На балоце

1 2 3 4

— Няхай спухну, калі гэта мана, няхай спухну! — хрыплым голасам гаварыў, засопшыся, хлалчук без шапкі, са скалмачанымі, успацелымі валасамі.
Хлапчук біў закарузлым цёмна-бурым кулачком па парванай світцы ў худыя грудзі, хлёпаў па гразі босымі парэзанымі нагамі і ўсё паўтараў:
— Няхай спухну!
— У чым справа? Што такое? Гавары хутчэй!
— Няхай спухну, калі няпраўда!
У вачах хлопчыка ззяла радасць: ён выканаў сакрэтны абавязак. Ён глытаў словы, і здавалася, што ён шчыра жадаў раней спухнуць, каб лягчэй было потым апавядаць нешта вельмі цікавае і страшнае. Яго абступіла грамада старых сялян, кабет і дзяцей. Кожны нецярпліва глядзеў хлопчыку ў рот і чакаў. Хлопчык пазіраў ва ўсе бакі лесу і балотных абшараў, углядаўся падазрона ў цёмныя кусты і цяжка дыхаў.
— Скажы скарэй! Спухні, каб цябе чэрці, і кажы! — злосна крыкнуў адзін стары дзед, высокі і худы, са зморшчаным тварам, з жоўта-сівай бародкай.
Дзед пры гэтым моцна ўеўся скручанымі пальцамі ў плечы хлопчыка і пачаў яго тармашыць на ўсе бакі.
Хлапчук нібы гэтага толькі чакаў. Ён адразу загаварыў:
— Легіянеры даведаліся, дзе мы хаваемся. Ім сказаў зладзюк Бавэлчык.
— А падліза папскі! — заскрыпеў дзед зубамі і моцна вылаяўся.— Яшчэ што даведаўся?
— Легіянеры сюды зараз прыйдуць і забяруць нашых коней і кароў. Бавэлчык іх сюды вядзе зімнікам. Яй-права, не маню!
— Вось шэльма! Вось гад! Хіба ўцячэ ён адгэтуль разам з папскімі псамі, а то дам яму ў рукі яго шальмецкую галаву — хай цацкаецца з ёю, як з гарбузом.
На балоце пачалася трывога. Мужчыны, жанчыны і дзеці замітусіліся, разышліся ва ўсе бакі — збіраць коней і кароў.
— У барок трэба ехаць праз Ціменку! Туды агіднікі не прабяруцца. I не гуртам ідзіце, а ў адзіночку,— закамандаваў дзед,— і галасу вялікага не падымаць! Быў летні поўдзень. Забалочаная паляна, акружаная з усіх бакоў цёмнай сцяною лесу, млела ад гарачыні. Высокая па пояс зялёная шчотка травы была скалмачана людзьмі і жывёлінамі. Дзе-нідзе паміж травы ірдзелася мутна-меднага колеру балотная рудаўка, якая пазірала ўверх, нібы аграмаднае, мёртвае вока. Дзе-нідзе тырчэлі сухія леташнія стажарні. I стажарні паказвалі ворагу, дзе хаваюць сяляне коней і кароў. Клопатна кружыліся нізка над травою балотныя птушкі. Яны займаліся сваёй звычайнай, штодзённай працай: лавілі мух, мушак, глыталі чарвячкоў і гучна чырлікалі на розныя лады. Дзе-нідзе спакой-на спацыравалі буслы. На ўстрывожаных людзей зварочвалі ўвагу толькі коні і каровы, якіх адарвалі ад яды. Людзі ў адзіночку ціха вялі коней, гналі кароў да рэчкі. Шурхатала трава затоеным шэптам:
— Ш-ш-ш... с-с-с...
Хлюпала балота і гойдалася пад пагамі зыбка-зыбухай.
Хлю-ю-п, хлю-ю-п, хлю-ю-п!
Во людзі і жывёла праб'юць пухкі верхні слой балота, аброслы высокай драцяной травой, праб'юць, як стары кажух, і праваляцца наскрозь, і следу ад іх не застанецца... Уздзівяцца маўклівыя буслы, зашастаюць моцнымі вахлярамі-крыллямі, падымуцца над балотам і, купаючыся ў растопленым золаце сонца, панясуць у празрыстыя далі нямую казку аб тым, як балота глынула людзей і жывёлін...
Людзі ціха цягнуліся да рэчкі жывым ланцугом, уброд перапраўляліся і знікалі разам са сваімі жывёлінамі на другім баку рэчкі ў блізкай пушчы. Апошнім прабраўся сівы высокі дзед. Здалёк чуваць было кулямётнае стракатанне:
«Тра-та-та, тра-та-та». Нібы хтосьці раесыпаў боб па сухім гліняным таку.

1 2 3 4
Size