Салавей, 1 часть

Кожны раз студыйцы, дзякуючы заядлай вайне між драматургам і рэжысёрам, адрываліся ад ігры і прыслухоўваліся да гутаркі, ловячы з яе пятае праз дзесятае: вопратка і грым вельмі імпанавалі. Яны хацелі б ужо скарэй пабачыць сябе ў гэтым, пабачыць сябе ў такіх выглядах, каб ні адзін аднаго, ні саміх сябе не пазнаць. Гэта было б для іх нагародай за ўсе пакуты і катаванні, што ім прыходзілася выцерпець у часе мастацкай адукацыі.
Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніра між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункта і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Ён меў над імі вялікі ўплыў, як мецэнат і гаспадар.
Абодва — і рэжысёр і драматург — вельмі слухаліся пана і згаджаліся кожны раз з яго поглядамі на мастацтва. Праўда, яны згаджаліся толькі на словах, але пан меў бясспрэчны аргумент — тыя вялікія грошы, якія шчодра сыпаў на гэту справу, і на факце ён кіраваў.
Пан Вашамірскі ў час рэпетыцый зварочваў увагу галоўным чынам на тое, каб студыйцы, граючы «мужыка-хама», давалі яго ў смешным, дурным выглядзе, каб гледачы смяяліся, смяяліся ды смяяліся, каб балерыны, якія ўвасабляюць сабою багінь старой Грэцыі, былі зграбныя і рабілі такія рухі, як паненкі панскае крыві. Вяльможныя паненкі з'яўляліся ў пана ідэаламі зграбнасці і грацыі.
Хоць і рэжысёр і балетмайстар мелі на гэту справу свой смак і свае мастацкія погляды, аднак стараліся ўгадзіць пану.
Задача рэжысёра была вельмі цяжкая. Моцная рука пана над яго мастацтвам была і салодкая і горкая. Салодкая тым, што кідала жмені залатых дукатаў налева і направа. Горкая, бо пятлёю душыла тыя мастацкія ідэі рэжысёра, якія ён хацеў самастойна праводзіць у працы студыі.
Рэжысёр добра разумеў, што прымушаць гэтых дзяцей сялян, або па-польску «хлопаў», высмейваць саміх сябе — сваіх бацькоў вельмі цяжка. Так шаржаваць, як хоча пан, немагчыма. Рэжысёр адчуваў, што ў гэтым выпадку студыйцы інстынктам сваім самі адчуваюць меру. А знішчыць у мастакоў-хлопаў самародкавае адчуванне меры ён лічыў праступкам перад мастацтвам. Аднак яшчэ болыпым праступкам ён лічыў страціць сваю добрую службу ў пана — і ён пайшоў на кампраміс з сваім сумленнем: бізунамі выбівалі з студыйцаў іхняе ўласнае пачуццё мастацкай меры. Урэшце іх вышкалілі так, як гэта хацелася пану.
Тое самае было і з «багінепадобнымі» балерынамі. Дзеля іхняй адшліфоўкі ў сэнсе кабечай зграбнасці пан прыдумаў геніяльную штуку. Ён запрасіў да сябе з суседняга маёнтка знаёмую паненку, якая навучала балерын быць «музападобнымі».
Выкладанне балета вялося паводле прыдуманай панам Вашамірскім праграмы.
Балерыны выстаўляліся ў рад перад яснавяльможнай паненкай. Паненка загадвала ім перарабляць усе тыя рухі, якія яна сама будзе рабіць.
Цікавая містэрыя малпавання адбывалася ў залі.
Усе тыя крыўленні, рухі і павароты рукамі, нагамі, галавой, якія робіць паненка, перарабляюць і балерыны.
Розныя вывёртванні бёдрамі, цэлая калекцыя разнастайных усмешак, якія робіць паненка, капіруюць, як хто можа, і балерыны.
Пільна сачыў за гэтым сам пан Вашамірскі. Ледзь малейшая неакуратнасць капіравання з боку балерыны, пан адсылаў яе ў той пакой, дзе адбывалася над ёю катаванне пад духоўным наглядам ксяндза Марцэвіча...
Ідэал пана быў такі, каб усё тое, што робіць паненка, перараблялі да малейшага штрыха і балерыны. Трэба, каб кожная балерына выглядала ў гэтым выпадку як бы адбіткам паненкі ў люстэрку.
У паненкі быў невычарпальны запас рухаў, гэстаў, выгінанняў, хістанняў усяго цела, выгадаваных у арыстакратычных рыцарскіх фліртах з пакалення ў пакаленне. Потым міміка твару, розныя тоны і пералівы яе ўсмешкі — ад звычайнай ганаровай, пагардлівай, гарэзліва-гуллівай да набожнай, нявіннай усмешкі мадонны, — таксама рознага роду выяўленні мімікай кахання, замілавання і любошчы мелі сотні пераходаў і варыянтаў.
А вялікія разнастайнасці выразу твару, вачэй і губ, якія паненка выюіадала балерынам, — канца не мелі.
У гэтым выпадку французскі рэжысёр меў таксама свой погляд. Ён думаў, што перадаваць мімікай і гэстамі ўсякія пералівы чалавечых пачуццяў, захаваных у глыбіні душы, кожны здольны мастак (а балерыны-халопкі былі здольныя) павінен умець па-свойму. Ды, наогул, кожны чалавек па-свойму перадае свае пачуцці. У гэтым і ўся каштоўнасць ігры. I балерынам трэба даць волю быць кожнай самой сабою, выяўляць па-свойму кожную рыску, а не малпаваць іншых.
Перад воляй пана Вашамірскага ўсякія педагагічныя тэорыі рэжысёра разбіваліся, нібы прыбой аб прыбярэжныя каменні.
3 аркестрам таксама былі нелады. Капельмайстар быў з прыгонных. Хамскі дух адчуваўся і ў музыцы. Ён так вышкаліў музыку, што, іграючы творы французскіх, італьянскіх ці іншых эўрапейскіх кампазітараў, яны кожны раз зварочвалі на хамскі лад. У мажорных тонах пракрадваліся часамі гукі лявоніхі, дуды, юркі; мінорныя матывы аддавалі смуткам і задумленнем жніўных песень на панскім полі. Ды і сам тэмп ігры быў нейкі дзіўны, чымся ў арыгіналах.
Французскія педагогі — знаўцы музыкі — гаварылі, што капельмайстар і музыкі на канве гатовых твораў вядомых кампазітараў твораць нешта сваё, новае... Нельга казаць, каб гэтае «іншае» было нецікавым, але ў даным выпадку патрабуецца чыстата выканання сусветных мастакоў, бо выходзіць, што эў-рапейскае мастацтва абуваецца ў мужыцкі лапаць...
Аднак гэта гутаркамі і канчалася. Было позна выпісваць цяпер з Парыжа капельмайстра.
Біццё музыкаў на панскай стайні ні да чаго не прыводзіла.

Size