Салавей, 1 часть

— Ты не лайся так. Будзь трохі далікатнейшай! — прагаварыў робленым смехам Макар. — Цябе пан па баль запрашае! Го-го-го!
Макар голасна смяяўся, расчырванеўся, тросся на кані, прыпадаў грудзьмі да сядла і не ведаў, што з сабою рабіць ад вялікага напору смеху, які корчыў яго і душыў.
— Го-го-го, паненка! Прыбірайся! На панскі баль ідзі! Там шмат гожых панічоў наехала. Ой весела будзе! Го-го-го!
Зоська спачатку акамянела на месцы, потым схапілася за галаву і пусцілася наўцёкі да хаты, пакідаючы за сабою людскі гоман, крык і плач. Усё нутро яе пахаладзела, і сэрца біцца перастала. Перад яе вачыма кружылася зямля, хаткі перасоўваліся з месца на месца.
— Нікуды не дзенешся! — крычаў ёй удагонку Макар. Зоська ўскочыла ў хату, як бы хаваючыся ад лютага звера,
аглядалася па баках, нечага шукаючы, знайшла сякеру і стала чакаць.
— Дачушка, дачушка, што з табою? — енчыла маці. Вочы ў Зоські гарэлі непрытомна. У моцных руках дзяўчына трымала нагатове сякеру, каб секануць, хто б ні паказаўся ў дзверы...
Павольна злез Макар з каня і скрыпнуў дзвярмі ў сенцы, адчыніў дзверы ў хатку, ледзь сагнуўшыся, каб не ўдарыцца галавой аб нізкі касяк.    
— Зоська! — крыкнула маці не сваім голасам і падскочыла да яе, каб стрымаць за руку.
Але было ўжо позна. 3 страшным стогнам Макар паваліўся праз парог.
Сонца ўжо стаяла нізка над лесам. Па дарозе ішоў гурт дзяўчат, каля пятнаццаці. За імі конна ехалі ганцы.
Дзяўчаты былі ўбраны па-святочнаму — ішлі на панскі баль...
Ганцы жартавалі, падбадрываючы часам каго-колечы з дзяўчат бізуном.
Здалёк чуваць былі ляманты вясковых кабет... Галошанне перайшло ў выццё.
Ганцы не зварочвалі на гэта ніякай увагі. Яны гутарылі між сабою аб тым, што яшчэ Макара няма.
— Мабыць, з Зоськай там загуляўся. Яшчэ да панскага балю набалюецца!
Войканне з кожным разам цішэла. Здавалася, што гэта енчыць і стогне зямля ад невядомага вялікага болю... 3 заходам сонца паціснуў мароз. Пачаў падаць снег.
Над маёнткам пана Вашамірскага ўваскрослі змрокі. Яны вандравалі з кута ў кут каля сцен муроў, гойдаліся, нібы чорны туман, напалоханыя рознакаляровымі агнямі з вокнаў панскіх палацаў. Цёмна-сінімі зданямі змрокі плылі з далёкіх палёў, з дрымотнага лесу. Пух лёгкіх сняжынак абсыпаў зімовы вечар сівымі кроплямі. Снежныя камары падалі ўніз крыху наўскось заільдзянелымі хвілінамі вячэрняга часу. У светла-яркіх прарэзах, што свяціліся з акон панскіх палацаў, сняжынкі мільгалі асляпляючым блескам. Іхні казачны вэлюм цягнуўся аднамерна зверху і сцяліўся па зямлі без канца, нібы разгортваючыся недзе высока-высока з воблачных кроснаў.
Урачыстасць адчувалася ў паветры, у снежнай цішы, атуленай каляднаю ноччу.
Шум людзей льецца разам з хвалямі святла праз вокны. Няма дзе дзецца, цесна галасам унутры, у пакоях — і яны гвалтам ірвуцца на прастор, на волю. А муры, строгія і грозныя, вызначаюцца грамадзінамі высокіх сцен, хрыбтамі дахаў, выкрутасамі вежаў, скучаным стадам дагістарычных звяроў.
Муры ўрэзаліся буйнымі грудзьмі ў абшар, бязлітасна, гвалтоўна душаць прастор поля. Яны ўсмоктвагоць у сябе вякі, нібы п'яўкі кроў, спыняюць ход часу і твораць навокал урачыстасць нейкай сляпой сілы і пакорлівасць да сябе ўсяго вакольнага.
На дзядзінцы раптам замітусіліся людзі. Ставілі гарматы каля шырокага ганка палацаў; збіралася ўся чэлядзь, выйшлі вялікай грамадой панскія госці; галдзелі, шумелі.
Дзядзінец ажыў, як ніколі.
Стралялі з гарматаў.
У цё'мнае неба імчаліся з грукатам, з шыпеннем, з парахавым смуродам агнёвыя змеі ракет, ляцелі высока-высока і рассыпаліся ва ўсе бакі снапамі рознакаляровых іскраў-зорак. Часам паказваліся замыславатыя агпёвыя ўзоры ў паветры, раскідваліся ва ўсе бакі агнёвыя крыжы, замкі.
Крыкі «віват» гучэлі водгаласкамі з усіх бакоў. Гэта крычалі панскія госці ў вялікім захапленні.
Ноч была ператворана ў казку.

Size