Дванаццацігоднікі

1 2 3 4

Ужо болей за сто год, як воддаль тракту, на пагорку, стаяла вёска Такароўшчына. Вёска невялікая — сяліб каля дваццаці. Але яна вызначалася ва ўсёй ваколіцы сваім багаццем. Хаты зграбныя, высокія, чыстыя, пакрытыя не саломай, як у суседніх вёсках,
а драніцамі. Кожная хата мела на сваім дзядзінцы добрую, чыстую студню; пры кожнай сялібе быў добры агарод, садок, а воддаль шырыліся палосы тлустага чарназёмнага поля, а далей — высокі панскі лес, а за лесам — балота, а за балотам — сплаўная рэчка Слізянка.
Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным, найлепшай жывёлінай і добрымі тканінамі. Гэтыя тавары такароўцы вазілі прадаваць на кірмашы ў ваколічныя мястэчкі або гандляры прыязджалі да іх у вёску купляць.
Заўсёды ўвосені, калі з поля ўжо ўсё было сабрана, калі кірмашы па мястэчках ажыўляліся і ўсюды гаргэкала саранча гандляроў,— за такароўскія тавары тварыліся цэлыя авантуры, скандалы і гісторыі: кожнае мястэчка вастрыла зубы на такароўскія вырабы. Кожны гандляр прыцмокваў губамі, успамінаючы Такароўшчыну. Аб Такароўшчыне гаварылася ва ўсіх крамах, шпіталях і сінагогах. За Такароўшчыну пачыналіся ў часы малітваў спрэчкі, сваркі, а часамі нават і бойкі. Пэйсы і бароды луналі ў паветры, як павуціна на платах і дрэвах на асеннім шляху.
I было за што: кожнаму гандляру хацелася здабыць такароўскія тавары. Задобрываў ён такароўцаў рознымі гасцінцамі і гарэлкай. А такароўцы харахорыліся, як гусакі: фанабэрыя іх расла як на драждах; гонар квітнеў, як бэз у маі; і павага да сябе ў такароўскіх гаспадароў расла ў грудзях сялянскіх так шпарка, ажно не тоўпілася, і на ўсе запытанні ў скаканні вакол іх і заглядванні са смагай у самыя зрэнкі такароўцы адказвалі няяснымі і нявызначанымі «г-м-м», «пабачым», «памацуем», «пагутарым», «паспеем», «прыедзеце да нас» і іншымі такімі слоўцамі, якія хмеляць, вабяць, абяцаюць і не абяцаюць, якія спаць не даюць па начах местачковым гандлярам.
I вось гандляры пускаліся навыперадкі ў Такароўшчыну ў асеннія дажджлівыя раніцы і нават па начах. Кожны з іх хацеў быць першым, кожны хацеў сабе загарнуць смятану такароўскай працы, і заўсё-ы канчалася тым, што ў адну любую раніцу ў Такароўшчыне пачынаўся такі шум, такі гармідар, ажно з ваколічных блізкіх вёсак прыбягалі сюды, як на пажар. Гэта, як наўмысне, усе гандляры з'язджаліся разам, і каля кожнай хаты стаялі пяць-шэсць фурманак. Тут зноў бароды і пэйсы ляцелі, як птушкі, па вуліцы, і сінякі на тварах цвілі, як васількі.
Такія катавасіі звычайна канчаліся «хэрымам». Гэта значыць, што ўсе гандляры згаварваліся паміж сабой і зусім не куплялі тавараў у такароўцаў у вёсцы, а пастанаўлялі так, што ў якое мястэчка, да якога гандляра такаровец сам павязе свой тавар — той без перашкод купляў у яго за пэўную цану, вызначаную «хэрымным» кагалам.
Тут у такароўцаў гонар ападаў на некалькі квінтаў уніз, і яны самі вазілі тавар да тых, хто ім болей спадабаўся і хто лепей угашчаў. Гэтак у іх вялося спрадвеку. Яны шчыра працавалі, добра жылі, і ад іх людзі яшчэ лепей зараблялі.
Так ішло пакаленне за пакаленнем. Старыя паміралі, маладыя старэлі, а малыя падрасталі. Было ўсё спакойна, добра і ішло як па заведзенаму добраму загарку.
Суседнія вёскі зайздросцілі ім за багацце, не любілі іх, стараліся ўсялякімі штукамі такароўцам дапякаць.
А разбурыць супакой душы такароўца было надта лёгка. Было адно чарадзейнае слова, ад якога такаровец дрыжэў, нібы ўбачыўшы перад сабой страхоцце: ён, пачуўшы гэтае слова, чырванеў, бляднеў, дрыжэў і адсоўваўся назад, як ад пука запаленай саломы. А слова гэтае было зусім простае, звычайнае: «кутнік».
I, здаецца, смех адзін бярэ — назваць заможнага гаспадара з Такароўшчыны «кутнікам». Але калі які малы жэўжык-пастух часам, калі ўзбураны такаровец забярэ ў хлеў яго карову з поля за патраву, крыкне на дарослага, як дуб, асілка з Такароўшчыны «кутнік», дык той адразу нямеў, язык прыклейваўся да губы і — «ні бэ, ні мэ, ні кукарэку» — асілак слабеў і не ведаў, што рабіць, ажно жаль было глядзець на яго. Такаровец выглядаў як жывы труп і толькі салопаў асалавелымі вачамі.
У чым была сіла слова «кутнік»?
А вось у чым.
Зямля Такароўшчыны належала не да сялян, а да блізкага пана Магдановіча, багатыя маёнткі якога рассыпаны па ўсім павеце і займаюць, бадай, дзесятую часць усяго павету. Калісьці ў яго прадзеда ляжаў дзікі пустыр зямлі без усялякага ўжывання, і вось гэты пустыр ён аддаў у арэнду на дванаццаць гадоў некалькім сялянам, якія збудавалі там хаткі і пачалі гаспадарыць. Людзі былі рупныя і працавітыя, дык вось праз некалькі гадоў яны абрабілі гэту зямлю вельмі добра і зажылі, што называецца, багата. Вёска расла з кожным годам — дарасла ажно да дваццаці хат. Панасадзілі сады, забуяла поле, і гэты пустыр зрабіўся раем, не горшым за любы з маёнткаў пана Магдановіча.
Кожныя дванаццаць гадоў яны аднаўлялі кантракт, штогод плацілі акуратна арэнду і жылі прыпяваючы, забываючы аб тым, што гэтую зямлю пан Магдановіч у іх можа адняць у кожным канчатку злыбеднага дванаццацігодніка.
У кожным дванаццатым годзе такароўцы хмурнелі, непакоіліся, стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады і задобрываць яго рознымі падарункамі і работай: талакой вазілі яму бярвенне з лесу, талакой касілі яму балота і заворвалі
вярстовыя шнуры ў маёнтку; бабы дарма жалі яму поле, мужыкі вазілі снапы ў панскае гуменішча і да позняй восені малацілі яго збожжа.

1 2 3 4
Size