Салавей, 1 часть

— Гэта чыстакроўны семіт! Муй жыдэк! — хваліўся пан Вашамірскі перад гасцьмі. — Тут, шаноўныя панове, ён нам «Маёфіс» заспявае, а там, у Варшаве, нашы магнаты жыдам «Маёфіс» пяюць. Там жыдоўскія банкіры забіраюць у свае лапы нашага брата, і тыя жэняцца на банкірскіх дочках, каб такім чынам выратавацца ад вялікіх даўгоў.
Пан Вашамірскі пры гэтых словах падняўся, зрабіў шырокі гэст правай рукою, пачціва пакланіўся і з іроніяй у голасе сказаў:
— Рэкамендую, панове вяльможныя, майго жыдка, як вашага крэўнага!
Госці кісла ўсміхнуліся і паморшчыліся.
За гэткі няўдалы жарт некаторыя з ганаровых гасцей пакрыўдзіліся на гаспадара; аднак стрымаліся, бо ведалі добра куслівы язык пана Вашамірскага; апрача таго, ён быў самым багатым панам у ваколіцы, і тое, што не выпадала іншым, дазвалялася яму.
Галоўным чынам чырванеў ад злосці адзін шляхціц, чарнявы, з доўгім носам. Але на яго ніхто ўвагі не зварочваў.
Меер як бы не чуў гэтай гутаркі. Бляск багатых пакояў і гасцей яго не здзівіў і не збіў з панталыку. Калі ён спачатку баяўся, дык гэта быў толькі «страх божы». Меер не баяўся нават найвялікшага пана, а баяўся «грэху».
Меер быў чалавек просты, ведаў толькі штодзённыя малітвы, ведаў, што над яго дзядамі і прадзедамі заўсёды здзекаваліся і здзекуюцца іншыя народы — «гоі», апрача Міхалкі і блізкіх яго суседзяў.
— На гэта ёсць «вышэйшая воля», — думаў ён. Меер спакарыўся «гэтай вышэйшай волі», і калі пан крыкнуў да яго строга «ну» і злосна тупнуў нагой, ён заспяваў «Маёфіс»...
Вочы «панскага жыдка» ў час спявання запалалі двума чорнымі агнямі. Ён утаропіў іх у гасцей. Хоць у гэты час нікога з іх не бачыў, але кожнаму здавалася, што «панскі жыдэк» пранікае яго наскрозь вачыма.
Прыкра было гасцям.
Голас у Меера быў надломаны, ад грубаватага на нізкіх тонах пераходзіў у дрыжачы піск на высокіх. Словы пераліваліся ў горле і часам булькалі, нібы ён захлёбваўся, душыўся...
«Панскі жыдэк» спяваў нейкую песню на мове Бібліі. У цішыні вялізнай залі словы песні здаваліся незразумелым праклёнам, які рваўся не то з-пад зямлі, не то з акон палацаў. У час спявання Меер рабіў шпаркія рухі рукамі, нібы пісаў у паветры таемныя знакі. Часам шчоўкаў пальцамі, круціў галавой, падымаў вочы ўгору, застываў на месцы.
Спачатку некаторыя пані ціха хіхікалі, паны ўсміхаліся; але з кожным разам яны спакайнелі і як бы падпалі пад уладу «панскага жыдка».
Яго песня была нібыта вясёлая, нейкая гопка з жыдоўскага вяселля. Толькі ў гэтай вясёласці адчувалася няшчырасць, гукавы грым вясёласці. У глыбіні ж мелодыі панаваў тысячалетні сум вандроўца-бяздомніка.
У маліцвенна-спакорлівым тоне чупася вялікая ўпартасць і пагроза.
Госці апусцілі галовы.
Пан Вашамірскі не гэтага эфекту чакаў ад інтэрмедыі-экспромта пад назваю «Муй жыдэк». Гэткі настрой гасцей не пасаваў да балю.
— Годзе! — крыкнуў пан Вашамірскі Мееру.
Меер ў экстазе малітвы-песні не чуў панскага крыку.
— Годзе!!! — крыкнуў пан яшчэ мацней.
Меер спыніўся. Ён азіраўся па баках, нібы прачнуўся толькі што з глыбокага сну.
Меер з горда паднятай галавой сунуўся да дзвярэй.
Панскія госці маўчалі, саромеліся глядзець адзін аднаму ў вочы, не разумеючы прычыны; ільдзяное паветра пранеслася ў пь.шшай панскай залі.
За заслонай стукалі малаткамі. Рабілася новая дэкарацыя. Гэта прыкра разіла вушы гасцей. Было такое ўражанне, нібы робіцца новая будыніна, а панскія палацы зараз будуць знішчаны. Пан Вашамірскі больш за іншых страціў гумар. Ён адразу пачаў на ўсё вакольнае глядзець іншымі вачыма. Усё бачыў цяпер у новым асвятленні. Святло ад белых і жоўтых васковых свечак у кандэлябрах было дрыжучае і ажыўляла малюнкі і барэльефы на сценах. Пану здавалася, што сатыры са сцен смяюцца з яго, паглядаюць яму ў вочы; німфы на сцэнічнай заслоне ўцякаюць не ад фаўна, а ад яго ж; аркадскія пастушкі на яго са страхам пазіраюць.
Ён углядаўся ў твары гасцей. Апрача нявольнай угодлівасці да сябе, ён у іх нічога не заўважыў.
На сцэне ішла «камедыя», у якой апавядаецца, як мужык дзеля п'янства'дуШу сваю чорту аддаў, пана абкрадваў і Бога пе баяўся.
Зноў шэпты доктара багасловіі і філасофіі пачуліся пры стале.

Size