Салавей, 1 часть

Усімі пачуццямі ўбіраў у сваю істоту вакольнае. Увесь свет быў, як у гняздзе, у яго сэрцы, для яго ж. Нават сам пан Вашамірскі, якому належалі ўсе вакольныя вёскі, той самы пан, што купіў яго, Сымонкі, бацьку за каня ў суседняга пана Весялоўскага, быў цікавым для хлопчыка. Ён наглядаў і за панам.
Што ж! і кузурка, што паўзе па лістку, мо думае, што свет створан спецыяльна для яе.
ІІІколу жыцця Сымонка пачаў праходзіць маючы шэсць гадоў ад нараджэння. Спачатку пасвіў гусей на вялікім выгане, пасля — свіней; за гэтым давалі пад яго апеку авечак, потым — кароў, а ў канцы зрабіўся і баранавалокам.
Ён паволі і грунтоўна падымаўся ўгору па лесвіцы мужыцкай навукі.
Апрача гэтага, Сымонка меў яшчэ незвычайную здольнасць, якой навучыўся ў палях і лясах пана Вашамірскага: падрабляць гукі прыроды і жывых істот.
Гаўкаць па-сабачаму, кукарэкаць, як певень, мяўкаць, як кот, мэкаць, як цялё, выць па-воўчаму — было для яго самай звычайнай і простай штукай.
Ён да таго па-мастацку мог брахаць, што перадаваў самыя замыславатыя тоны і пералівы голасу кожнага паасобку сабакі з псарні пана Вашамірскага.
Падрабляць голас і інтанацыю людзей было для яго самым простым жартам.
Ён мог губамі перадаваць дзынканне пчалы, гуд камара, шэпт лесу, скрып варот. Кракаў, як варона, кукаваў зязюляй, спяваў жаўранкам і заліваўся салаўём на розныя лады, на ўсялякія манеры.
У дадатак ён мог яшчэ падрабляць рухі і міміку. Здаецца, як можна адной мімікай твару паказваць пеўня? А Сымонка мог — скорчыць такую фізіяномію, зробіць такія вочы, што кожны гаварыў: — Певень, дый годае!
Скакаць, як заяц, як цялушка — гэта нават увагі не варта. Вялікая кемнасць да ўсяго гэтага была ў Сымонкі. Ён сваім дзівацкім талентам сам захапляўся, углыбляў яго, развіваў, адшліфоўваў. Гэта не было ў яго толькі забавай дзіцячых гадоў — наадварот: практыкаваўся ў гэтым штукарстве з кожным годам усё больш і больш.
Цяжка вытлумачыць, чаму спадабалася яму якраз такое штукарства, а не, напрыклад, ігра на музычным інструменце або звычайныя спевы. Звычайнае яго не вабіла, мабыць, дзеля таго, шго гэта ён бачыў і чуў многа ў панскім двары.
Яму хацелася быць такім, якім свет (яго ваколіца) яшчэ нікога не бачыў. Сымонка, яшчэ малым хлопчыкам, любіў спевы салаўя. У вялізным панскім парку ў кожную вясну іх было многа.
Інакш, чым на іншых людзей, рабілі на яго ўражанне разнастайныя гукі лесу ўлетку, калі ён цягаўся туды са стадам.
Цяга да гукаў запанавала ім. Не так, як усе людзі, прыслухоўваўся да разнастайных пераліваў чалавечага голасу, да шораху пяску пад босай нагой, да скрыпу снегу, да выцця і свісту ветру, да шэптаў жыта на полі.
Вялізнае багацце гукаў, вечную іх іначасць ён знаходзіў усюды. Ён выкрыў, што ў тых мільёнах гукаў, якія чуе на кожным кроку. усюды, у любы час, няма сходных між сабою. Такое з'явішча яго вельмі дзівіла. Гукамі цэлы свет поўны не менш, чым мора — хвалямі, зямля — пяском, дрэвы — лісцем. Вялізны няведамы інструмент, які працягвае свае нябачаныя струны, нібы павуцінне, па ўсім свеце з канца ў канец.
Сымонка адчувае ў вакольным зусім не тое, што яго равеснікі. Часам сядзіць у полі на пні і пазірае ўдаль. Глядзіць і не бачыць, што зараніца палыхае ў нябесным бяскраі, пераліваецца ў розныя колеры. На кустах блішчыць шкляным шротам раса.
Ен прыслухоўваецца да галасоў зямлі —да яе тысячаструнных гусляў.
Дзіцячыя мары ахопліваюць яго:
— Эх, каб сабраць усе гэтыя гукі ў адно — у сваю жменю, і потым патрохі, кропелькамі, выпускаць іх адтуль. Аслабіў жменю: пачынаюць сыпацца розныя чалавечыя гутаркі. Раздаецца страшны плач-стогн, як анэгды плакаў Рымарчук, калі на стайні яму ўсыпалі гарачых бізуноў па загаду пана Вашамірскага. Адпусціў крыху яшчэ адзін палец — хтосьці зарагатаў. Замахаў жменяй — лясныя птушкі спяваюць, жабы квакаюць. Кіўнуў рукой яшчэ раз — вецер вые, грымоты гагочуць, паласуюць неба маланкі.
А вакол усюды ціха-ціха...
Усе галасы зямлі сціснуты ў кулаку Сымонкі.
Людзі анямелі, гаварыць не могуць. Жывёлы, птушкі — усе маўчаць. Не шумяць дрэвы. На зямлі пануе такая нямота, такая дрымотная ціша, што сполах бярэ. Панскі фурман махнуў у паветры даўжэзнай пугай. Лна самастрэлам заўсёды страляе, а на гэты раз анямела.
Захацеў пан Вашамірскі загадаць камусьці даць дваццаць бізуноў — голасу не мае...

Size