На зачарованых гонях

1 2 3

Разявіўся моцна мужык. Чорнай трубой глядзіць скрыўлены рот. На языку таксама пясок. На носе — таксама. Упарты, відаць, быў мужык, не даваўся. Яго галавой, як сахою, аралі людзі па зачарованых гонях. Вунь і след ёсць на пругкай зямлі. Якраз баразна.
Яго цягнулі за ногі галавой уніз.
— Іначай нельга было,— казалі панскія найміты,— брыкаўся, шэльма!
— Рат...
Тут хрыплы голас абарваўся. Нібы бочка трэснула... Толькі вочы вылезлі на лоб, мужыцкія вочы — шчырыя, жаласліва-страшныя і нямыя. Слёзы кап-кап, і мокрыя сцежачкі расціраліся па зямлістым твары мужыка.
— Хліп-хліп! Хліп-хліп!
Ціхі плач ірваўся з валасатых грудзей.
Да самага вечара прыйдзецца галышком пасядзець у муравельніку. Злоўчынак быў вялікі — прыгоннік украў булку хлеба з панскай пякарні... Над-та ўжо дзеці есці хацелі — жаласць прабірала...
Чорнай дзяругай вісіць асенняя ноч над зямлёй. Ні зоркі аднэй зверху, ні іскрачкі знізу. Вые вецер асенні, вые, як галодная звярына. Рыскае вільготны гад пад буйным дажджом і кідае з гнілой пазухі жмуты страхоццяў ва ўсе бакі. Стогне пустое поле. А дождж плюхае аб жорсткае іржаннё, якое тырчыць на зачарованых гонях няголенай барадой старога дзеда. Войкаюць тры хвойкі, ківаюцца ва ўсе бакі і крэхчуць.
Жуць і непрытул спацыруюць па цёмных абшарынах. Золкасць коціцца атрутным макам над зямлёй. Доўгая-доўгая асенняя ноч. Канца ёй няма.
Упірайся вухам у цемру і пільна прыслухайся: шэпт, чалавечы шэпт пад трыма хвоямі хаваецца. Трывожнае, жудка-злоснае «шу-шу-шу» гойдаецца адтуль...
Кінь моцна вокам у цемру і рупна паўзірайся: цені, тры чалавечыя цені шавеляцца пад трыма хвоямі.
Хто іх клікаў сюды апоўначы глухой? — Лёс, нядоля мужыцкая!
Дзікі, прадсмертны крык нырнуў з-пад хвоек; такі крык, ажно ўся зямля закародзілася. Рэзалі чалавека, мучылі яго ў глушы.
Цішыня...
Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шоргалася, дзынкала аб каменні. Доўга шапталіся тры цені, а потым утанулі, расплыліся ў чорнай вільготнай воўне асенняй ночы.
Назаўтра трывога пайшла гуляць па ўсёй ваколіцы:
— Пан прапаў... пан прапаў...
— Сам антыхрыст засеў у ім! — гаварыў поп пра сына Макара Канцавога.
Высокі і худы быў Міхась, Макараў сын. Вочы ў яго былі глыбокія, задумёныя і цёмна-сінія з аганьком,— здавалася, што зараз бухнуць яны полымем і запаляць усіх. Як глянуць на чалавека — наскрозь яго бачаць. Такія ўжо чароўныя вочы: гнеўныя, гнеўныя. Але затое як скажа слова дзяцюк, дык чырвонцам кіне — добрае, добрае было слова яго. А простае, а разам з гэтым мудрае — мужыкі слухалі і наслухацца не маглі.
— Ну, з кніжкі чытае, дый годзе!
Міхась служыў на фабрыцы ў горадзе. Час ад часу прыязджаў у родную вёску. Прывозіў кніжачкі. Але непісьменныя сяляне любілі лепей яго ясывую гутарку.
Аб чым ён гаварыў?
Аб усім гаварыў ён. 3 яго гутарак гарапашнікі даведаліся, скуль ліха на свеце. Так добра даведаліся, што задумалі сагнуць гэта ліха ў тры пагібелі, як асілак падкову конскую. Задумалі бунтавацца проціў цара і паноў.
— У гарэтыка Міхася рогі на лбу і хвост ззаду,— гаварыў поп,— нячыстая сіла ў ім гняздзіцца. Ён — антыхрыст.
Ківалі галовамі мужыкі і грозна маўчалі. Рукі сціскаліся ў кулакі. Вочы гарэлі. Во-во кінуцца людзі на папа... во-во юху яму спусцяць... Во-во ад яго толькі мокрае месца застанецца...
Стрымліваліся мужыкі.

1 2 3
Size