Сорам

1 2 3 4 5 6

— Гэй, зладзюга!
Міхалка ўдарыў Ігналю замком пад бок.
— Мы табе пакажам!
Ігналя застагнаў. Рукі ў яго павіслі, як анучы. Ён ішоў па сцежцы паміж Арцёмам і Міхалкам, як арыштант.
— Хлюп! Хлюп! — гаварылі яго мокрыя дзіравыя атопкі: скардзіліся на гаспадара свайго, што павёў іх па кепскай дарозе. А ў Ігналі думкі блыталіся, як спуджаныя птушкі, кіраваліся да адной мэты. Ён пачуў у душы сорам, такі вялікі, страшны сорам, ажно млосна рабілася, у вачах зялёныя кругі стаялі. Незвычайнай штукі зажадалася яму: каб адчынілася зямля і каб яго, Ігналю, жывога глынула, каб ён болей свету-сонца не бачыў. Або няхай лесвіца спусціцца з неба ўніз да самых ног яго. Ён бы тады карабкаўся ўверх па гэтай лесвіцы вышэй за воблакі, вышэй за зоркі. Карабкаўся б угару, угару... Так усё жыццё, усю адвечнасць і біўся б галавой аб лесвіцу, каб заглушыць адно прыкрае слова, якое звінела ў яго вушах.
«Злодзей».
Ён прасіў літасці, каб вецер-буралом развеяў яго, Ігналю, у пясок, у попел, каб ад яго не засталося ніводнай костачкі, ні валасочка... Захоплены гэтымі думкамі, ён не прымеціў, як яго ўвялі ў Марцінаву хату. Нічога не зразумеў, не бачыў, што вакол яго голасна гаварылася і рабілася. Ні дзеля яго падняўся такі гармідар. Ачухаўся толькі тады, як у хаце запалілі газніцу. Прачнуліся ўсе хатнія і пачалі з дзівам і злосцю аглядаць Ігналю, нібы бачылі яго ў першы раз. I вочы, і нос, і твар, і постаць яго былі для ўсіх незнаёмыя. Увесь выгляд яго змяніўся. Валасы скалмачаныя, у сене. Да парваных вопратак прыстала космамі сена. Ён напамінаў калматага дамавіка, лесуна або вадзяніка, якіх калісьці малявалі ў казках.
Зусім не Ігналя. Не той ціхі, маўклівы, нязграбны і неадважны чалавек, які ніколі ў сваім ясыцці і муху не зачапіў. Гэты ўчынак адкінуў яго ад людзей на вялікую далечыню, на бязмерную глыбіню, адрозніў яго ад іх.
«Злодзей» — насілася страшнае слова вакол яго.
«Злодзей» — гаварылі ўсе на розныя лады — гнеўна, з крыўдай, з жалем, кпліва і голасна, і шопатна.
«Злодзей, злодзей, злодзей» — чуваць была дзікая музыка.
«Злодзей» — вісела ў паветры нямое гадлівае слова. Яно агністым знакам прыстала да яго постаці і ніколі, ніколі не адстане... Людзі не забудуць... Будуць расказзаць па ўсёй ваколіцы, на ўсе лады, з рознымі дадаткамі, з гучнымі дамаляваннямі, з прыкрай брахнёю. Будуць апавядаць у будні дзень, у святочны, на кірмашах, на сходах. Будуць усе дзівіцца, ківаць галовамі, смяяцца, шкадаваць, гневацца. Ігналю нідзе праходу не дадуць. Куды б
ён ні пайшоў — усюды будуць на яго пальцамі тыкаць, паказваць:
«Во — злодзей, злодзей...»
Вакол яго будзе відушчы смаляваны арэол надмернага сораму, якога не змыеш ні ў якай вадзіцы. Ніякія дактары лекамі, ніякія варажбіты замовамі не адымуць у яго гэтага сораму.
Ігналя будзе ўцякаць ад свайго смяртэльнага ворага — сораму, а сорам гэты будзе заўсёды, як цень, як кажанныя скрыдлы, тырчэць за яго плячамі... Як Ігналя пусціцца наўцёкі, дык сорам загародзіць яму дарогу, вышчарыць зубы, зарагоча, як нячысцік, і скажа:
«Я тут! Я з табою, не вырвешся ад маіх лап!»
I гэтак да смерці... А калі Ігналя памрэ, дык сорам яго ўсё роўна жыць будзе. Сінім аганьком будзе вартаваць яго магілу. На Ігналевых хаўтурах будуць аб гэтым гаварыць. Унукам і праўнукам будуць расказваць. Гэты сорам застанецца на ўвесь яго род. Добрая памятка забываецца, а кепская — ніколі, ніколі.

1 2 3 4 5 6
Size