1 2 3 4
Size