Салавей, 1 часть

— А як зловяць? — занепакоіўся Пятрусь.
— Нічога, братку. Лес не выдасць. Харчоў дастанем у добрых людзей. А там на Украіну павернем да вольнага казацтва. У казакі запішамся.
Змітрок Бядуля
— Ты ж там ужо быў, чаго назад вярнуўся пад панскі бізун? — запытаўся Пятрусь.
— Надта дзяцей малых і жонку пабачыць хацелася...
— Чаму ж ты іх з сабою не забраў?
— Нялёгка было. Сам, як воўк, па кустах хаваўся.
— А цяпер іх зноў пакінеш?
— Старшага сына з сабою вазьму. Дык ты пойдзеш з намі?
— ІІайду... Не магу далей цярпець.
— То-то ж...
У карчме быў такі шум, што гутаркі ніхто не чуў.
Ніхто не заўважыў, як Зоська ўсунулася ў хату. Яна страсла снег з вопратак і, прыкрытая тканінай да самых вачэй, падышла да п'яных кабет. Пашапталася з адной і, абагрэўшыся трохі, выйшла з карчмы.
У хвойніку было ціха, толькі час ад часу крыкне варона, шарахнецца заяц.
Салавей аглядаўся налева і направа і сваім вачам не верыў, што вызваліўся з панскіх палацаў. Раней гэтаяму не ўдавалася. Толькі цяпер, калі ўсе пазвар'яцелі на «генеральную рэпетыцыю». Яго адсутнасць, можа, не будзе заўізажана.
Хваля радасці нахлынула на яго бурлівым патокам.
Ён не ведаў, што з сабою рабіць. Ішоў не проста, а падскокваючы, як малы хлопчык. Праз рэдкія дрэвы яшчэ відаць быў панскі маёнтак, які ўсімі будынкамі глядзеў на Салаўя.
Здаецца, маёнтак гаварыў яму голасам нячутным:
«Ці я цябе не песціў? Ці я цябе не няньчыў? Ці голад і холад ты ў мяне цярпеў? Чаго ўцякаеш? Зоська? Ды мала Зосек ёсць у палацах?»
Гэтыя пытанні сыпаліся на Салаўя, як невідочны мак.
Ён стараўся не глядзець у бок маёнтка, які клікаў яго назад салодкімі фальшывымі словамі.
«Мабыць, ты, гад, забыўся, — звярнуўся Салавей у думках сваіх да панскага маёнтка, — аб тых здзеках, якія церпіць наш брат у тваіх сценах? Воля і Зоська мне даражэй за ўсё».
Хутка схаваўся маёнтак. Салавей адышоў на некалькі вёрст ад яго. Ён спяшаўся да Зоські.
— Ужо колькі часу не бачыў. Яна, мабыць, аба мне забылася...
Сонца зайшло. Пакінула на небе густую паласу чырвані. Агнёвае мора захаду адбівалася ў розныя пералівы і прабівалася праз дрэвы.
«Трэба ў лесе памарудзіць, а то людзі пабачаць мяне каля Зосьчынай хаткі».
Доўга шукаў ён месца, дзе можна было б сесці. Адышоў ад дарогі ўбок і нарэшце знайшоў вытаптанае месца і свежа адрублены пень. Прысеў. Аглянуўся па баках, заўважыў на заільдзянелым ад адлігі снезе месца, дзе ляжаў чалавек. Чалавек адбіўся ў снезе глыбока I ярка: кожная драбніца відаць — і галава, і рукі, нават лапці ў клетках-пляцёнках.
Салавей ускочыў з пня, як падстрэлены.

Size