Салавей, 1 часть

Твой певень не на жарт прыстаў да маёй курыцы. — Чаго добрага, яйкі трэфныя будуць, есці не захочаш.
— Ну, ну, не жартуй!
Міхалка і Меер — два рыбакі. Шмат гадоў яны тут жывуць разам. Міхалка ловіць рыбу, частку аддае ў двор, за што пан яго вызваляе ад прыгоннай работы, а частку бярэ ў яго Меер і прадае ў блізкім мястэчку. 3 гэтага яны жывуць. Адзінота зблізіла іх жыццё-быццё. Яны зблізіліся да таго, што часам самі забываюць, хто яны, не памятаюць, што ёсць і «гоі» і «жыды». Але як пачуюць,
што між іх няма ніякай розніцы, што яны толькі «людзі», тады абодва палохаюцца...
Меер упадае ў задумёнасць і пачынае перабіраць пальцамі густую бараду.
Міхалка цярэбіць патыліцу і шчыра непакоіцца.
«Трэба, каб была між нас нейкая розніца», — думае Меер.
«Гэта ж я ледзь не забыў, што я хрысціянін, а ён нехрысць», — думае Міхалка.
Так мільгне ў іх думка ў часе будзённай працы, блісне на адзін міг і гасне, як лучына. Час, каб падумаць і падбаць аб гэтым, у іх толькі ў святочныя дні — у суботу і нядзелю. Гэтыя два дні яны прымушаны абодва святкаваць. У суботу Меер шабасуе6, і Міхалка без яго як без рукі. У нядзелю Міхалка нядзеліцца, і Мееру няма чаго рабіць. Вось у гэтыя дні яны і пачынаюць паказваць адзін аднаму, хто чым пахне.
«Трасца Мееру ў бок! — думае Міхалка. — Ліха жыду гэтаму!» — і пачынае ў суботу перад самым акном Меера працаваць сякерай, майстраваць. Ці работа патрэбная, ці не — яму ўсё роўна: трэба толькі рабіць садом перад жыдоўскай хатай, каб паказаць розніцу між ім і Меерам.
Меер моліцца Богу, адварочваецца да ўсходняй сцяны і затыкае вушы, каб не атрэфіць свой шабасовы слух стукатам-грукатам «паганага» Міхалкі, і ў душы радуецца той помсце, якая чакае заўтра «гоя».
А Міхалка не адстае — стучыць сякерай і крычыць:
— Меер! Я буду сякерай біць калоду, а ты пры кожным стуку крыкмі «гэ-эх!». Гэта і ў шабас можна!
У нядзелю Меер «здзекуецца» над Міхалкай. Усю сваю хатнюю працу ён адкладае на гэты дзень. Ля самых дзвярэй Міхалкі капае нешта лапатай, калкі забівае і гручыць на ўсю ваколіцу.
— Міхалка! Кажы «гэ-эх»! — крычыць Меер і смяецца, чуючы зласлівыя лаянкі Міхалкі, які ляжыць на печы і «па-панску» ўпіраецца босымі нагамі ў закураную бэльку.
Гэтак ідзе ў іх час ужо шмат гадоў.
Калі іхнія дзеці, гуляючы разам, зусім аб «розніцы» забываюць, дык бацькі сваімі пастаяннымі святочнымі жартамі напамінаюць і ім аб гэтым. Тады дзеці пачынаюць гуляць у «гоя» і «жыда». Гулянкі і забавы канчаюцца часта незвычайна сумна.
Мендэлька, старэйшы хлопчык Меера, з плачам бяжыць да бацькі і скардзіцца:
— Тата! Юрка даў мне трэфнай* лыжкай па носе...
А Юрка, Міхалкаў сынок, таксама адплату мае за гэта. I ён плача перад сваім бацькам:
— Татачка! Мендаль мазануў мне кугалем па губах... Бацькі заводзяць аб гэтым сур'сзную гутарку, касурацца пяць
хвілін адзін на аднаго. Але гэта злосць штучная, робленая.
Кожны з іх рад у душы, што і дзеці «розніцу» адчуваюць.
«Так і павінна быць!» — думае кожны.
Кожны з іх уяўляе, што каб было іначай, каб не было «розніцы», дык мо свет перавярнуўся б...
Певень і курыца лагодна спацыруюць каля хат, капаюцца ў снезе, ціха балбочуць між сабой на незразумелай мове. Суседзі, Меер і Міхалка, таксама гутараць. Раптам яны пачынаюць прыслухоўвацца, наставіўшы вушы ў бок лесу, куды вядзе сцежка да маёнтка пана Вашамірскага.
— Мне здаецца, што конскі тупат чуваць, — кажа Міхалка.
— 1 мне здаецца, — згаджаецца Меер.

Size