Салавей, 1 часть

Гэтыя словы, адбіваючыся на розныя лады рэхамі ў сэрцы, псавалі яму настрой, труцілі кроў і набывалі той глыбокі трагічны сэнс, якога ён не зразумеў спачатку. Нешта падсвядомае, чаго ён не мог бы словамі сказаць, дыктавала яму, што ён зрабіўся чужым не толькі Зосьцы, але і самому сабе. Яго нянавісць да ўсяго панскага была цяпер мацней, чымся раней, аднак, нягледзячы на гэта, яго цягнула назад да панскіх палацаў, да іх роскашы з тым самым імпэтам, з якім ён некалькі гадзін таму назад, крадучыся адтуль, пайшоў, праклінаючы паноў і ўсё панскае.
Яго цягнула да палацаў, як часам цягне чалавека ў глыбокі вір.
Салавей стараўся рассейваць сваю ўвагу на ўсякія вакольныя рэчы ў хаце: то заглядаўся на сіняватыя аганёчкі лучыны, на горкі дым, што віўся над ёю, то кідаў вачыма ў кут, дзе ў загародцы на саломе ляжала цялушка, скручаная ў абаранак.
Цялушка стрыгла вушамі, утаропіўшы круглыя, нібы задумённыя, вочы на агонь лучыны. Белы круглячок на лобе цялушкі блішчэў, як снег, і выглядаў прышытай латачкай з белага кужалю.
Салавей пацягнуў носам пах горкага дыму, цяжкі пах цялушкі, кур з падпечку і, не хочучы, зморшчыўся.
А Зоська наглядала за ім і ўгадвала ўсе яго думкі і адчуванні.
— Нашто плот гарадзіць, Сымонка! Ідзі ўжо да «сваіх» палацаў. Табе тут цяжка ў нас... Ідзі сабе на генеральныя рэпетыцыі!
— А што? — усхапіўся Салавей.
Зоська расказала яму пра тое, як не пусцілі са студыі Марыльку да паміраючай маці, як Каспара, бацьку Марылькі, забралі ў двор на кару.
У Салаўя загарэліся вочы. Ён стукнуў кулаком аб стол.
— Няхай прападзе панскі маёнтак! Жыць не буду^калі не адпомшчу за здзекі! Не вярнуся ў тэатр!
Старая прачнулася і зірнула з печы спалоханымі вачыма. Зоська абняла Салаўя.
Не чулі яны, як дзверы адчыніліся.
У маёнтку пана Вашамірскага твары ва ўсіх урачыстыя і заклапочаныя.
Уся чэлядзь, па загаду самога пана, апранута ў святочную вопратку, спецыяльна сшытую к гэтаму святу-балю. На дварэ вялікая суматоха: з'язджаюцца паны з розных маёнткаў, запрошаныя паглядзець тэатральнае відовішча.
Пан Вашамірскі ў экстазе, у вялікім натхненні. Сам за кожнай драбніцай глядзіць, прымае гасцей. Кожнаму скажа ветлае слова і пажартуе, у філасофiю пусціцца.
Ахмістрыня сочыць за тым, што на кухні робяць, якія прысмакі, якое пітво дастаць са склепа.
Аканом клапоціцца, каб коні гасцей былі накормлены і напоены.
Ксёндз Марцэвіч зыключна гасцямі заняты, а больш за ўсё яго ад сябе не адпускае старая пані, маці пана Вашамірскага. Пры ёй павінны быць неадлучна два каты, якіх яна прывезла з сабою, і ксёндз.
У студыі ў гэты дзень, вялікі страшны дзень суда, заканчваюцца пасля генеральнай рэпетыцыі апошнія штрыхі, шліфуюцца апошнія шурпатасці ігры. Французскія педагогі абыходзяцца з акторамі лагодна, далікатна. Падбадрываюць іх, падымаюць настрой і ўзмацняюць самаўпэўненасць:
— Усё будзе добра, усё сыдзе гладка, толькі вы трымайцеся смела...
Час ад часу забяжыць на хвіліну і пан Вашамірскі, пагаворыць з педагогамі, такім лагодным вокам зірне на студыйцаў, нібы яны — яго браты і сёстры, яны — яго лёс, ад іх залежыць уся яго будучыня.
Пан зірнуў на заслону, што была некалькі разоў перамалёвана.
3 палатна глядзеў на яго агідны рагаты сатыр, які ў дзікай палкасці даганяў голую німфу. Німфа ўцякала спалоханая. Валасы затулялі яе круглыя плечы. Грудзі яе ад шпаркага бегу вахталіся, саскі на іх блішчэлі колерам лясных суніц.
— Аднак ксёндз Марцэвіч мае добры густ, — падумаў пан, — гэта ж яго праект заслоны!
Пан Вашамірскі раптам нешта ўспомніў, стукнуў сабе пальцам у лоб і выскачыў з пакоя. Не прайшло і пяці хвілін, як ганцы пусціліся конна з маёнтка.
Пан загадаў сагнаць на баль усіх прыгожых дзяўчат з сваіх вёсак...

Size