Салавей, 1 часть

Чым болыл студыйцы не мелі магчымасці бачыцца з сваімі, тым болын аб іх думалі.
Езуіт Марцэвіч і тут знайшоў спосаб кантролю над студыйцамі.
Уночы, у час сну, ён хадзіў ціханька па іхніх спальнях і прыслухоўваўся, аб чым праз сон яны гавораць.
Яны, мабыць, бачылі страшныя сны, і вельмі часта дзікія крыкі вырываліся з іх грудзей, яны часта ўздрыгвалі, як у нейкай трасцы.
Часам хтось праснецца з дзікімі, крывёй налітымі вачыма, нічога перад сабою не бачыць, а паўтарае сваю ролю.
Такія праявіны ксяндзу вельмі падабаліся: доказ таму, што студыйцы пранікаліся новым.
Але. здаралася часам яму падслухаць. у «хамаў» гутарку з бацькамі праз сон ці так словы аб' хатніх, мужычых справах.
Салавей, як цяпер усе называлі Сымона, знаходзіўся пры мякчэйшых варунках. Ён павінен быў пану спяваць салаўём, калі таму ўздумаецца, і пакуль што, апроч агульнага рэжыму ў студыі, ніякіх уціскаў не меў.
Яго ні разу яшчэ не пакаралі.
Але ад гэтага Салаўю не было лягчэй. Ён сумаваў па сваёй Зосьцы... Ён ніяк не мог аб ёй не думаць...
Яе постаць ён бадай пастаянна бачыў перад сабой.
Галоўка якой-колечы дзяўчыны пакажацца перад ім з валасамі або вачыма падобнымі да Зоські — ён аб ёй успомніць. Голас падобны, смех, песня, — яна перад ім уваскрэсне ў выабражэнні.
Пойдзе на гулянку з таварышамі, пад наглядам настаўнікаў, — думае аб ёй.
Калі трапіць на якую мясціну, дзе раней, часам выпадкова Зоську сустракаў — нешта кальне ў сэрцы.
Надвор'е, падобнае да таго, у якое ён з Зоськай гуляў, — выклікае перад ім яе вобраз.
Самы малы намёк, ледзь прыкметнае падабенства вопратак, тканіны да тых, што бачыў у Зоські, — і яна з'яўлялася перад ім ва ўсёй прываблівай для яго красе.
Гэта яго вельмі мучыла. Колькі ён ні змагаўся сам з сабою — нічога не памагала. Бачыцца з ёю не было ніякай магчымасці.
Тэатральныя клопаты ў маёнтку павялічваліся.
Усе дваровыя былі вельмі ўзбуджаны і зацікаўлены. Увакольных маёнтках ужо рыхтаваліся да зімовага балю ў пана Вашамірскага, хаця пасля замарозкаў выпаў толькі першы снег.
Снег быў яшчэ не глыбокі, але панскі парк пабялеў ужо. Лісці даўно абсыпаліся з дрэў, і праз сеткі галін відаць была даль, яркая, сіне-блакітная, нібы намаляваная на паперы.
Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі ў абснежаныя бязбрэжжы мёртвымі задумёнымі вачыма.
Што гэта?
Лябяжы пух рассеяўся па зямлі?
Дзіва дзіўнае з бялюткай белі рассцілалася пярынамі па шырокаму полю?
Хвоі белым цветам цвітуць?
Гэта снег — чысты, як белае воблака — апусціўся на нямыя абшары; спачывае, нібы вялізнае стада белых гусей.

Size