Салавей, 1 часть

Пан выйшаў у пярэдні пакой.
Перад ім стаялі тры ўспацелыя гайдукі, яны трымалі Сымона з звязанымі вяроўкамі рукамі за плечы. Сымон быў без шапкі са скалмачанымі валасамі, у падранай вопратцы, з акрываўленым, апухлым тварам. Дзіка таропіў вочы ў пана, як зацкаваны звер.
Не лепш выглядалі і панскія гайдукі.
Нялёгка ўдалося ім злавіць і прывесці сюды Сымона.
Ад ранейшай панскай вальнадумнасці і кволасці і сляда не засталося. Вочы наліліся вялікім гневам, падбародак завастрыўся, высунуўся наперад.
— Ну? — казаў пан. Сымон маўчаў.
— Цо? — крыкнуў пан. Сымон не варухнуўся.
— Закатаваць галгана да паўсмерці і адправіць у салдаты! Губы ў пана Вашамірскага дрыжэлі.
Сымон пабляднеў. Яго постаць яшчэ больш выпрасталася ад захаванага гневу.
— Слухаю, яснавяльможны пане! — сказаў аканом.
Пан павярнуў быў да дзвярэй пакоя, а гайдукі штурхнулі Сымона, каб вывесці на двор, але раптам пан крута адвярнуўся назад, як бы нешта ўспомніў.
— Пачакайце, пачакайце! — сказаў ён змененым тонам.
— Ану, хаме, — звярнуўся пан яшчэ больш мяккім голасам, — пакажы, як ты спудзіў каня цівуна?
Сымон здзіўлёна зірнуў на пана. Ён не ведаў, — ці пан жартуе, ці ўсур'ёз гэтым зацікавіўся.
— Прэндзай, прэндзай! Пан быў вельмі зацікаўлены.
Нягледзячы натое, што чакала Сымона на панскай стайні, — у яго сэрцы загаварыў артыст.
— Няхай яснавяльможны пан загадае развязаць мне рукі, а то не магу, — папрасіў ён.
— Развязаць! — загадаў пан. Сымону развязалі рукі.
Ён выпрастаўся, прыставіў далоні да губ, схіліўся напалову і пачаў. Выццё ішло ціхае, ціхае, як бы з далёкага лесу.
Потым яно расло — жудаснае, сумнае, запоўніла лямантам увесь вялікі пакой, перакідвалася самотнымі зыкамі ад акна да акна, кацілася дрыжыкамі па шыбінах. Здавалася, не адзін воўк вые, а іх тут цэлая гання галодных, худых звяроў. Выццё пераліваецца на розныя лады. Па скуры драпаюць нейчыя вострыя кіпцюры. Драпежніцкая звярыная смага студзіць кроў.
Пан зажмурыў вочы ад нейкай дзікай прыемнасці.
Абразок дзіцячых гадоў ажыў-уваскрос перад ім.
Вечар марозлівы, калядны. На сіняваты снег падае водсвет месяца. На гурбах абапал дарогі мігацяць іскры. Ён — малы яшчэ хлопчык. Едзе з нябожчыкам бацькам да маёнтка. Тройка мчыцца. Бразгулькі звіняць. Па небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Раптам коні пачалі храпці, стрыгчы вушамі — здалёк, з лясной далі, якая вызначалася ярка-сіняватай палоскаю на снежнай паляне, пачулася выццё ваўкоў... Яму, маленькаму хоопчыку, зрабілася так страшна, што зуб аб зуб заляпаў.
Бацька меў стрэльбу пры сабе. Выстраліў у бок лесу, у выццё, у сіне-снежную ноч...
Коні шыбка паімчалі. Снег закурэў вакол і белым пухам пыліў у вочы. Здавалася тады яму, маленькаму хлопчыку, што ў паветры носіцца.
Сымон скончыў выццё і выпрастаўся.
Пан Вашамірскі ачнуўся, спрыяюча зірнуў на Сымона.
— Лоўка! А што яшчэ ўмееш?
— Усё ўмею, яснавяльможны пане...
— Ён умее свістаць салаўём, гэты блазан, яснавяльможны пане! — дадаў аканом.

Size