Дванаццацігоднікі

1 2 3 4

Павесялелі разам з ім і вясковыя. Трывога, якую ён сеяў паміж іх сваёй суровай маўклівасцю, мінула, і жыццё іхняе пайшло зноў звычайным шляхам. Калі ў каго з іх здаралася няшчасце ў гаспадарцы, дык ужо Лявона ў гэтым не вінавацілі.
Разам з пераменай у Лявонавай натуры ўчынілася яшчэ другая прыгода. Цэлы год ён ні разу не быў на зямлі былой Такароўшчыны, стараўся ў той бок не глядзець, а цяпер пачаў бываць там штодня. Кожны дзень аглядаў сваё папяліпгча.
Бывала, у самы гарачы час працы, як бы ўспомніўшы нешта вельмі пільнае, кіне работу і шпаркім крокам пойдзе ў Такароўшчыну. Абыходзіць усе падмуроўкі, мацае рукамі разваленыя печы і ідзе адтуль да падмуроўкі сваёй хаты. Тут ён стаіць доўга і нешта мармоча сабе пад нос. Пры гэтым у яго постаці робіцца перамена. Старэе адразу на дзесяць год. Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць, і старыя хрыплыя ўздыханні напамінаюць гуд пілы, якая рэжа мяккі гніляк. Так стаіць ён адзін, як шэры корч, з гадзіну. Потым падыходзіць да печы, гаспадарчым вокам аглядае яе з . усіх бакоў. А калі дзе цагліна вывалілася, падымае і асцярожна кладзе на тое пустое месца ў печы, скуль яна вывалілася. Абыходзіць печ некалькі разоў, потым сядае і паглядае ў падпечча, раптам ускочыць, абмацае рукой чалеснік, кіўне галавой і выпрастаецца. Зноў маладзее на дзесяць год. Ідзе ў вёску.
Так праходзіць дзень за днём. Сяляне да гэтага прывыклі. Тлумачаць:
— Беднага Лявона цягам цягне да месца старой гаспадаркі. Не можа забыць.
Здарылася так, што пасля трох гадоў зацішша ў Такароўшчыне, дзе зямля без будынкаў была як асірацелая і наводзіла жудасць сваімі комінамі, там зноў закіпела жыццё. На доўгіх карах пачалі з навакольных вёсак вазіць туды бярвенне. Запахла свежым дрэвам і сасновай смалой. Цэлымі днямі стукалі сякеры і гудзелі пілы. Працавала шмат людзей. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў, хату для парабкаў, хату для гаспадара, якая будавалася на панскі манер — з часаных бярвенняў, з нямецкімі вугламі, з адмысловымі ганкамі і вялікімі вокнамі. Наняўся туды на работу і стары Лявон. Ён адразу. звярнуў на сябе ўвагу галоўнага майстра еваёй кемнасцю і стараннасцю. А здароўе ў яго было такое, што ўсе проста дзівіліся. Бывала, падыме сам такое бервяно, што і малады не патрапіў бы падняць. А якія вясёлыя байкі ён баяў пры гэтым, ажно ўсе рабочыя покатам са смеху каціліся. Дзеда Лявона любілі ўсе: і сам пан, і майстар, і работнікі. Гарэлку піў ён болей за ўсіх. Любіў пасля выпіўкі дужацца з маладымі і як толькі абхопіць каго-колечы сваімі жылістымі рукамі, дык той толькі задыхаўся і адразу — гульгіць, як сноп. Работа пачалася вясной.
Лявон, як толькі паступіў на работу, пабудаваў сабе з аполкаў будку каля печы сваёй былой хаты і жыў там адзін. За гэта і работнікі пры будоўлях і суседзі з ваколіцы называлі яго «дамавіком». Ён на гэта не злаваўся, так уцягнуўся і прывык да гэтай мянушкі, што калі часам звалі яго імем Лявон, дык не адклікаўся.
Разам з будынкамі ішла работа і на полі. Навезлі шмат жывёлы, коней, валоў, кароў, авечак і птаства. Аралі, сеялі, касілі, жалі, і ўсё было звезена ў новыя будынкі. Тут ужо відаць было, што не мазолістая рука панурага гаротнікаратая будавала для сябе гняздо, дзе памалу сам гаспадар на сваім коніку возіць бярвенні, майструе курную хацінку, праз год з'яўляецца пуня, потым ток, і кожная здабытая жывёліна — вялікая падзея ў яго шэрым жыцці. Не. Тут будавалася гняздо багатыра. Як залаты дождж, сыпаліся дукаты. Пан сам пальцам аб палец не крануў, а дзесяткі людзей, найміты-нявольнікі, за яго працавалі. Як у казцы, усё зрабілася адразу. Як «га», гатоў быў рай на зямлі. За адно лета паспелі нават сажалку выкапаць пад пагоркам, агароднік-немец пасадзіў вялікі сад, абапал дарогі да гаспадарчага дома былі пасаджаны прысады — маладыя таполі. Высокі, новы, афарбаваны крыж з масянжовым Панам Езусам красаваўся на дарозе да новага фальварка, як шчыры вартаўнік багатырскага гнязда. I маладыя прысады выглядалі таксама, як шарэнга малайцоў, якія вартавалі новы хутар, што красаваўся сваімі бялюткімі, высокімі, зграбнымі будынкамі, дзе ўсё было зроблена з багатай рукі — і пекна, і моцна, і выгодна. А ў гумнішчы было поўна збожжа. Пахла свежым сенам, кветкамі, якія былі клапатлівай рукой пасаджаны каля ганка аксамітнымі клумбамі-дыванамі. А заводнае стада пасвілася ў лагчыне. Кожная штука выглядала, як лялька, як намаляваная. Новы фальварак выглядаў паміж вакольных вёсак, як багата прыбраная каралеўна, акружоная вясковымі бабамі-прыслужніцамі. I само неба, само сонца іначай глядзела на новы фальварак, чымся на вакольныя вёскі: першаму светла ўсміхаліся, а на апошнія хмурыліся або іх зусім не прыкмячалі.
Адна толькі фігура Пана Езуса на новым пышным крыжы выглядала небагата ў сваім багацці. Здавалася, што ўзялі жабрака з-пад цвінтара, надзелі яму карону на галаву і назвалі царом, а ён тым часам выстаўляе руку, кланяецца і просіць капеечку, кажучы пры гэтым: «Я — самы просты з простых. Я — самы бедны з бедных. Я — самы добры з добрых. А палацы будавалі, на гэтым полі працавалі, гэтыя жывёліны даглядалі мае браты — бедныя мужычкі. Бойцеся Бога. Як найболын спакоры. Багатыя маюць радасць у кароткім жыцці на зямлі, а бедныя на векі вечныя на небе. Бедныя будуць на тым свеце ў раі, а багатыя — у пекле. Шкадуйце багатых і будзьце паслухмяны».
Ад папялішча Такароўшчыны і пуху і духу не засталося. Новы фальварак пан назваў Магданоўшчынай. Загадаў ачысціць зямлю з-пад лому, цаглін і смецця і заараць на зіму.
Вось пасля таго як знік апошні след былой гаспадаркі Лявона, дзед зкоў зрабіўся маўклівым і суровым і перабраўся ў тую хату, да таго самага мужыка, дзе ён раней жыў.
I зноў перарабіўся з «дамавіка» на «чараўніка». I ўсе яго зноў пачалі пужацца. Ад былых слядоў яго любай зямелькі засталіся толькі адны старыя могілкі, якія пан не адважыўся знішчыць.
Гэтыя могілкі яшчэ лучылі душу старога Лявона з сваім мінулым, якое ніколі не вернецца. Нібы стары крыж, выглядаў ён паміж крыжамі, дзе па асенніх начах выстайваў па некалькі гадзін... Але думкі яго былі глыбока захаваныя і цёмныя, як дажджлівая асенняя доўгая ноч, як нямая ціхасць магілы.

1 2 3 4
Size