Салавей, 1 часть

Абодва яны навастрылі слых. У гэта глухое месца рэдка хто паказваўся.
Вось з лесу замільгала нешта чорнае. Чалавек на кані з кож-най хвілінай усё больш вырастаў. Ен ехаў конна па полі якраз сюды, да гэтых хатак. За ім гналася трое паляўнічых сабак.
— Дваровы! — казаў Міхалка.
— А як жа! Відаць, ад пана нехта, — здзівіўся Меер. Сабакі пусціліся наперад і з гучным брэхам накінуліся на пеўня і курыцу. Тыя ледзь выратаваліся ад іх, ускочыўшы на плот, а адтуль — на нізкі дах Міхалкавай хаты.
Чалавек на кані засопся ад хуткай язды, расчырванеўся і ледзь спыніў разгарачанага каня.
Міхалка і Меер пакланіліся панскаму ганцу.
— 3 чым Бог нясе? — запытаўся Міхалка.
— Пан загадаў на гэты тыдзень усю рыбу прынесці ў двор! — казаў панскі ганец.
— Ды я і лавіць гэтымі днямі не думаю, — артачыўся Міхалка.
— Ну, не хітры, ліха табе! — строга сказаў панскі ганец. — Пан цябе, хамулу, за кудлы павесіць, калі не паслухаеш. У пана вялікі баль на тым тыдні.
— Добра! — хмура сказаў Міхалка.
Меер палез пальцамі ў бараду, пачаў круціць валасы ў пярсцёнкі, як бы забаўляўся імі, захваціў канец іх сабе ў рот і пачаў злосна кусаць, нібы барада ва ўсім вінавата.
Панскі ганец зноў сцебануў каня па баках і панёсся назад у бок лесу. За ім уперагонку пусціліся сабакі.
3 кожнай хвілінай ганец аддаляўся ад хатак, драбнеў на снежным полі, накуль схаваўся ў лесе.
— Згарыць няхай пан з усімі панянятамі! — казаў Міхалка ад усяго сэрца.
— Ліха няхай яго забярэ! — адгукнуўся і Меер. Яны абодва азірнуліся ва ўсе бакі — можа, хто падслухаў іхнія словы...
Снежная бель мітусілася ў вачах.
— Цьфу! — плюнуў Міхалка.
— Цьфу! — нібы водгалас, пачуўся шчыры плявок Меера.
Старая пані Вашамірская, маці маладога паніча, ужо некалькі год жыве асобна ў другім маёнтку нябожчыка мужа. Яна вельмі добрая — і не хоча сыну перашкаджаць. Таксама яна не хоча, каб сын перашкаджаў і ёй. Яна да таго добрая, што надзівіцца не можа сваёй дабраце і дабрачыннасці. Шмат суседніх паняў і паноў ёй аб гэтым гавораць.
Але ці людзі разумеюць яе так, як яна сама сябе разумее? Ці людзі могуць ацаніць усю яе дабрату, яе бязмерна чулае, кволае сэрца?
Не! Ніхто, толькі яна сама сябе можа ацаніць. Яна і Пан Буг! Для сябе пані жыць не хоча і не можа — жыве для іншых. Аднак дзеля таго, што людзі яе не разумеюць і, наогул, людзі — стварэнні грэшныя, недастойныя яе ўвагі і дабраты, яна ўсе свае клопаты аддае не ім. Яна вельмі любіць катоў. Калісьці, пры мужу, яна любіла сабак. Але людзі памыляюцца — памылілася тады і яна. Цяпер пані выправіла сваю памылку — замяніла сабак на катоў. Бог накіраваў яе на святы шлях.
Котка — прыгожае, лагоднае і далікатнае стварэнне. Котка больш шляхотная за сабаку. 3 вялікім захапленнем старая пані Вашамірская палюбіла катоў.

Size