На зачарованых гонях

1 2 3

На зачарованых гонях, нібы тры адвечныя вартаўніцы, шушукалася тройца зграбных стромкіх хвоек. Нібы карагодніцы, якія во-во пусцяцца ў скокі, хвойкі рухалі зялёнымі пругкімі рукамі-лапкамі.
Вілаватымі ланцугамі-карэннямі хвойкі былі прыняволены некім да гоняў. Хтосьці паставіў іх тут глядзець за тым, што чыніцца вакол.
Загартаваная двухклыковая саха грызла зачарованыя гоні з году ў год, пераварачвала лусты-скібы чарназёму. Смаглай, жывой зверыною з дрэва і жалеза саха ўядалася глыбока ў глебу.
Нуканне і тпруканне аратая, лясканне драцянкі па абручах-скабінах калматай кабылкі сыпаліся на глебу невідочным насеннем. Як шрот аб бляху, дзынкалі гукі мужыцкія аб чорныя барозны, аб сухія равочкі.
Земляроб пры гэтым гнуўся і крактаў. Во-во прыпадзе грудзьмі да гоняў. Во-во зрасцецца з чарназёмам. Во-во і кабылка распластаецца-расцягнецца ракам па барознах на ўсіх чатырох нагах. Глеба іх гльше — і знаку не застанецца...
Вялікай прагнасцю дыхала глеба. Яна любіла, калі над ёю рыпалі-хрусцелі косці, калі мускулы рабіліся цвёрдымі, як дубовыя сукі, і пругкімі, як сталёвыя спружыны. Яна любіла, калі гарачая жыяса поту бруднымі ручаінкамі разыходзілася па глыбокіх зморшчынах загарэлага твару. Яна любіла, калі шышкі-мазалі глебнага колеру цёрліся-шараваліся, як брускі, і фарбаваліся крывёй.
Глеба гадавала шчырае замілаванне да сялянскага болю, натужнасці і асілкасці...
Зрашатаваная агнёвымі шыламі сонечных праменняў, глеба выціскала паўзверх сваіх захованых хохлікаў зялёныя шпількі руні.
Барадой мядзяна-злотнай кучаравіліся мільённа-копныя шчоткі жытніх каласоў, тырчэлі, як дротшчаціна на чорным карку аграмадзістага япрука. Да ярка-сонечнага полымя ў блакітнай вышцы, як ніткі-змейкі, цягнуліся каласы, упарта імкнуліся да чорных бульбінкаў-жаўранкаў, якія сыпалі з неба ў нізіны зыкі-пералівы, булькалі жвірова-жоўтай рачулкай.
Калісьці на гэтых зачарованых гонях шуткавалі дзяўчаткі-калінкі лясныя, прыгонніцы панскія, шуткавалі зазубленымі сярпамі-палумесяцамі. Сярлы жорстка глымзалі жытнія гоні, прагна глыталі каласы, сноп за снапом, мэндлік за мэндлікам.
Хай гікае панскі прыганяты, хай ляскае раменны гадзюка-бізун,— красуні маладыя перакідваліся вясёлымі жартамі.
Грэх не жартаваць, калі жар-сонейка грае, калі птушкі, званочкі двухкрылыя, звіняць, калі вакол хмялеюць шкляныя далечы і мітусяцца палосы зялёна-кудзерных гайкоў.
Грэх не жартаваць, калі ў далі-дальняй шэрыя купінкі хатак вясковых у самыя воблакі лезуць, калі з гладышкоў-комінаў коціцца дымок ружова-сівюсенькі і верціцца рухліва-бурштынавымі клубочкамі-яблыкамі...
А познімі змрокамі ідуць маладыя жнейкі да-хаты, ідуць грамадкай цеснай, босыя. Чырванеюць кветкі-вышыўкі на белі востракантовых хвартушкоў. Бялеюць хусткі на ільняна-русых полымях валасоў.
Ці не лябёдкі гэта перакінуліся раптам у залачо-навалосых дзяўчатак?
Ці не чарадзейніцтва рэй вядзе на вытаптанай сцяжынцы-каруне?
На спінах камень-боль вісіць. На тысячы міль цягнуўся летні дзень. Ад цямна да цямна працавалі — пан скардзіцца не павінен.
Пелі яны хорам, усе разам. Шчыры смутак, як мёд ліповы, кадзіліў змрочнасць. Волі жадалася:
Дайце вы мне вольку — Я ў зязюльках апынуся; Дайце вы мне крылкі — Я да пташак прылучуся...
«Вольку!» — адгалошвала мутна-цёмная шыр сваімі чатырма старонамі.
«Вольку!» — вышываў нехта любавабнае слова на небе чырвонымі пчолкамі.
Гарачы кісель льецца з высотаў уніз. Сонечна-варны дзень. Зачарованыя гоні во-во растопяцца ад гарачыні, як сала на патэльні. Пад трыма хвоямі гудзіць цёмнае воблака куслівых аваднёў. Зярняткамі-летункамі носяцца яны ў паветры на адным месцы.
— Ой, ратуйце, людзюхны добрыя... ратуйце...— жаласліва-жудасна вохкала глеба.
— Ра-туй-це!
Стогн дзікі, працяглы, як асенняя ноч, вырываўся з-пад тройцы хваёвай, з-пад трох дрэваў нямых. Пад дрэвамі быў курганок-муравельнік. Вялікім ахапкам сіўцу здаваўся ён хвойкам. У ім і па ім ёрзалі рудыя зухаватыя мурашкі. 3 муравельніка тырчэла гола-меднае цела мужыка. За рукі ён быў моцна прывязаны вяроўкамі да яловага пня — так моцна, ажно рукі трзскаліся і выварачваліся з суставаў. Па жывым карчы чалавечага цела капашыліся соткі мурашак...
Хадыром хадзілі сукі-рэбры, «чорныя» мужыцкія косці пад скурай бруднай не хадзілі, а скакалі... Валасы ў мужыка былі скалмачаныя, потныя ды абсыпаны чорнай мукою-пяском. I твар скрыўлены быў, аблеплены зямлёй: не даваўся мужык, не хацеў лезці голы ў муравельнік...
— Ра-туй-це-е...

1 2 3
Size