Воўк

1 2 3

— Смейся, паяц,— буркнуў ён злосна.— А што такое ўсе ідэі, як не паляпшэнне чалавечага дабрабыту? А паляпшэнне дабрабыту можа быць толькі праз золата. Вось вам і зачараваны круг.
— Не праз золата, а праз разумную працу. Калі не будзе працы, дык чалавек спухне з голаду, маючы перад сабою горы золата. Савецкая ўлада і дамагаецца знішчыць каштоўнасць золата, знішчыць экеплуататараў.
— Хэ-хэ-хэ, і за гэта аддае свае сілы, каб некалі ўнукам добра жылося. А я хачу жыць не для ўнукаў, а для сябе. Жыццё нашае кароткае, а на будучыню мне напляваць.
I мой сусед сапраўды плюнуў убок звонка і шчыра.
— Каб заўсёды людзі так плявалі на будучыню, дык мы б усе і па сягонняшні дзень дзікарамі засталіся, у звярынай шэрсці,— сказаў я.
— Ну і засталіся б. А што, мы цяпер не дзікары? Мы жывём тымі самымі інстынктамі, як першабытныя людзі; чуць што, дык літаральна зубамі грызём адзін аднаго. Я так і гляджу на сябе, як на звера, як на ваўка, напрыклад. Во, грыз бы ўсіх, хто папаўся б мне між клыкоў. Закон жыцця, баценька!
Ён так на мяне зірнуў, аясно мне здалося, што побач са мною сядзіць воўк, які перакінуўся ў чалавечы вобраз.
Мы ўехалі ў лес. Сосны стаялі моўчкі, як зачарованыя. Здалёку пачулася жудасна-смутнае выццё галодных ваўкоў.
— Лёгкія на ўспамін,— засмяяўся мой сусед.— Толькі не бойцеся іх. Яны мне не першыня.
Конь вастрыў вушамі і нёсся з усёй сілы, кідаючы ў санкі снег капытамі, як лапатамі ўсё роўна. Бухнуў выстрал, які пошчакам аддаваўся з усіх бакоў. Дзесьці ў блізкім хутары забрахалі сабакі.
Мой сусед пачаў спыненую гутарку:
— Трэба сказаць, што я свайму богу-золату служыў і верай і праўдай. Раней, з пачатку вайны, я вазіў гарэлку на фронт цэлымі вазамі. Потым, пры розных акупацыях, купляў крадзеныя рэчы і вось сваёй гэтай рукой забіваў людзей, якія стаялі мне на дарозе.
Я ўздрыгануўся і скоса зірнуў на свайго суседа-ваўка.
— Нічога ў гэтым страшнага няма. Я змагаўся за сваю ідэю. Два гады таму назад я перапраўляў з Савецкай Беларусі ў Полынчу крадзеных коней цэлымі табунамі. Можа, памятаеце, як тады сярод белага дня ў сялян коней на дарозе адбіралі. Гэта мае агенты працавалі.
— Не гаварыце мне нічога, не расказвайце! — узмаліўся я.
— Хэ-хэ-хэ! Я вас не баюся. Вы мне нічога не зробіце. Можаце тысячу разоў перадаваць аб гэтым уладзе — яна са мною нічога не зробіць.
Чалавек гаварыў з такой пэўнасцю і так жудасна-мякка, што ў мяне ад яго шчырасці язык анямеў.
— А цяпер, баценька, я ўжо два гады займаюся кантрабандай. Займаюся тэй прафесіяй, якую так ганіць савецкая ўлада, за якую вельмі строга карае, за якую і вы глядзіце на мяне, як на праўдзівага ваўка. Хэ-хэ-хэ! Каб вы мелі столькі багацця, сколькі пераплыло праз мае рукі, вы б глядзелі на справы так, як я. Вы самі жадаеце мець гэтае багацце. Нашто? Ну, каб павандраваць па свеце, пажыць лепей, выкарыстаць сваё кароткае жыццё для сябе, а не для іншых, як вы нібыта робіце. Вось каб багацце вам пасыпалася з неба гатовенькае, вы б падставілі рукі, а як самому здабываць, дык у вас ні спрыту, ні адвагі на гэта няма. Вось у чым уся розніца паміж вамі і мною. Я, баценька, проста дабіваюся сваіх мэт, а вы ідзіцё ваколічнымі пуцявінкамі і дарожкамі.
Пры гэтым ён моцна пахлопаў мяне рукой па плячах і дружна абняў аднэй рукой.
Праз дзве футры я пачуў яго руку на сваіх плячах, нібы гідкая змяя датыркнулася да мяне.
Я сцяў зубы і маўчаў, думаючы, як вызваліцца ад яго дарагіх футраў, ад яго жмутоў золата, якія ляжалі ў маіх валёнках, і ад яго самога. Вось і паквапіўся на дармовую фурманку. Цяпер хоць кінь усё ды пехатой уцякай. Удзень я б гэта зрабіў, але ў глухую ноч, на марозе...
I я адчуваў сябе як бы ў палоне гэтага чалавека-ваўка. Прытым воля мая раптам пачала слабець. Я пачаў паддавацца яго чарам. Я пачаў яму зайздросціць, што ў яго такі добры конь і столькі багацця, што ён можа рабіць тое, што ўздумае.
Як бы ў адказ на мае д^мкі ён пачаў мне гаварыць далей:

1 2 3
Size