На балоце

1 2 3 4

Прайшло паўгадзіны, гадзіна. Над зямлёй стаяў яркі двухрогі месяц, а сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох.
Дзесьці блізка рагатала сава; маладыя ваўчаняты жаласліва вылі.
— I накруціла мяне паслаць зноў падшывальца,— сказаў высокі дзед.— Яшчэ заблудзіцца ў лесе.
— Сцяпанка не заблудзіцца,— супакойвалі жанчыны.— Ён ведае лес і балота, як свой падворак.
У барку навокал шурхатала і шастала. Людзі пільна прыслухоўваліся. Нарэшце зблізку затрашчэла за дрэвамі. Пачуўся людскі гоман.
Усе ўскочылі з сваіх месц. Ішло сюды некалькі чалавек. Іх вёў хлапчук.
— Няўжо ж легіянеры? — устрывожыліся людзі.— У легіянерскіх шынелях, з бліскучымі брылямі на шапках,..
— Вось дзе канец нашым конікам і кароўкам... Легіянеры падышлі блізка. 3 імі разам ішоў
моўчкі сусед-здраднік Бавэлчык, які па-заліхвацку трымаў рукі заложанымі назад — мабыць, з вялікай гордасці. Пры гэтым хлапчук круціўся між легіянераў, як уюн, і весела хіхікаў.
«Няўжо ж ён іх наўмысне сюды прывёў?» — падумаў дзед. I лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з яго вуснаў.
— Добры вечар, браткі! — сказалі легіянеры.
— Гэта ж нашы хлопцы! — закрычала весела грамада людзей.
— Нашы хлопцы прыйшлі!
— Легіянераў мы ўжо выгналі адгэтуль,— сказалі партызаны.
— У нас цяпер чырвоныя — нашы. Легіянеры, уцякаючы, пакінулі свой абоз, дык мы прыбраліся ў іхнія вопраткі. А вось гасця Бавэлчыка мы вам сюды прывялі. Хутчэй распаліце вогнішча і гляньце на суседа нашага!
У адзін момант сабралі кучу сухіх сукоў, і хутка запалала вялікае вогнішча. Пышна-чырвонымі языкамі шугаў уверх агонь.
Маладыя партызаны ў легіянерскіх вопратках са стрэльбамі ў руках падвялі Бавэлчыка бліжэй да вогнішча. Рукі ў яго былі звязаны за плячамі. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. На круглым твары цаглянага колеру тырчэлі сіваватыя тоўстыя вусы. Маленькія чорныя вочкі скоса пазіралі на людзей, пазіралі драпежна і пужліва.
Бавэлчык служыў палясоўшчыкам у блізкага пана Бараноўскага, дзеля чаго і самога сябе напалавіну панам лічыў і быў у легіянераў шпіком: падказваў, дзе сяляне коней хаваюць і дзе знаходзяцца партызаны.
— Чаму, Бавэлчык, прыйшоў да нас без сваіх паноў? — запытаўся дзед.
Бавэлчык апусціў галаву.
— Чаму не ўцёк з панам Пілсудскім? Бавэлчык маўчаў.
— Кажы! — злосна закрычаў дзед і таргануў Бавэлчыка за звязаныя рукі.

1 2 3 4
Size