Сорам

1 2 3 4 5 6

— Прапаў я, злітуйся, Божанька!..
Кінуўся непрытомны ў сена каля сцяны і давай зарывацца, шэпчучы: «Ліха на мяне!» Зарыўся ў сене і ўсё шчыльней заплюшчваў вочы: ён сніць нешта страшнае. Зараз сон міне...
Тым часам Арцём і Міхалка падышлі да пуні. Ігналя добра чуў. Ён у гэты момант прасіў у думках сваіх Бога, каб учыніў над ім цуд: каб ён, Ігналя, зрабіўся маленечкі, як муха, як рабачок, як пыліначка, каб мог улезці ў шчыліну сцяны і схавацца так, каб яго і сам чорт знайсці не мог.
— Хто тут? — крыкнулі Арцём і Міхалка, скрыпнулі варотамі і ўвайшлі ў пуню. Яны запалілі запалку і пачалі азірацца.
— Ці не ўцёк, гад, бо яго не відаць,— казаў Арцём, запаліўшы другую запалку.
Яны палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць, пакуль не знайшлі мех, напалову напханы сенам, і каля сцяны — шапку.
— Гэта ж Ігналева шапка! — крыкнулі яны ў адзін голас.— Ігналева шапка!
Ігналева шапка была вядома па ўсёй ваколіцы. Яна калісьці, як яе насіў яшчэ Ігналеў бацька, Макар, была баранкавая, але ад доўгіх гадоў аблезла, зашмальцавалася, як бы дзёгцем абмазаная, і да гэтага яшчэ ўся парвалася, і вата вылазіла наверх шматамі. Па ўсёй ваколіцы, калі хацелі каго-колечы вылаяць, дык гаварылі: «аблуплены, як Ігналева шапка», «страціў фасон, як Ігналева шапка», «вымазаўся, як Ігналева шапка», або: «француза ў нашай вёсцы помняць толькі двое: сталетні дзед Тодар і Ігналева шапка». Шапка карысталася вялікай славай.
— Ну, шапка, дзе твая галава? — крыкнуў Арцём.
— Ігналя, дзе ты? — крычаў Міхалка.— А д'ябал яго ведае, дзе ён тут схаваўся.
— Вось ён які спрытны! — сказаў Арцём. Міхалка вылаяўся брыдкім словам і крыкнуў:
— Вылазь, злодзей, а то жывога не выпусцім! Не хватала яшчэ, каб злодзеі завяліся ў нашай вёсцы.
— Ліха на мяне! Ліха на мяне! — бурчэла нешта з-пад сена, нібы само сена гэта гаварыла або нейкі злы гуменнік, які тут сядзіць. У сене заварушылася. Паказаліся Ігналевыя атопкі, ногі. Ігналя, стогнучы і мармочучы, вылез.
Сена выплюнула непрыстойнага свайго ворага, радзіла чалавека. Ігналя стаяў перад суседзямі.
— А суседзі, а родненькія, пашкадуйце! — залямантаваў ён.— Дальбог, у першы раз...
— Ды ты, чалавеча, шапку забыўся. На, маеш сваё дабро! — сказаў Арцём.
Ён так моцна насунуў шапку на галаву Ігналі, што той аж падсеў, сагнуўся.
— Ну, ідзем у хату! Жыва! — крыкнуў Міхалка. Вывелі Ігналю з пуні.
— Пашкадуйце! — плакаў і стагнаў Ігналя.
— Злодзея шкадаваць не трэба! — зашыпеў злосна Арцём.
— Во і замок зламаў! — сказаў Міхалка і падаў замок, які ляжаў ля варот.

1 2 3 4 5 6
Size