Салавей, 1 часть

Ён здагадаўся, што, мабыць, тўт быў забіты нядаўна Янкаў сын, Юрка. Вунь якраз ідзе след ад дрэва, з-пад якога цягнулі нежывога Юрку сюды. Дзе-нідзе і сляды крыві відаць... Аб гэтым і ў маёнтку гаварылі. Пан Вашамірскі нават раздобрыўся і загадаў аканому зволіць Янку на цэлы тыдзень ад работы ў двары і падарыў яшчэ дошкі на труну.
Салавей не мог адыходзіць ад гэтага месца. Пільна ўглядаўся ў углыбленне, дзе раней ляжаў забіты дрэвам чалавек, глядзеў і на паваленае дрэва-разбойніка.
Жыва паўставалі ў уяўленні Салаўя розныя абразкі. Ён бачыў Юрку, вясёлага, румянага, здаровага, вечна сарамяжлівага, як дзяўчына. Бачыў і вясёлую хвою, якая ледзь не ў самае неба ўпіралася сваёй вершалінай. Птушкі на ёй спявалі, з ветрам яна шапталася.
Таксама і голас аканома, здаецца, чуў: аканом загадвае Янку зрэзаць вось гэтае дрэва.
3 кожнай хвілінай усё больш цямнела, а Салавей вачэй сваіх не мог адарваць ад гэтага месца...
— Ледзь пра Зоську не забыўся... — усхапіўся ён. Выйшаў з лесу. Пайшоў нацянькі ў бок Зосьчынай хаты. На цёмна-сінім небе блішчэлі зоркі. Яны былі рассыпаны,
нібы залаты мак. У вёсцы брахалі сабакі. Ужо відаць была маленькая хатка, дзе жыла Зоська з маткай.
Уся ўвага, усе думкі Салаўя былі цяпер накіраваны ў бок гэтай хаткі... Але так рана няможна туды ісці — людзі пабачаць. Трэба тут пачакаць...
Старая кабеціна, ідучы з Зоськай з карчмы, завяла яе ў сваю хату. Хітра-ільсцівым голасам аб усім яе жыцці-быцці распыталася. Усё дашчэнту выведала.
— На гэта, дзеткі мае, ёсць рознью лекі, розныя зёлкі, — казала шаптуха. — Косці кажана памагаюць, малако чорнай свінні. Але вось я навучу цябе, як адну замову казаць. Ты будзеш яе гаварыць тры разы на дзень тры дні падрад. Першы раз — перад усходам сонейка, другі раз — на захад сонейка, а трэці раз — у поўнач, калі першыя пеўні запяюць. Гэта напэўна паможа.
Зоська лавіла кожнае слова шаптухі, якая гаварыла скрыпучым, шапатлівым і дрыжучым голасам.
Старая доўга-доўга шаптала, аж пакуль Зоська навучылася на памяць усю замову. Словы замовы чаравалі яе, захоплівалі.
Зоська пакінула старой кавалак палатна і пайшла дахаты. Яна была пэўна, што гэтая замова паможа, што Сымон вернецца да яе.
I замова ёсць малітва, але не дубоваму богу, а невідочным бесам, нячыстай сіле. Да «нячыстай сілы» Зоська адчувала большую блізасць і нейкую пяшчотную інтымнасць. Чарцей яна больш баялася, чым Бога, і, разам з гэтым, больш паважала іх...
Зоська цэлы дзень знаходзілася ў нейкім, невядомым раней, новым настроі. Суткі, падзеленыя ёю на тры часткі — ад замовы да замовы, набылі надзвычайныя чары, вялікую сілу. Гэтымі шэптамі яна, Зоська, трымае ў сваіх руках цэлыя вёскі, усіх людзей. Яна не ведае, што здарыцца, як яно ўсё гэта будзе, але здарыцца нешта такое, ад чаго ёй стане вельмі прыемна і радасна...
Яе зацікаўленасць расце з кожнай хвілінай. Не церпіцца дачакацца трэцяга разу замову казаць. Цэлы дзень нічога не есць, а голаду не адчувае.
Урэшце надышоў час, калі ўсё павінна скончыцца раз назаўсягды — усё Зосьчына гора, усе пакуты яе сэрца...
Маці ўжо даўно спіць. Яна непакоіцца ў сне, кідаецца з боку на бок, мармоча, стогне, вохкае.
Жудасна робіцца Зосьцы. Уся яна дрыжыць ад страху. Але вось якраз надышоў час казаць замову ў трэці раз. Яе вочы злосцю гараць ад затаёнай напружанасці, бляднее твар. Яна шапоча:
«Устану я, красная дзеўчына, не благаславіўшыся, пайду не хрысціўшыся, і выйду не дзвярмі за новыя вароты ў чыстае поле. У чыстым полі стаяць тры бесы: бес Сава, бес Савул, бес Калдун. Падыду я, красная дзеўчына, пабліжэй ды пакланюся паніжай: і вы, трыдзевяць бесаў — бес Сава, бес Савул, бес Калдун — паслужыце мне, як служылі Іраду-цару: ідзіце па гарадах, па сёлах, па вёсках і збярыце ўсю нуду і сухоту са звяроў, птушак, рыб і з усякіх людзей — і знясіце тую нуду і ўсякую сухоту малайцу Сымону ў ясныя вочы, у чорныя бровы, у румяны твар, рацівае сэрца, чорную печань, гарачую кроў, у трыдзевяць жыл і ў адну жьглу — станавую падпятную. I каб гэты малойца не мог ні жыць, ні быць, ні днём па сонцы, ні ўночы па месяцы, без мяне, краснай дзеўчьгны...»
Зоська з такой шчырасцю гаварыла, ажно сэрца грукатала. Гэта была толькі першая частка замовы. Кажучы другую частку, яна слабела з кожным словам і пачынала прыслухоўвацца, што робіцца навокал. Мо зараз зямля ўздрыгнецца... Мо свет перавернецца. А яна не хацела, каб'дзеля яе людзі невінаватыя цярпелі...
Не паспела яна кончыць замову апошнім моцным словам «амінь», як нехта пачаў асцярожна стукаць у дзверы.
Непрытомная, спалоханая, выскачыла яна ў сенцы і адчыніла дзверы. Два галасы зліліся ў адзін:
— Зоська...
— Сымонка...
Пад адсветам зорак яны ўпіліся бліскучымі зрэнкамі адно ў аднаго...
Часта выходзіў Салавей з Зосьчынай хаты на двор. Рупіла глядзець-сачыць, ці хто за ім не гоніцца. У студыі маглі заўважыць яго адсутнасць, хаця ён быў пэўны, што ў часе такой суматохі мала хто там аб ім дбае. Яму рэпетыцыі былі непатрэбны. Яго і не вучылі.
Цішыню глухой ночы трывожыла толькі рыпанне дзвярэй старой хаткі.

Size