Сорам

1 2 3 4 5 6

Урачыста падвялі Ігналю да стала. Паставілі яго, як драўляную нежывую фігуру з апушчанай уніз галавой. Урачыста палажылі паламаны замок на стол, пасля чаго расселіся з нейкай павагай і цырымоніяй.
Урачыстасць і цырымонія перад страшным судом над Ігналем.
— Г-м-м! — сказаў Арцём.— Дараваць нельга.
— Г-м-м! — сказаў Міхалка.— Трэба яго судзіць.
— Гэта ж першы раз, пане дабрадзееньку,— вытлумачыў сам гаспадар Марцін,— можа, падаруем, га?
Мяккая, добрая нотка чулася ў гэтым «га» з запытаннем. Злосць у Марціна адпала.
— Дараваць! Дараваць! — загаварылі ўсе хатнія. Арцём з Міхалкам заартачыліся.
— Ты баішся, каб са злосці Ігналя потым цябе не падпаліў? — запытаўся Арцём.
— Думаеш, што ён потым табе адамсціць? — казаў Міхалка.
— Не, пане дабрадзееньку, нічога не думаю. Але вось гэта ж першы раз. Ён болей чужога чапаць не будзе. Падаруем, га?
— «Га, га»,— перадражніў Арцём.— Ды ты, Марцін, дурны, як цецярук! Вось дзеля гэтага, што ў першы раз, дык і дараваць нельга. Калі цяпер пакараем, дык ён дзесятаму закажа не красці, а падаруем, дык выгадуем новага злодзея на пагібель нашай ваколіцы. Пачаў з сена, а потым коней будзе выводзіць з вашых хлявоў.
— Нельга, нельга дараваць сукінаму сыну! Гэта ж асмяюць нас усе! Гэта ж крымінал! — гарачыўся Міхалка.— Гэта ж потым яшчэ нас да суду пацягнуць, як даведаюцца! Гэта ж быў крадзеж са ўзломам. Гэта ж ён во — замок паламаў!
Ад злосці Міхалка моцна стукнуў кулаком аб стол. Замок падскочыў і зазвінеў: адазваўся.
— А праўда, пане дабрадзееньку, праўда! — згадзіўся Марцін.— Гэта ж са ўзломам. Чаму ты гэта зрабіў са ўзломам, Ігналя, га?
Мудронае «са ўзломам» пераканала раптам і Марціна ў вялікай праступнасці Ігналі, якая ніякім
чынам не можа быць падаравана. Яму ўспомніліся розныя суды за зладзействы ў ваколіцы, па якіх за «ўзлом» строга каралі астрогам. Калі бываў «узлом», дык земскі начальнік надта рэдка змякчаў гэты «ўзлом» звычайным хабарам і лапоўкай. Хабар павінен быў быць шчодрым.
— Са ўзломам...— паўтарыў Марцін і ад малой злосці перайшоў у вялікі гнеў.— Што ж ты гэта нарабіў, Ігналя? Скажы, пане дабрадзееньку, га? Што нарабіў? Злодзей ты! Злодзей са ўзломам! Зла-дзюга-а-а...
Марцін стукнуў кулаком аб стол. Замок зноў адазваўся гнеўным звонам.
Кожны раз, як кулак удараўся аб стол, агонь газніцы дрыжэў, мільгаў; дрыжэлі цені на сценах: уся хата гневіцца на злодзея.
Вочы ўсіх утаропіліся, упіліся ў «зладзюгу». У кожнага ў душы адбіваўся асабісты страшны вобраз яго. Не Ігналя, а нейкі звер — не звер, а людаед — не людаед. Нешта надзвычайна нялюдскае і агіднае.
Ігналя і шаптаць лерастаў. Яшчэ ніжэй апусціў галаву, акамянеў, адубеў.
Настрой у людзей быў падняты не на яго карысць.
— Зладзюга, пане дабрадзееньку, што ж ты нарабіў? — гарачыўся Марцін.— Глядзі во, на замок глядзі...
Марцін тыцкаў яму замком у твар.
— Глядзі.
I тое, што Ігналя ні разу не глянуў на замок, Марціна яшчэ горш злавала. Ён пачаў кулаком правай рукі падымаць знізу ўверх за бараду голаў Ігналі, левай рукой тыцкаў замком у самыя вочы.
— Глядзі!
Ігналя так моцна ўціскаў галаву ўніз, ажно зубы ў яго скрыпець пачалі, твар крывёй наліўся. Аднак жа Марцін ірвануў яго голаў уверх. Ігналя пачаў коса круціць зажмуранымі вачамі па баках, зрэнкі яго пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Страшным зрабіўся...
— Не гаварыць з ім, не дурачыцца, а звязаць ды ў воласць адправіць! — грымнуў Арцём.
— Вязаць! Вязаць! Во, гэта — дзела! — згадзіўся Міхалка.

1 2 3 4 5 6
Size