Воўк

1 2 3

Марозлівае паветра пахла ап'яняючай свежасцю. Было надзвычайна прыемна і лёгка ў грудзях. Ноч, асвечаная сняжыстымі далямі абшырных лагчын, прыслухоўвалася да лёгкага шастання палазоў, да глухога тупання капыт па пушыстым гасцінцы. Кацярынінскія прысады, абрызганыя сівой шэранню, стаялі абапал тракту, як два шэрагі мармуровых багінь, і чым шыбчэй фурман гнаў каня, тым шыбчэй прысады нясліся нам насустрач.
Мне трэба было ехаць вёрст восемдзесят побач з беларуска-польскай граніцай, якую агібаў гасцінец няправільнай, ломанай лініяй. Фурманка здарылася мне выпадковая з адным пагранічным жыхаром, які ехаў дамоў. Ён ахвотна ўзяў мяне з Мінска. Мала гэтага — даў мне на дарогу вялізарную дарагую футру, а ногі сам укруціў мне ў новае дамскае каракулевае паліто, зараней абсыпаўшы яго снегам, каб выглядала, як старая вопратка.
Я спачатку здзівіўся яго далікатнасці, але хутка зразумеў, у чым тут справа: гэтыя футры яму трэба было адправіць за граніцу, У валёнкі ён мне напакаваў некалькі стопак залатых манет, гладка абверчаных паперкамі. Сам ён быў напакованы і абкручаны футрамі яшчэ болей грузна, чым я. Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць. Вёрткі, энергічны і рупны. Нягледзячы на тое, што вечна недасыпаў, ездзіў па начах, ён быў поўны і ружовы — толькі вочы былі як бы трохі прыпухшыя і чырвоныя, у іх ззяў аганёк надзвычайнай прагнасці. Спачатку мы ехалі моўчкі, ціха паглядаючы фурману ў шырокія плечы, абцянутыя жоўтым свежапахучым кажухом. Мой сусед час ад часу пільна ўглядаўся па баках, ці не едзе пагранічны пост. Часам загадваў фурману зварачаць у бок ад дарогі і ехаць хутчэй, Наогул, ён увесь час трымаў вуха востра.
Яго трывога як бы праз электрычны ток перадавалася і мне. Ад непрывычкі я трывожыўся яшчэ болей за яго і пачаў па-ягонаму падазрона ўглядацца ўдаль і пільна прыслухоўзацца.
— Што, боязна? — запытаўся ён у мяне ціха.— Адразу відаць, што чалавек не прывык. А я — дык прайшоў добрую школу.
— Я і прывыкаць не хачу. Люблю спакойнае жыццё.
— Хэ-хэ-хэ, спакойнае жыццё. Спакойна жывуць толькі хатнія жывёлы. Вы моясаце так хоць дваццаць гадоў быць савецкім служачым, жыць спакойна і перабівацца з піва на квас. Хэ-хэ-хэ!
У яго кароткім хрыпаватым смяшку я пачуў едкую кпінку па майму адрасу, гордасць і веданне сабе цаны.
— Жыць на свеце трэба ўмець заўсёды, тым болей у апошнія гады,— пачаў мой сусед спакойным тонам практычнага настаўніка.
Яго голас, прафільтраваны праз два цёплыя пушыстыя каўняры, якія пакрывалі яму і ніжнюю часць твару, выходзіў трохі прыдушаным, замагільным. Здавалася, што гэта строгая Сібіла кажа адвечныя словы праўды.
— Так. Жыць на свеце трэба ўмець. Трэба быць сільным і смела змагацца за сваё існаванне. За гэтае існаванне змагаюцца народы, змагаюцца класы. У працэсе змагання падаюць, як мухі, мільёны людзей. Зямля абліваецца патокамі чалавечай крыві, сушыцца пажарамі.
Мой сусед адхіліў свае пушыстыя каўняры, і яго голас прыняў металічны водгук. Словы, здаецца, застывалі ў марозлівым паветры, удараліся, як шрот, аб шырокія плечы фурмана, аб круглы крыж высокага каня.
Я ціха прыслухоўваўся да яго гутаркі.
— Жыць, баценька, кожнаму хочацца. Кожны шукае крыніцу жыцця па-свойму. Дзе схавана, па-вашаму, крыніца жыцця, дзе?
Ён выставіў на мяне пару вуглёвых воўчых вачэй, якія смагла ўпіліся ў мае вочы.
Мне зрабілася жудасна ад яго ўспалёных зрэнак.
— Крыніца жыцця, як зачараваная царэўна, захавана ў жоўтым метале — у золаце. За золата купіш сабе ўсе прыемнасці ў жыцці — і гонар, і пашану, і пекных кабет, і нават найлепшыя чалавечыя ідэі. Усё дастанеш за золата,— казаў ён, урачыста адчаканьваючы кожнае слова. Я выставіў на яго здзіўленыя вочы. Ён гэта прымеціў.
— Дзівіцца тут няма чаго. Дзівяцца толькі дзеці і дарослыя людзі, падобныя да дзяцей. Золата — гэта ўсё. За золата я магу ўвесь свет купіць.
Мой сусед зняў рукавіцы, пачаў размахваць рукамі і горача гаварыць:
— Як герой, як рыцар, я змагаўся за здабыванне золата ад малых гадоў. Да нічога іншага ў мяне не было столькі замілавання і пашаны, як да золата. Усе думкі мае былі заняты толькі адной ідэяй: узбагацець.
— Высокая ідэя,— сказаў я з іроніяй.

1 2 3
Size