На зачарованых гонях

1 2 3

Пад бокам ураднік сядзеў. Вусы ў урадніка тырчэлі, як у ката. Твар быў круглы, як качан капусты. Нос чырвоны, як бурак,— ураднік часта сівуху пробаваў. А вочы ў яго былі, вочы! Шкляныя і гідкія. Як два слізкія казённыя арлістыя гузікі, блішчэлі яго вочы. Як брудная кіпучая вада ў гаршку, бурлілася з яго глоткі хрыпла-п'яная непрыстойная лаянка.
— Закатую да смерці с-с-сукіных дзяцей,— бурчэў ён.— Закую ў ланцугі ды ў Сібір адпраўлю!
Уцёк Міхась. А «бунтарскія» кніжачкі з горада сяляне закапалі, як нябожчыкаў, на зачарованых гонях пад хвоямі.
Панскі маёнтак стаяў воддаль ад зачарованых гоняў, на паляне. Дахам бляшаным ён рос угару, а вокнамі-вачамі волата зіркаў навакол.
Вокны бачылі ўсю ваколіцу. Ад іх не ўтоішся. Сяляне, праходзячы воддаль, заўжды шапкі рвалі з галавы і комкалі іх у каравых пальцах, як надакучлівых шчанят.
У адну раніцу...
Зарагаталі вокны крывавым смехам. Задыміліся страшна.
Нібы ў панскіх пакоях стаяў нехта вялікі ды з вялікай люлькі піпкаў — дым пушчаў праз вокны.
Закашляў панскі дом, і чырвоныя языкі пачалі высоўвацца з усіх яго шчылін — з дзвярэй і акон. Загулялі языкі, пачалі лізаць сцены. 3 сцен раслі ўверх велічэзнымі кветкамі!
Бу-у-ух! бу-у-ух!
Сцены зарыпелі, заскрыпелі. Уверх падымалася чырвоная гара; расла, бухала аграмадным велікодным яйцом; сыпала-брызгала з сябе крывавых пеўняў, залатых змеяў; пускала пукі зорак угару і рагатала.
Жудасна рабілася хвойкам на зачарованых гонях, жудасна і цікава:
— Якое ж гэта свята ў маёнтку? Ці ж званы званілі?
А святаў шмат — у календары не змесціш: то царскі дзень, то божы дзень, то панскі дзень, то так сабе дзень. Лічы — і заблытаешся.
На папялішчы панскага маёнтка людзі рэпу сеялі. Добрая рэпа расла — у цівунскую галаву. Дзівіліся людзі і надзівіцца не маглі. Хоць вязі ў горад напаказ!
На зачарованых гонях.
Зноў сонечны летні дзянёк. Зноў жнейкі жнуць. Толькі не для пана — для сябе. Ніхто над каркам не стаіць. Вясёлая песня рвецца з грудзей і раскідваецца на абшарах гукамі-клічамі:
Адвеку мы спалі, I нас разбудзілі...
«Разбудзілі» — варочае ім водгаласамі прамяністая сонечная шыр.
— Разбудзілі!

1 2 3
Size