Салавей, 1 часть

Як вярнуўся на бацькаўшчыну, у родны маёнтак, пан Вашамірскі задумаў наладзіць свой уласны тэатр. Выпісаў з Парыжа рэжысёра, балетмайстра. Аркестр з васьмі чалавек прыгонных з капельмайстрам ён адкупіў у суседняга пана Ваяводскага задзве тройкі стаеннікаў і за дзесятак лепшых сабак з славутай псарні нябожчыка бацькі. Падабраў са сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат і адчыніў студыю.
Пан вечна знаходзіўся ў студыі, бо прыходзілася яму быць тлумачом паміж французамі і студыйцамі. Хаця французы трохі ведалі па-польску, але згаварыцца з студыйцамі, якія зналі добра толькі «па-хлопску», ім было цяжка.
Сёння пана Вашамірскага адарвалі ад улюбёнай працы ў студыі. Цівун нагу зламаў якраз у самы гарачы час працы на полі. Аканом падняў такі шум, што пан адлажыў студыю і ўзяўся за «гаспадарчую справу» — пакараць вінавайцу Сымона. Пан яшчэ ўдзень паслаў ганцоў ва ўсю ваколіцу шукаць яго.
Цяпер абдумваў вельмі важную справу: «Як пакараць хама?"
У канцы вырашыў: «Усыпаць добрых бізуноў і аддаць у салдаты!»
Пасля гэтага думкі яго зноў пакіраваліся, нібы хмары ветрам, у другі бок — да тэатра.
Ен толькі сёння заўважыў нешта вельмі цікавае, — знайшоў, можна сказаць, скарб. Сярод балерын прыкмеціў адну, што калі б яе апрануць на французскі лад, дык мо цікавей была б за французскіх паненак, за якімі ён там, у Парыжы, заляцаўся.
«I трэба ж ведаць: у гэтых хамаў-«беларусінаў» красуюць такія кветкі, як Марылыса. Правільнымі рысамі твару і лініямі цела яна не горшая за грэцкую статую Венеры. Дарэмна ўсе народы лічаць Венеру за найвялікшы ідэал жаночага хараства. Нават сярод хамак ёсць харашэйшыя».
Свечкі ў масіўных бронзавых кандэлябрах адкідвалі бледнае святло. Твар пана быў матава-бледны. Чорныя вочы блішчэлі квола, як бы пад лёгкай павалокай туману. Ён неспакойна хрустаў тонкімі пальцамі. Усмешка азарыла твар.
Сёння ўшчыпнуў яе...
«Трохі вульгарна, але ж яна не парыжанка — мая ўласная халопка. Хто з імі лічыцца! Ды гэта ж быдла, а не людзі», — прыпомніў ён словы сваёй маці, якая цяпер жыве ў другім маёнтку.
Ён прьшомніў, як аднаго разу, калі яшчэ быў малым хлапцом, ехаў улетку з маткай у госці. 3 імі былі лёкай і фурман. Пасярод дарогі, дзе лесу не было, яго матка злезла з фаэтона па сваіх патрэбах. Яму, Адасю, яна сказала адвярнуцца, а фурмана і лёкая зусім не засаромілася, як не саромілася сваіх коней...
«На тое ж быдла!»
Потым, як вырас, маці параіла яму «дзеля здароўя» мець зносіны з дзяўчатамі гэтага «быдла». Лепш, чым з парыжанкамі, ад якіх можна набыць паганую французскую хваробу.
Хвараблівыя ўздрыгі прамільгалі па яго твары. Ён успомніў, што ў студыі застаўся драматург — ксёндз Марцэвіч, настаўнік рыторыкі слуцкай гімназіі, якога спецыяльна выпісаў для свайго тэатра.
Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі!
Ксёндз занадта многа піша на рэлігійныя матывы. Вальнадумцу пану прыелася. Трэба нешта даць свецкае і вясёлае: на парыжскую манеру, каб можна было пасмяяцца шчырым здаровым смехам!
Ксёндз тлумачыў, што ён, духоўнік, таксама вальнадумец, але люду патрэбна рэлігія, як цуглі гарачаму каню. 3 гэтым пан Вашамірскі згадзіўся, але цяпер гэты самы ксёндз псуе яму нервы; ласым вокам на ўсіх балерын паглядае.
Пану жыва ўявілася агідная фігура езуіта.
Высокі, трохі сутулы. Светла-шэрыя, хітрыя вочы яго пастаянна ўсміхаюцца. Заўсёды вочы як бы кпяць з цябе, пранізваюць наскрозь. 3 табою ён ва ўсім згодзен, але відаць, што ні з чым не згаджаецца. А ў выпадку патрэбы, калі толькі ён можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе або нож у бок суне.
«Езу-Марыя» з вуснаў ксяндза не сыходзіць.
«Небяспечны чалавек, — падумаў пан, — прывязаўся да маіх дзяўчат і да маіх грошай. Ніяк цяпер не адвяжашся ад гэтага д'ябла ў чорнай сутане».
Раптам пачуўся лёгкі стук у дзверы.
— Хто там? — крыкнуў пан.
— Яснавяльможны пане! —адклікнуўся ўслужлівы голас. — Прывялі хлопа.

Size