Салавей, 1 часть

Рэчка абцягнута плевай-лёдам, як застылым жывым срэбрам. Яна дрэмле паміж абрывістых стромкіх берагоў, нібы ў выгабляванай з сыру аправе. Бліскучая вада не адбівае ў сабе неба з хмаркамі і двух хатак, якія прытуліліся да самага берага. У рэчцы свет не люстрыцца, перавернуты галавой уніз. Як дзве старыя гаспадыні ў белых хустках, стаяць адна супроць адной дзве хаткі; яны падобны адна на адну, як дзве сястры, як спарышы. Дзверы хатак, замурзаныя, пільна сочаць адна за адной. Можна падумаць, што тут толькі адна хатка, а супроць яе пастаўлена вялізнае люстэрка, у якім яе відаць усю ад шурпатай саламянай страхі да абтрушанай снегам прызбы.
Сонечны дзень.
— Кт-кт-кт-кт-кт! — чуваць з адной хаткі.
— Кдах-кдах-кдах-кдах! — адказвае нехта з суседняй хаткі. Дзве рукі адчыняюць двое дзвярэй.
3 адной хаткі выскаквае стройны певень.
3 другой — высоўваецца плаўна, як пава, павольная і паважная курыца.
Як старыя знаёмыя яны вітаюцца і падыходзяць бліжэй да рэчкі.
Певень ганаровы, надзьмуты, як кароль, ірвануў уверх чырвона-крывавы грэбень, распусціў веерам залацісты хвост і сунуў уздоўж берага.
Курыца ідзе за ім следам з апушчанай галоўкай, нібы вінаватая, грэшная і сарамяжлівая. Певень мае чым ганарыцца: пер'і адліваюцца ў розныя колеры — на крыллях агняцветныя кружалкі, на шыі і грудзях мігаціцца цёмна-сіні панцыр, сталёвая дзюба, моцная, як дзіда, ногі апранутыя ў залатыя нагавіцы, хвост — вязка брыльянцістых абручоў.
Курыца апранута па-простаму, па-хатняму — у пярэстую цнатлівую спадніцу ў белых гарошках.
— Кт-кт-кт-кт! — чуваць розныя ноткі гаспадара-пеўня.
— Кдах-кдах-кдах-кдах! — апраўдваецца курыца. Пачынаецца інтымная гутарка-бяседа святочнай парачкі.
Гугарка льецца на розныя лады і галасы. Ад гучнага гоману яна пераходзіць у кволы таемны шэпт.
Пераплятаюцца цвёрдыя з мяккімі слоўцамі, гнеўныя з запалоханымі ноткамі зліваюцца ў адно.
— Кт-кт-кт...
— Кдах-кдах-кдах...
Курыца садзіцца, млявая, на пульхны снег і змаўкае. Певень круціцца вакол яе карагодам, апускае крыллі, нібы крадучыся, ідзе бліжэй да сваёй гаспадынькі і сыпле ва ўсе бакі салодкім дробным басавым квахтаннем...
Раптам вясёлы рогат раздаецца з адчыненых дзвярэй абедзвюх хатак, рогат-смех кідаецца адзін на адзін у шчырай гучнасці.
Паказваюцца два твары — адзін круглы, поўны, масянжовы, з маленькімі цёмна-сінімі зажмуранымі вачыма, з светла-русай рэдкай бародкай; другі — абросшы цёмна-сівай густой барадой да самых вачэй, якія блішчаць з цыганскай хітрыкай.
Гэта — два суседы, два рыбакі, Міхалка і Меер.
— Дзень добры!
— Дзень добры!
— Што скажаш, Міхалка, на маю курыцу?
— Што скажаш, Меер, на майго пеўня?

Size