Салавей, 1 часть

Пані заходзяцца ад смеху. Белыя, вострыя зубкі ў іх пры гэтым блішчаць, асляпляюць. Ямачкі на шчоках глыбеюць: ружовыя ямачкі, у якіх не раз тапіўся ў асалодзе пан Вашамірскі.
Жыва бачыў пан Вашамірскі ў сваім выабражэнні, як на прыгожых санках па дарозе смяюцца госці з няўдалага балю, няўдалага дзякуючы таму, што яго гонар, яго пахвальба — Салавей — адмовіўся спяваць. Гэтулькі гутарак было аб Салаўі, людзі так цікавіліся, а раптам...
Пан Вашамірскі не думаў цяпер аб тым, як будзе караць Салаўя. Думкі яго ўсё яшчэ луналі ў снежных бязбрэжжах каля павозак гасцей, дзе, паводле яго выабражэння, госці выкпівалі няўдалы баль. Ён злаваўся на іх за такія кпіны. Злаваўся на ўсіх людзей, на ўвесь свет. Доўга стаяў на ганку.
Пуста на дзядзінцы. Усе як бы павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Астаўся зняслаўлены, асмеяны ўсімі. Пан Вашамірскі вярнуўся ў палац.
У залі, дзе ўночы кіпела жыццё, дзе столькі было бляску і вясёласці, цяпер засталіся руіны. Ён кінуў вокам на тэатральную заслону, на сталы. У залі мітусіліся слугі, прыбіралі пасуду, астаткі яды. Пан, як асцёбаны, пайшоў у свой габінет.
Сеў на мяккую канапу.
Вялікая стомленасць. Цяжка было варухнуцца з месца. Успамінаў усе падрабязгі мінулай ночы ў той чарзе, як яны адбываліся.
Як Салавей выскачыў з залі, не захацеўшы быць панскім салаўём, усе госці разявіліся ад дзіва. Зірнулі на яго, на пана Вашамірскага, такімі вачыма, нібы ён у іх штосьці ўкраў. Поnым пачалі шушукацца і пераміргвацца. Хутка ўсе падняліся з-за стала. Пакрыўдзіліся. А яго маці, пані Вашамірская, абамлела. Яна ўвесь час плача, зрабілася непрытомнай ды ўсё пра Салаўя шэпча. У малельным пакоі моліцца, просіць літасці ў Бога, каб Салавей вярнуўся. Ад яе не адыходзіць ксёндз Марцэвіч.
«Вось рабі людзям дабро! — думаў ён. — Хам заўсёды застаецца хамам. Прыгрэеш змяю на сваіх грудзях, а яна цябе ўкусіць. Ці кепска жылося ў мяне Салаўю? Адарваў яго ад прыгонніцкай працы. Панам жыў у мяне. А вось і аддзякаваў!»
Тупнуў ад злосці нагой.
— Закатую яго... насмерць закатую!
Тры разы пляснуў у далоні.
З'явіўся лёкай, пакланіўся.
— ІІІто яснавяльможны пан прыкажа?
— Салаўя злавілі?
— Не, яснавяльможны пане.
— Вон!
Спалоханы лёкай пакланіўся яшчэ ніжэй і ціха высунуўся з пакоя.
— Вось рабі хаму палёгку! — крыўдзіўся пан невядома каму і паглядзеў на французскую гравюру, што вісела на сцяне супроць яго.
Яму стала горача. Успомніў, што сядзіць у цёплай футры. Скінуў яе з плеч на дыван і зноў ляснуў тры разы ў далоні.
З'явіўся той самы спалоханы лёкай, пакланіўся і з маўклівым запытаннем у вачах зірнуў на пана.
— Футру забяры!
Думкі аб неспагадных людзях і аб яго ўласным надмерным дабры да іх не давалі супакою.
— Чаму я такі добры? Чаму? Зноў утаропіўся ў гравюру.
Яна выяўляла захад сонца ў невядомым стэпе. Па высокаму кавылю носіцца ўскач спалоханы табун дзікіх коней. Недалёка ад іх у густым трысці стаіць леапард, гатовы да нападу.
Пан Вашамірскі раптам забыўся аб сваім незвычайным дабры да прыгонных і давай пільней углядацца ў гравюру. Распушчаныя конскія грывы, доўгія калматыя хвасты, дзіка бліскучьгя вочы, баечныя позы дзікіх коней, якія нібы ў паветры носяцца ўсімі чатырма нагамі над кавылём, захапілі пана сваім першабытным хараством.
Пан Вольскі пацёр вочы і здзіўлена азірнуўся па баках. Незнаёмы, вялізны пакой.

Size