Салавей, 1 часть

— Аб тым, што асёл Валаама гаварыў, у Бібліі напісана, — казаў на гэта пан Вашамірскі, — а аб Хрыстусовым асле ў Евангеллі нічога не напісана.
— Аб гэтым і пісаць не трэба, — гарачыўся ксёндз, — аб гэтым і так кожны можа разумець! I так ясна!
— Як жа гэта можа быць, каб асёл сына божага не гаварыў? — дзівіўся ксёндз і развёў рукамі ў бок пустой сцяны.
Пан Вашамірскі, аднак, паставіў на сваім. Чырвоным атрамэнтам выкрасліў маналог асла. Асёл быў зроблены бутафорскі.
Ксёндз доўга аб гэтым шкадаваў. Ён меркаваў да гэтай ролі камбінацыю з двух чалавек, якія ў масцы асла пад хітра сшытай з матэрыі фігурай асла будуць стаяць сагнуўшыся. Адзін з іх будзе казаць лацінскі асліны верш, у якім усхваліць «сына божага», а другі загікае па-аслінаму і будзе круціць хвастом.
— Але што ж, воля пана!
На драўлянага асла садзілі часта «пана Езуса» — трохгадовага хлапчука, які пры гэтым вельмі смяяўся.
Вочкі яго ззялі радасцю і гордасцю, калі волхвы сівабародыя кланяліся яму ў ногі з набожнай пашанай.
3 «камедыі» Сымон ведаў на памяць усе ролі, але Салаўя на гэта не турбавалі.
— Няхай прыглядаецца, — гаварыў рэжысёр. Балетмайстар сфантазіраваў «усход сонца» вельмі пышна і зграбна. Балерыны выасаблялі сабой сонца, месяц і зоркі.
Навезлі з горада шмат розных дарагіх матэрый на сцэнічныя вопраткі. Тут яшчэ патрэбны былі краўцы, маляр-дэкаратар і іншыя майстры.
Ад клопатаў галава кружылася. Нават ва сне пан бачыў свой тэатр.
На розныя такія дадаткі для тэатра пан спусціў адзін з сваіх маёнткаў, які яму чамусьці ніякага прыбытку не даваў. Адкупіў аканом таго ж самага маёнтка.
Праўда, суседзі-паны шапталі пану Вашамірскаму на вуха, што аканом купіў маёнтак за грошы, пакрадзеныя з гэтага ж маёнтка, але пану Вашамірскаму часу не было займацца такімі будзённымі справамі.
Тэатр засланіў перад ім усё на свеце.
Часам і яда яму ў горла не лезла. Жартачкі — такі апякун мастацтва. Аб ім слава пусціць пагалоскі аж да Варшавы... Па-рыжскім прыяцелям ён таксама аб гэтым пісаў. Яны надзівіцца не могуць яго дзейнасці, яго генію.
Усім сваім артыстам ён сам прыдумваў новыя імёны: Аўрора, Венера, Апалон, Феб і іншыя.
Балерын назваў па парадку імёнамі ўсіх дзевяці муз.
У памяшканні студыі ім было забаронена ўжываць свае ўласныя імёны. За гэта строга каралі.
Шмат панскай бярозавай кашы з'елі яны, пакуль навучыліся выгаварваць гэтыя словы, пакуль запамятавалі іх, бо кожнаму трэба было ведаць імёны ўсіх сваіх таварышоў па студыі.
Гэта для сялянскіх дзяўчат і хлапцоў справа была нялёгкая.
Аднятыя ад бацькоў, ад ранейшага быту, уцягнутыя ў новае жыццё, нязвыклае для іх, нададзеныя новыя імёны, чыстая вопратка, лепшая, чым у хаце, яда, адарванасць ад сялянскай фізічнай працы, — усё гэта перарабіла іх, кінула ў нейкі фантастычны вір.
Да гэтага яшчэ кожны з іх у сваіх ролях павінен быў выасабляць зусім іншых людзей, ператварацца ў іх. Французы-педагогі чыталі ім аб гэтым вельмі красамоўна лекцыі, якія пан сам тлумачыў ім слова ў слова, захапляючыся і захлёбваючыся сваім уласным голасам.
Яны, простыя дзеці вёскі, зразумелі з усяго гэтага пятае праз дзесятае. У іх галовах круціўся і мігацеў дзікі каламбур. Ім здавалася, што знаходзяцца ў нейкім дзівосным і страшным сне.
Страшным дзеля таго, што ўсё гэта ўбівалася ім у галовы бізунамі. Бадай кожны з іх рад быў бы вырвацца з гэтага пекла, каб вярнуцда да свайго ранейшага ладу жыцця...
Каб ачысціцца ад свайго «хамства» і «мужычых» характараў, каб выкшталцаваць сябе, як артыстаў, да таго, каб усё вакольнае, людзей рознага рангу, стану і характару мець здольнасць адлюстроўваць у сваёй ігры, перавыасабляць сябе ў зусім новыя істоты, — французскія педагогі гаварылі ім:
— Выкіньце з сябе, як бульбу з мяшка, усё мужычае, простае і думайце, што вы новыя, іншыя людзі. Вы не тыя, якімі былі раней! А самае лепшае ў такіх выпадках, калі нешта мужычае, простае лезе ў мазгі, старацца зусім нічога не думаць...
Вочы на лоб вылазілі ў студыйцаў. Як наўмысне ў галаву лезлі думкі аб сваіх.

Size