Салавей, 1 часть

Паны ў рознакаляровых кунтушах пры зброях, некаторыя ў папудраных парыках рассаджваліся паводле годнасці, рангу і чына побач з панямі і паненкамі. Пры канцах стала сядзела шляхта з багацейшай, якая была таксама запрошана.
Слуцкія паясы блішчэлі ўрачыста і пышна, абхопліваючы, нібы ў цесных шоўкава-залатых абоймах, таліі паноў. Падобныя ўсходнія ўзоры на залатым і срэбным фоне шырокіх паясоў акаймлялі вузенькай сцежкай васількі ды іншыя травы лугоў і палёў тутэйшай зямлі.
Містэрыя ксяндза Марцэвіча «Прыход волхваў у святую пячэру» прайшла першым нумарам балю. Гэта была самая нудная і абавязковая частка вялікай урачыстасці.
Пан Вашамірскі моршчыўся ад самага пачатку прадстаўлення. Ен толькі дзеля набожнай маткі сваёй згадзіўся прыняць гэта да пастаноўкі; яшчэ перад тым, як загасілі свечкі ва ўсіх кандэлябрах у залі, пан скрытыкаваў містэрыю:
— Не пасуе да настрояў сягонешняга балю, таксама непраў-дзіва з боку евангелічных паданняў. Трэба ведаць, што ў наш век рэлігія сярод адукаваных людзей...
Але тут пан Вашамірскі спыніўся, бо ўспомніў, што недалёка ад яго сядзіць яго маці, вельмі набожная і строгая.
Пані Вашамірская, праўда, нічога не сказала на такую заўвагу сына, але так набожна зірнула ў бок ксяндзоў, якія сядзелі недалёка ад яе, што нават не гарманавала з выгарсаванай пышнай вопраткай, у якую яна была ўбрана. Яна зварухнулася. Каты на яе каленях устрывожана няўкнулі.
Ксёндз Марцэвіч быў за кулісамі. Ён не давяраў рэжысёру-французу. Сам кіраваў акторамі і наглядаў за імі ў часе ігры.
Ксяндзы апусцілі галовы. Усе іншыя госці падхапілі тон гаспадара і ўжо былі падрыхтаваны адмоўна да «містэрыі» ксяндза Марцэвіча.
Містэрыя цягнулася хвілін дваццаць.
Ксяндзы, калегі Марцэвіча, скрытыкавалі містэрыю.
Галоўнай прычынай тут была зайздрасць да аўтара, які «выбіваецца ў людзі».
Адзін з ксяндзоў непакоіўся больш за ўсіх.
Гэта быў «айцец» невысокага росту, тоўсценькі і кругленькі, з лысінкай. Каб выглядаць вышэйшым, яго абуццё было на высокіх абцасах. Круглы, чырвоны твар ззяў, нібы поўны месяц. Нягледзячы на малы рост гэтага ксяндза, здавалася, што ён хоча запоўніць сваёй асобай усю залу ўверх і ўшыр. Пыжыўся, як певень. Гаварыў павольна, з паўзамі, з чужаземным акцэнтам. Незвычайнаю вымоваю хацеў паказаць сваю вялікую навуковасць. Недарма ж ён быў доктарам багасловіі і філасофіі. Прозвішча яго — Курачковіч. Але, каб не быць падобным да слова «курачка», называў сябе «Кірычковіч» і вельмі крыўдзіўся, калі яго называлі «Курачковіч».
У часе ігры ксёндз Курачковіч рабіў свае заўвагі, якія буйным шэптам рассыпаліся па стале і даходзілі да слуху гасцей:
— Клядзітце, клядзітце, які младзенец! Трохгадовы хлопчык. А матка боска як апранута!
Волхвы сівабародыя пачалі на сцэне спяваць лацінскія вершы пад ціхі акампанемент аркестра.
— О, Матка Біоска! О, Езсу! — абураўся доктар багасловіі і філасофіі. — Гэта ж немакчыма! Бадгай у кожным радку памылка.
— А дтрыўляны асёл? Дтрыўляны асёл? — звяртаўся ксёндз Курачковіч да суседзяў. —Гэта аўтар некага з нас мае на ўвасе; як Бпога кохам, праўдта! Ён на кагосьці намёк робіць!
Пры гэтых словах ён сапраўды меў выгляд збянтэжанага асла.
Пан Вашамірскі хаця сам скрытыкаваў містэрыю, але ганіў толькі змест аўтара, а не выкананне актораў.
— Але пры чым тут акторы, ойча вялебны? — звярнуўся пан Вашамірскі да ксяндза Курачковіча з крыўдай і пагрозай у голасе. — Пры чым тут акторы?
Ксёндз Курачковіч, пачуўшы небяспеку для сябе ў панскім голасе, спалохаўся, смешна згорбіўся, нібы галаву ў сутану хацеў схаваць, і пачаў з ранейшай пераконанасцю ў голасе гаварыць супроць таго, што гаварыў да гэтага; зноў тэкстамі з сус~ ветных філосафаў і пісьменнікаў ён даводзіў, што пан Вашамірскі мае рацыю.
Тут ён зрабіў параўнанне з тэатрам Шэкспіра і з гішпанскай драматургіяй:

Size