Салавей, 1 часть

Яна вельмі расчулёна, што адно вока ў Бога большае, другое меншае. «Бедненькі, —думае яна, — гаротненькі»... «А можа, у Бога так павінна быць», — з'яўляецца ў яе новая думка. Расце ў яе душы пашана да Бога, салодкі страх перад ім. Яна — нікчэмнасць перад такім Богам, з дубовымі ранамі, з дубовымі думкамі і дубовай сілай.
Зоська падае на калені, не адрываецца разгарачанымі, слязлівымі вачыма ад нязграбнай фігуры.
Святы Сымон, вялікія вочы, Устань мне ўдзень, як уночы.
На небе крыж,
На крыжы тры зарніцы —
Гэта родныя сястрыцы:
Адна прывара.
Другая прыпале,
Трэцяя прывяртае,
Прывярні, Божа, раба божага Сымона,
Каб ён любіў мяне,
Каб ён не мог жыць без мяне,
Як рыба без вады,
Як мерац без зямлі,
Як дзіцё без грудзі... Ад такой дзівоснай малітвы ва ўсім целе Зоські разліваецца цяпло. Зоська выліла перад Богам сваё гора, патаемны смутак сэрца. Ёй лягчэй, расцвітае надзея, упэўненасць. Яна варочаецца дахаты выгаеная, вылечаная, нібы напілася цудадзейнага зелля.
Некалькі дзён ду мкі яе купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Яна хутка пабачыць яго... Але такі настрой цягнецца нядоўга.
Мала памог Пан Езус. Зоська пакрыўдзілася на яго. Не хоча пакутаваць, як ён. Яна ж не дубовая.
Тады Зоська задумала пачаць справу з нячыстай сілай — шаптух шмат па вёсках. Іх многа ў карчме.
Выняла Зоська з кубла кавалак палатна — гасцінец для шаптухі, накінула на плечы кялім каляровы і выйшла з хаты.
Была мяцеліца. Юда ў чыстым полі вяселле-гульню ладзіў.
Гурбы снегу перакідваліся з месца на месца невідочнымі вялізнымі шуфлямі. Пылілася снежная мука ад плота да плота. У чыстым полі бель-бялугай мітусіліся снежныя палотны, чапляліся аб хмызнякі, завісалі на паадзіночных дрэвах.
Зоська ўкуталася, ішла наперад, мала аглядалася па баках.
Грозны выгляд лютай мяцеліцы, свісты і войканне ветру збілі яе з толку, яна самой сабе паказвалася мізэрнай, маленечкай, нібы ягадка-рабіна... Яна зледзянела, ад ветру і сцюжы застылі яе думкі. Мяцеліца выставіла насупраць сотні снежных лап і шаптала:
— Засні на маёй ледзяной пасцелі. Пад коўдрай снегу будуць табе сніцца лёгкія сны, белыя, нібы кужаль бялёны, нібы паніна кашуля гафтаваная. I не будзеш, Зоська, мець ні смутку, ні радасці. I не будзеш крыўдзіцца на Бога ў панскай капліцы...
Адну хвіліну Зоська думала кінуцца ў белую снежную гойдаўку — няхай мяцеліца яе на векі вечныя засыпле, але...
— Хоць яшчэ разок пабачыць яго... А хто з равесніц вясну гукаць будзе? А хто купальскую кветку шукаць будзе?

Size