Салавей, 1 часть

— А ксяндза Марашэўскага ойча ведае? — запытаўся ў доктара багасловіі і філасофіі той самы клерык.
— Не, не вфедтаю! Ў чым справфа?
— А справа ў тым, — адказаў клерык, — што ксёндз Марцэвіч запазычыў сюжэт камедыі ў ксяндза Марашэўскага. Я сам быў на гэтым прадстаўленні ў Забельскай гімназіі.
— О Езсу! — спалохаўся ксёндз Курачковіч. — Ці ж праўда?!
— Праўда, праўда! — супакойлівым тонам адказаў клерык.
— Дык гхэта ж плягіядт, зсладцейства! — абурыўся ксёндз Курачковіч і выставіў здзіўленыя крўглыя, як у шчупака, вочы.
— Не зладзейства, а запазычанасць, ойча вялебны, — лагодна гаварыў клерык. — Справа ў тым, што ў ксяндза Марашэўскага гэта камедыйка расцягнута на тры акты, а ксёндз Марцэвіч склеіў усё ў адзін акт. Апрача таго, гэта агульны сюжэт. Кожны выкарыстоўвае яго на свой лад.
Ксёндз Курачковіч пачаў супакойвацца, увайшоў у раўнавагу і давай паказваць з сусветных літаратурных твораў такія самыя факты. Даводзіўшы шмат падобных прыкладаў, пачынаючы з Грэцыі, ён спыніўся на Шэкспіру, які для сваіх драматычных твораў браў гістарычныя аповесці ранейшых аўтараў.
Заўважыўшы, што пан Вашамірскі таксама прыслухоўваецца да гутаркі, доктар багасловіі і філасофіі перагнуў кій у другі бок і, каб угадзіць пану, пачаў даводзіць, што ксёндз Марцэвіч геній:
— Ён уносіць у нашу літаратуру дтантаўскія матывы. У Марцэвіча таксама ёсць пекла! Гэта наш Дтантэ! — кончыў ён горача, расчырванеўся, выцер хустачкай пот з лысіны і зірнуў у бок пана Вашамірскага «шчырымі» вачыма.
Клерык усміхаўся хітра і длубаў зубы спецыяльнай зуба-длубкай, якіх ляжала купкамі пры кожным гасцю.
Супярэчыць доктару багасловіі і філасофіі ён баяўся, але паводле яго «х-х-м-м» пры калупанні зубоў відаць было, што ён не зусім згодзен з развагамі ксяндза-крытыка аб пекле Дантэ і пекле ксяндза Марцэвіча.
Доктар багасловіі і філасофіі перайшоў на тэму аб мастацтве і філасофіі наогул і даводзіў, што мастацтва — наймітка касцёла, а філасофія — прыслужніца багасловіі. Мастацтва і філасофія самі па сабе існаваць не могуць.
Галоўны герой п'есы ў гэты час канчаў адзін з сваіх доўгіх маналогаўтакога зместу: «селянін шкадаваў, што слухаўся тых, якія яго вучылі розным кепскім справам».
— Кепскія людзі казалі, каб я быў няверным пану, абкрасці пана за грэх не мелі, — гаварыў актор. —Гэтыя людзі навучылі мяне красці ў пана пры малацьбе збожжа і несці ў карчму на гарэлку. Яны вучылі, як панам адказаць, каб з віны выкруціцца. Праклятае гэтае таварыства! 3 д'яблам я звязаўся!
— Гэта ж грэх перад Богам! — гаварыў далей актор у роспачы і трос прыклеенай барадой.
Ён разводзіў рукамі і, пакорліва апусціўшы галаву, дэкламаваў трагічным голасам завучаныя фразы:
— А мы дзень на дзень грашым і пакутаваць не хочам! Гэта-то прычына нашае згубы, гэта ў пекла нас вядзець.
Актор стагнаў пры апошніх словах і набожна лупіў вочы ва ўсе бакі.
3 усёй камедыі яму спадабалася толькі адна маленькая сцэнка:
На сцэне стаіць хлоп. Пры ім ляжыць на падлозе дуда. З'яўляецца каеннік — «покутуёнцы». Каеннік са страхам зірнуў на дуду і крыкнуў:
— Ой, гадзіна!
Хлоп засмяяўся і кажа:
— Чаго, ваша, баіцца, ці не знаеш, што гэта ёсць?
— Не вем! — адказвае каеннік.

Size