Тры крыжыкі

1 2 3

Гэта былі не звычайныя крыжы, якія мы бачым на могілках, або ў царкве, ці на абразах.
Гэта былі тры маленькія, нязграбныя крыжыкі, пісаныя на паперы мазолістай, каравай рукой Янкі Гарбача.
Тры палачкі ўдоўж і тры ўпапярок. Янка Гарбач так заўсёды падпісваецца. Тры крыжыкі складаюць усю яго пісьменнасць і навуку.
Такія яго крыжыкі добра ведала даўнейшая воласць.
Такія крыжыкі ставіць ён на паперах і ў цяперашнім сельсавеце.
I, здаецца, крыжыкі гэткія самыя, як і ў іншых непісьменных сялян, але Янка іх заўсёды пазнае хоць паміж сотні такіх жа, напісаных не яго рукой.
Ён іх пазнае так, як пазнае сваіо касу, пугу ці свой воз паміж іншымі такімі ж прыладамі гаспадаркі.
Ён іх пазнае так, як чалавек пазнае сваю авечку ў вялікім стадзе чужых авечак альбо бабу сваю на кірмашы сярод вялікай грамады баб у такіх жа, як у яго жонкі, хустках.
А на першы погляд здаецца, што ніякай розніцы няма паміж крыжыкамі Янкі Гарбача і такімі ж грамзоламі іншых непісьменных сялян.
Гэта толькі здаецца.
Янка Гарбач ведае свае крыжыкі, як сваё імя. Шмат поту яны яму каштуюць кожны раз, як прыходзіцца яму падпісвацца.
Ён сапе ў бараду, вочы пільна наставіць у паперу, цэліцца доўга-доўга і пачынае выводзіць крыжыкі, нібы будыніну будуе.
Як сахою па раллі, водзіць ён пяром па паперы. Доўга майструе, пакуль стануць крыжыкі ў радочку — адзін за адным, як жывюханькія. Юбы тры камарыкі, адзін меншы за другога.
Янка ўкладае ў гэту пісаніну ўсю сваю кемнасць, усю істоту, усе думкі і настроі, якімі ён перапоўнены ў той час.
Праўда, кожны раз крыжыкі выходзяць у яго па-інакшаму, у залежнасці ад яго настрою, але ён іх ведае. Таўшчыня і даўжыня палачак гэтых крыжыкаў заўсёды напамінаюць яму аб тым, пры якіх варунках ён іх пісаў, калі пісаў, што тады думаў, ці ён быў тады вясёлы, ці смутны.
Гэта ўсё Янка пазнае па крыжыках паводлуг іх ліній, паводлуг таемных прыкмет, вядомых толькі яму.
Пісьменныя людзі ставяць пры гэтых крыжыках яго імя і прозвішча. Так даецца тлумачэнне да іх, каб у канцылярыі ведалі, што гэтыя крыжыкі азначаюць «Янка Гарбач».
Янка вельмі гардзіцца тлумачэннем пісьменных: жартачкі — ён так мудра піша, што тлумачэнне патрабуецца. У Янкі тады з'яўляецца на твары выраз надзвычайна вучонага чалавека...
Янка Гарбач бывае на ўсіх сходах, усюды выступае з прамовамі, і на ўсіх рэзалюцыях — аб кааператыве, аб школе, аб пераходзе на шматполле — мітусяцца яго тры крыжыкі.
Ставіць свой подпіс крыжыкамі для яго хоць і цяжкая праца, але ён гэта вельмі любіць. Вугалем на сцяне іх крэмзае, зімой па снезе кійком малюе. А калі часам задумаецца, дык пальцам перад сабой у паветры іх пачынае выводзіць, нібы па ўспацеўшай шыбіне.
— Кінь нарэшце свой магільнік! — казаў аднаго разу настаўнік іхняй вёскі Янку Гарбачу.

1 2 3
Size