На балоце

1 2 3 4

«Гэта нашы партызаны б'юцца са шляхтай»,— падумаў дзед.
Усмешка з'явілася на яго худым твары. Ён прыпомніў, як калісьці і ён з туркам біўся. Тады і войны былі інакшыя, і ўсё жыццё было інакшае. Тады гвалтам цар гнаў людзей на бітву з невядомым ворагам, а цяпер людзі самі ідуць. Усе маладыя хлопцы з вакольных вёсак пайшлі на пана, ды не толькі маладыя, а барадатыя мужыкі пайшлі.
— Як не пойдзеш, калі шляхтуны катуюць мужыкоў, зневажаюць баб, да смерці замучваюць дзяўчат, паляць вёскі. Тут мусіш пайсці... Эх, каб я быў маладзейшы!..
Дзед глыбока ўздыхнуў.
— Але што ж! Калі не я, дык двое маіх сыноў б'юцца цяпер з ворагам.
Дзед апошнім схаваўся ў пушчы. Там ён далучыўся да ўсёй грамады, якая трохі асмялела і гойкала ў лесе на жывёлін.
Праз густыя галіны высокіх дрэў сонца рэдка дзе пранікала. У пушчы стаяў вечны змрок. Пахла вільгаццю, грыбамі. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў, да фантастычных жывёлін. Мох у гэтых мясцінах рос пухкімі падушкамі, папаратнік буяў вялізнымі кустамі. Хмяліў пах багуну і пераспелых ягад. Месцамі агалялася зямля. Яна была чорная, тарфяная, тлустая, бы масла. Стаялі тут яміны з вадою, нібы хтосьці выкапаў студні. Вада была пакрыта перламутравым блескам. Навакол па мяккай зямлі былі адціснуты чотка сляды ваўкоў, буслоў і дробных птушак. Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі.
Грамада людзей была занята. Кожны пільна глядзеў за тым, каб жывёла не заблукалася ў лесе.
Людзі прабраліся і праз гэты лес і дайшлі да Ціменкі — да балоцістага лугу, які доўгай і вузкай паласою цягнуўся паміж хвойнікам, сціснуты густым лесам з абодвух бакоў. Праз Ціменку яны дабраліся да сухога барка, што стаяў на невялікім узгорку цвёрдай, калючай барадой велікана.
Барок быў акружаны балотамі і лесам на некалькі вёрст вакол. Белапольскім бандам прабрацца сюды было немагчыма. Грукат страляніны даходзіў да барка глухімі далёкімі водгаласкамі, якія ледзь трывожылі людзей. Сваіх гаспадарак яны былі пазбаўлены колькі дзён таму назад, калі паны пусцілі ў вёску чырвонага пеўня.
— Партызаны дадуць сабе раду, яны маюць шмат кулямётаў і стрэльбаў, і, пэўна, да іх ужо і бальшавікі падышлі!
Сонца апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Надышоў вечар, і людзі, адарваныя ад свайго звычайнага ладу жыцця, ад усяго свету, зусім перайначыліся. Гора застыла ў грудзях камяністым комам. Рукі і ногі былі змучаны. Твары — загарэлыя і брудныя. Губы запякліся ад смагі, а вочы пачырванелі ад бяссоішіцы.
Старыя людзі бурчэлі сабе нешта пад нос. Дзеці не сумавалі. Ім усё гэта было цікава: нічога лепшага не трэба, як хавацца па лясах днямі і начамі.
«Тут бы пастаянна жыць...— думалі дзеці.— Адно кепска, што вялікія не дазваляюць ім шуму рабіць. Гэтыя вялікія — народ дзіўны: пачалі добрую справу з вандроўкай па лясах і не давялі да канца — не даюць галёкаць па лесе, не дазваляюць свістаць, смяяцца; глядзі на матак і маўчы немаведама дзеля чаго...»
Грамада людзей сабралася ў адну кучу. Дзед падазваў падлетка, які прынёс ім раней вестку аб тым, што польскія салдаты даведаліся ад Бавэлчыка, дзе яны хаваюцца.
— Сцяпанка, ведаеш што? Варта было б зноў пабегчы паглядзець, што там у вёсцы робіцца. Толькі асцярожна, каб цябе не прымецілі.
— Няхай спухну, калі мяне прымецяць! — горача сказаў узрадаваны хлапчук,
— Ідзі і не марудзь там. Варочайся адразу назад. Толькі не заблудзіся па дарозе.
Хлапчук шуснуў у лес.
Жанчыны пачалі даіць кароў у вялікія жбаны. Старыя сяляне курылі люлькі, нічога не гаворачы між сабою. А дзеці ціхенька, крадучыся, забаўляліся.
Надыходзіў змрок. Гулі і неміласэрна кусаліся камары. Яны кружыліся цэлымі тучамі. Людзі згуртаваліся ў адну кучу і елі вячэру — хлеб з малаком. Толькі некалькі мужчын засталіся вартаваць стада, якое таксама стаяла або ляжала цесным гуртам.
Вогнішча не разлажылі. Баяліся, каб іх не прыкмецілі. Бабы ўхуталі дзяцей у світкі і кажухі і палажылі спаць, Дарослым не спалася.
Нудна і непрытульна было ў лесе без вогнішча. Вільгаць пранізвала косці.

1 2 3 4
Size